Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візы ў Беларусь пачалі даваць празь візавыя цэнтры. Пакуль толькі ў Індыі


© Shutterstock
© Shutterstock

Ад 1 кастрычніка 2019 году грамадзяне шэрагу краінаў змогуць атрымаць візы ў Беларусь празь візавыя цэнтры кампаніі VFS Global у пяці індыйскіх гарадах.

Візавыя цэнтры разьмешчаныя ў Бангалоры, Дэлі, Калькуце, Мумбаі і Чэнаі. Візы даюць на турыстычныя і бізнэсовыя мэты, а таксама прыватныя візыты. Атрымаць візы там могуць ня толькі грамадзяне Індыі, але і іншых краінаў — ад Ліхтэнштэйну да Аўстраліі.

Індыйскае выданьне Businessworld адзначае, што зь Індыі ў Беларусь у апошні час каля 1200 чалавек на год. Да таго адзіным варыянтам для іх быў зварот па візу ў амбасаду.

Ці будуць візавыя цэнтры даваць візы ў Беларусь у іншых краінах, пакуль не паведамляецца. Але амбасадар Беларусі ў Індыі Андрэй Ржэвускі кажа, што пачатак супрацы з VFS Global гэта «важны крок у стратэгіі разьвіцьця турызму з рэгіёну Паўднёвай Азіі».

Візы ў Беларусь патрэбныя для грамадзянаў большай часткі краінаў сьвету. 30-дзённы «бязьвіз» тычыцца грамадзянаў толькі 73 дзяржаваў (у складзе ААН, напрыклад, 193 дзяржавы — без уліку Ватыкану, Косава, Мальтыйскага ордэну, Палестыны і Тайваня).

VFS Global працуе і ў Беларусі — дапамагае атрымаць візы ў Вугоршчыну, Грэцыю, Данію, Літву, Нарвэгію, Польшчу, Славенію, Тайлянд, Харватыю, Украіну і Эстонію.

Што важна ведаць пра беларускі «бязьвіз»

Бязьвізавы ўезд у Беларусь дзейнічае зь лютага 2017 году:

Колькі дзён можна знаходзіцца ў Беларусі бязь візы?

  • Да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету адтуль жа;
  • Да 15 дзён для турыстаў бязьвізавай зоны «Берасьце — Горадня».

«Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.​

Замежнікам, якія зьбіраюцца гасьцяваць у Беларусі больш за 10 працоўных дзён, трэба рэгістравацца ў органе рэгістрацыі (МЗС, або органе ўнутраных спраў) па месцы пражываньня. У гатэлях і санаторыях рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засяленьня, са студзеня 2019 году можна таксама бясплатна зарэгістравацца праз інтэрнэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG