Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці легалізуюць у Беларусі лёгкія наркотыкі


Пікет у Менску ў 2018 годзе.

«Бацькі і дзеці» — перадача, у якой журналісты розных пакаленьняў абмяркоўваюць выклікі часу — што мяняецца, а што застаецца нязьменным.Журналісты Свабоды Юры Дракахруст, Ганна Соўсь і стажоры Свабоды Ян Поклад і Кацярына Яроміч — пра стаўленьне беларусаў да наркаманіі і пра пэрспэктыву легалізацыі лёгкіх наркотыкаў

Сьцісла

  • Соўсь: Наркаманія — хвароба, сур’ёзная залежнасьць, распаўсюд наркотыкаў — злачынства. Праз самаахвярнасьць жанчын руху «Маці 328» часам забываецца ці не акцэнтуецца, за што сядзяць іх дзеці.
  • Яроміч: Некаторыя дасьледаваньні сьведчаць, што алькаголь і тытунь больш шкодныя для здароўя, чым канабіс. Дэкрыміналізацыя не павінная быць поўнай — павінны быць нейкі стрымліваючы мэханізм
  • Поклад: Апошнім часам сусьветная тэндэнцыя — на лібэралізацыю законаў у адносінах да канабісу. Вынікам дэкрыміналізацыі ўсіх наркотыкаў у Партугаліі стаў той факт, што сёньня ўзровень сьмяротнасьці ад наркотыкаў там самы нізкі ў ЭЗ.

Сусьветны трэнд — легалізацыя лёгкіх наркотыкаў​

Дракахруст: Калі ў Беларусі дазволяць лёгкія наркотыкі? Пытаньне здаецца недарэчным. Нацыянальнае антынаркатычнае заканадаўства вельмі жорсткае, многія скардзяцца на несправядлівыя тэрміны паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу. Тым ня менш пытаньне не такое і недарэчнае. Сусьветны трэнд — легалізацыя лёгкіх наркотыкаў. А Беларусь ідзе за многімі сусьветнымі трэндамі, хай сабе часам і хоцькі-няхоцькі. Усё больш краінаў дэкрыміналізуюць ужываньне і распаўсюд лёгкіх наркотыкаў. Ян, вы цікавіліся ўсясьветным досьведам у гэтым пытаньні. І якая дынаміка?

Ян Поклад
Ян Поклад

Поклад: Факт тое, што апошнім часам тэндэнцыя скіраваная на
лібэралізацыю законаў у адносінах да, прынамсі, канабіса. Акрамя
«лэгалайза» у Лацінскай Амэрыцы, Канадзе і некаторых штатах ЗША, той жа Люксэмбург аб’явіў, што зьбіраецца стаць першай эўрапейскай краінай, дзе канабіс будзе цалкам легальным. Таму так, тэндэнцыя відавочная. Ды і паглядзіце — у ЗША сярод кандыдатаў на наступныя выбары ад дэмакратаў — усе, акрамя Байдэна, за легалізацыю канабісу на фэдэральным узроўні. Ды і Байдэн за дэкрыміналізацыю. Чым не паказчык дынамікі?

І гэта ў ЗША, дзе на дзяржаўным узроўні стаўленьне да канабісу амаль заўсёды было кепскім. Нават у Вялікабрытаніі, нягледзячы на тое, што канабіс і зараз застаецца нелегальным, паліцыя ў некаторых графствах мае загад канцэнтравацца на іншых злачынствах, а не на моладзі, якая паліць «касяк» недзе побач з унівэрсытэтам.

Дракахруст: Кацярына, вы жылі і вучыліся і ў Беларусі і за мяжой. Наколькі распаўсюджанае сярод сучаснай моладзі ўжываньне наркотыкаў — лёгкіх і цяжкіх? Ці ёсьць на іх мода?

Кацярына Яроміч
Кацярына Яроміч

Яроміч: Гэта насамрэч вельмі цяжкое пытаньне, таму што ўжываньне наркотыкаў у розных частках Эўропы значна варʼіруецца. Статыстыка сьведчыць, што 6-8% насельніцтва ў Паўночнай і Цэнтральнай Эўропе спажывалі канабіс у апошнім месяцы. А ў Францыі каля 41% насельніцтва спажывалі марыхуану хаця бы раз у сваім жыцьці. Гэта вялізная лічба і відавочна ў гэтым выпадку гэта ня толькі моладзь, хто ўжывае лёгкія наркотыкі. Але наколькі ўжываньне наркотыкаў распаўсюджана ў Беларусі — сказаць складана, таму што ніякай пэўнай статыстыкі няма.

Што датычыцца моды на ўжываньне наркотыкаў, мне здаецца, мода на «гераінавы шык», яккая была ў сярэдзіне 90-х, ужо прайшла. Але, вядома, пэўныя віды наркотыкаў, напрыклад, какаін, асацыююцца ў з раскошай і багацьцем, што спрыяе іх спажываньню.

Беларускія ўлады змагаліся з распаўсюдам наркотыкаў гэтак жа, як з усім астатнім — аўтарытарнымі спосабамі

Дракахруст: Ганна, ці ёсьць зьвесткі пра тое, што нейкая значная доля беларусаў старэйшага ўзросту ўжывае наркотыкі? Ці гэта калі некаму і ўласьціва, то пераважна моладзі? Здаецца, практычна ўсе вядомыя справы па 328-м артыкуле — адносна менавіта маладых людзей.

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Соўсь: Трэба ад пачатку канстатаваць важную рэч: наркаманія — гэта хвароба, гэта сурʼёзная залежнасьць. Гэта прызнана ва ўсім сьвеце. І распаўсюд наркотыкаў — гэта крымінал. Ужываньне — па-рознаму, але распаўсюд — гэта крымінал.

Быў складзены «партрэт» беларускага наркамана — гэта чалавек узросту ад 20 да 40 гадоў. Кіраўнік аддзелу наркакантролю Беларусі назваў лічбу на 2019 год — 88 тысячаў спажыўцоў наркотыкаў. Беларусі было жорстка зьмененае антынаркатычнае заканадаўства і гэта было выклікана ростам колькасьці спажыўцоў наркотыкаў сярод моладзі.

У Беларусі няма мяжы з Расеяй, у Расеі наркотыкі таксама праблема і гэта безумоўна рабіла ўплыў. Беларускія ўлады змагаліся з распаўсюдам наркотыкаў гэтак жа, як змагаюцца з усім астатнім — аўтарытарнымі спосабамі.

Дракахруст: І гэтыя спосабы аказаліся дастаткова эфэктыўнымі. Гаворыцца, што дзяцей, падлеткаў трэба выхоўваць, тлумачыць ім шкоду наркотыкаў, ствараць для іх магчымасьці бавіць вольны час. Гэта калі паўзьдзейнічае ды і грошай вымагае. А страх — гэта моцны мэханізм прадухіленьня.

Соўсь: Гэтыя меры аказаліся ў пэўнай ступені эфэктыўнымі, што да скарачэньня распаўсюду наркотыкаў, але далёка не гуманнымі. І выніку дамагаліся "традыцыйным спосабам".

Лукашэнка на апошняй нарадзе, дзе ён рабіў разнос праваахоўным органам, распавядаў, як фальсыфікуюць справы па 328-м артыкуле, як падкідаюць наркотыкі. Ян казаў пра краіны, якія дэкрыміналізуюць ці легалізуюць наркотыкі. Але гэта ўсё дэмакратычныя краіны ці краіны Лацінскай Амэрыкі, дзе зусім іншая культура ў гэтым пытаньні.

Ні ў адной аўтарытарнай краіне ў сьвеце няма мяккага антынаркатычнага заканадаўства. Ёсьць такія, дзе за гэта пагражае нават сьмяротная кара. Спэцыфіка апошніх гадоў у Беларусі ў тым, што калі зьяўляецца дастаткова шырокі і непалітычны пратэст, то ён можа прынесьці плён. І гэтага дамагліся маці вязьняў па артыкуле 328 — у чэрвені сёлета крыху зьменшылі тэрміны па гэтым артыкуле.

Дракахруст: Ян, вы нарадзіліся і вучыліся ў школе ў Літве, а цяпер навучаецеся ва ўнівэрсытэце ў Вялікай Брытаніі. Наколькі моцны ў Літве рух за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў, хто гэта лабіруе?

Поклад: Дакладна не скажу пра лабізм — не ўпэўнены, што ён ёсьць. На мой погляд — няма нават адпаведнага грамадзкага дыскурсу. Літва — кансэрватыўная краіна, якая, дарэчы, мае вельмі вялікія праблемы з зусім нават і легальным алькаголем. Год таму дазволілі мэдычную марыхуану. Ёсьць былая дэпутатка Сэйму, якая падтрымлівала магчымасьць правесьці легалізацыю.

Дракахруст: Кацярына, а ў Чэхіі, дзе вучыцеся вы, якая сытуацыя?

Яроміч: Нельга сказаць, што зараз у Чэхіі існуе рух за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў, таму што яны ўжо дастаткова дэкрыміналізаваныя. У статыстычным дасьледаваньні Эўрабарометру адзначаецца, што палова насельніцтва лічыць, што канабіс павінен быць рэгуляваны (толькі ў Нідэрляндах такое меркаваньне маюць больш людзей — 52%), 33% — павінен быць забаронены і 9% — што не павінен быць рэгуляваны наагул.

Дракахруст: Ганна, на ваш погляд, наколькі беларускае грамадзтва лічыць непрымальным ужываньне наркотыкаў? Жорсткае заканадаўства на гэты конт — яно адлюстроўвае масавыя грамадзкія настроі?

Соўсь: Я хацела працытаваць допіс у ФБ Зьмітра Дашкевіча. Ён напісаў, што можа яго закідаюць камянямі за яго меркаваньне, але яго дзівіць, чаму ў СМІ і сацсетках пра людзей, якія сядзяць па артыкуле 328 пішуць ледзь не як пра палітвязьняў. Дашкевіч піша, што пакараньне там сапраўды неапраўдана жорсткае. Але, паводле яго, павінная быць крыху іншая танальнасьць выказваньня пра гэтых людзей.

Маці з руху «Маці-328» — вельмі самаахвярныя людзі, зараз усё іх жыцьцё прысьвечанае, каб іх дзеці выйшлі на волю, каб гэтыя жахлівыя тэрміны, якія яны сядзяць, былі зьменшаныя.

Акцыя руху "Маці-328", Менск, 30 траўня 2019
Акцыя руху "Маці-328", Менск, 30 траўня 2019

Праз самаахвярнасьць гэтых жанчын сапраўды часам забываецца ці не акцэнтуецца, за што сядзяць іх дзеці. Так, яны былі пешкамі, яны ніякія не наркабароны, але да распаўсюду наркотыкаў яны дачыненьне мелі.

Дракахруст: Можа крамольнае пытаньне — а чаму не ідзе размова пра легалізацыю любых наркотыкаў? У рэшце рэшт справа ж у традыцыі: алькаголь, тытунь — таксама выклікаюць прызвычайваньне, залежнасьць, і шкодзяць здароўю. Але іх ужываньне грамадзтва прымае. Можа і наркотыкі прыме? Маўляў, хай чалавек сам вырашае — псаваць яму сваё здароўе дзеля асалоды ці не?

Яроміч: Мне здаецца, што пра легалізацыю цяжкіх сынтэтычных наркотыкаў, якія адназначна шкодзяць здароўю ў вялізарнай ступені, няма сэнсу казаць. Але спрэчкі ідуць пра легалізацыю расьлінных наркотыкаў, такіх як канабіс, які даказаў сваю эфэктыўнасьць у лячэньні шэрагу станаў, такіх як цаглічны боль пры склерозе, млоснасьць, выкліканая хіміятэрапіяй, хранічная боль у дарослых і іншае.

