Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ня зможа імпартаваць электрычнасьць з краін, дзе працуюць небясьпечныя АЭС


Астравецкая АЭС, жнівень 2019

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў парлямэнту папраўкі ў заканадаўства, паводле якіх Літва ня зможа імпартаваць электраэнэргію з краін, дзе працуюць небясьпечныя атамныя электрастанцыі, піша Delfi.

«Імпарт электраэнэргіі, вырабленай небясьпечным для навакольнага асяродзьдзя спосабам, уяўляе пагрозу нашай нацыянальнай бясьпецы», — сказаў Наўседа.

Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Што ў папраўках?

  1. Магчымасьць ануляваньня дазволаў на імпарт электрычнасьці зь іншых краін, дзе атамныя электрастанцыі прызнаныя небясьпечнымі ад пачатку дзейнасьці. Адмова ў выдачы новых дазволаў.
  2. Дзяржаўная служба рэгуляваньня энэргетыкі зможа прасіць адмысловую камісію праверыць імпартэраў электраэнэргіі. Калі высьветліцца, што яны пагражаюць нацыянальнай бясьпецы краіны, служба зможа адразу спыніць дазволы на імпарт.

У 2017 годзе літоўскі парлямэнт прызнаў БелАЭС небясьпечнай, а таксама назваў яе пагрозай нацыянальнай бясьпецы, навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю Літвы. Літва прыняла закон, які забараняе закупку электрычнасьці зь небясьпечных станцый.

Беларусь ня згодная з тым, што Астравецкая АЭС небясьпечная.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту расейцы ў 2018 годзе запусьцілі Ленінградзкую АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG