«Нечаканы попыт». У амбасадзе Літвы спынілі выдачу льготных візаў на перапахаваньне паўстанцаў 1863 году 

Падрыхтоўка да перапахаваньня паўстанцаў на могілках Росы
Падрыхтоўка да перапахаваньня паўстанцаў на могілках Росы

Амбасада Літвы ў Беларусі прыпыніла рэгістрацыю на выдачу льготных візаў для наведваньня жалобных імпрэзаў у Вільні, зьвязаных зь перапахаваньнем парэшткаў паўстанцаў 1863 году. Пра гэта гаворыцца на сайце дыппрадстаўніцтва.

Ад пачатку плянавалася, што заяўкі на індывідуальную візу можна будзе падаваць у электронным выглядзе да 5 лістапада ўключна.

Як патлумачылі Свабодзе ў літоўскім кансуляце ў Менску, рашэньне зьвязана з надзвычай высокай актыўнасьцю беларусаў — на гэты момант ужо аформлена больш за 1000 візаў, і колькасьць ахвотных не зьніжаецца. Прадстаўнікі амбасады пакуль ня ведаюць, прыпынена працэдура рэгістрацыі цалкам або ўсё ж будзе адноўленая.

У размове з карэспандэнтам Свабоды супрацоўнікі кансуляту выказалі жаданьне дапамагчы ўсім ахвотным, аднак пры гэтым наракаюць на непрыстасаванасьць да збору такой колькасьці людзей на старых могілках Росы, дзе маюцца перапахаваць паўстанцаў, што вялікая колькасьць людзей там ня зьмесьціцца фізычна.

Асноўныя падзеі, прымеркаваныя да цырымоніі разьвітаньня зь лідэрам паўстанцаў Кастусём Каліноўскім і ягонымі паплечнікамі, прызначаныя на 22 лістапада ў Вільні.

​
XS
SM
MD
LG