Але ёсьць і адмоўны бок — гэты наркотык дрэнна адбіваецца на памяці і ўважлівасьці. Аднак некаторыя дасьледаваньні сьведчаць, што алькаголь і тытунь больш шкодныя для здароўя. Ёсьць імавернасьць, што і беларускае грамадзтва калісьці пойдзе ўсьлед досьведу эўрапейскіх краін. Я зараз прыгадала, як адзін мой галяндзкі знаёмы выказаў вельмі дзіўнае меркаваньне: «Уладзе не патрэбны шчасьлівы народ, таму марыхуана і забароненая».

У Партугаліі дэкрыміналізаваныя ўсе віды наркотыкаў — у тым ліку і гераін

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Легалізацыя лёгкіх наркотыкаў — якія наступствы гэта можа мець адносна ўжываньня больш цяжкіх наркотыкаў? Іх спажываньне зьменшыцца, бо ёсьць менш небясьпечная замена, ці наадварот — павялічыцца, калі ўжываньне нейкіх наркотыкаў дазволенае, то сьціраецца псыхалягічная мяжа: калі можна (а раней было забаронена) марыхуану, то чаму нельга, напрыклад, гераін?

Поклад: А ці зараз псыхалягічная мяжа ёсьць? Калі чалавек парушае закон і ўжывае лёгкія наркотыкі, то што ў гэтым пляне зьменіцца, калі ён вырашыць пайсьці на нешта цяжэйшае? Вопыт Нідэрляндаў наогул паказвае зусім супрацьлеглае — той жа гераін там не мае асаблівай папулярнасьці. У Нямеччыне і ў Нідэрляндах людзям з гераінавай залежнасьцю ўсё ж такі дапамагаюць, а не лічаць злачынцамі.

У Партугаліі дэкрыміналізаваныя ўсе віды наркотыкаў — у тым ліку і гераін. Чаму так? Ну, раней там дзейнічалі дастаткова жорсткія законы па барацьбе з наркаманіяй — 1% насельніцтва ўсёй краіны сядзеў на гераіне ў 90-е і ў пачатку нулявых. Як вы разумееце, гэта паспрыяла таму, што ў краіне пагоршылася і статыстыка па ВІЧ. Калі зусім каротка — вынікам дэкрыміналізацыі і замяшчальнай тэрапіі стала тое, што сёньня ў краіне ўзровень сьмяротнасьці ад наркотыкаў самы нізкі ў Эўразьвязе — тры чалавека на мільён ці 30 чалавек у год.

Зь ВІЧ тое самае — было каля тысячы выпадкаў заражэньня за 2001 год, а зараз іх колькасьць не даходзіць і да ста. Агульная колькасьць гераінавых наркаманаў зьнізілася на 80 тысяч чалавек. Падобная гісторыя, дарэчы, і ў Швэйцарыі. Мне здаецца, што пры легалізацыі лёгкіх наркотыкаў людзі наадварот могуць пачаць менш ці больш адказна іх ужываць, як б парадаксальна гэта не гучала — у ЗША менавіта так і было. Ужо праводзіліся дасьледаваньня ў ЗША, дзе цалкам легалізавалі марыхуану і сярод падлеткаў яе ўжываньне зьнізілася.

Трэба разумець, што большасьць людзей усё ж такі думае рацыянальна — а калі і не думае, то мае вялікі страх за сваё жыцьцё. Наўрад ці шмат хто сярод больш ці менш здаровых людзей пачне ўжываць цяжкія наркотыкі (размова ідзе пра апіоіды) — калі чалавек рашаецца на такое, то мне здаецца там ужо і так сур’ёзныя праблемы і такім людзям трэба дапамагаць, а не шукаць магчымасьць іх пакараць.

Яроміч: Дасьледаваньні яшчэ не выявілі прамой сувязі паміж спажываньнем лёгкіх наркотыкаў і пераходу зь на цяжкія — некаторыя пераходзяць, некаторыя не. Але маё ўражаньне, што сапраўды ў такіх краінах, як Нідэрлянды ці Чэхія, больш людзей спрабуюць цяжкія наркотыкі. Таму мне здаецца, што дэкрыміналізацыя не павінная быць поўнай — павінны быць нейкі стрымліваючы мэханізм.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG