Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмеркавалі магчымасьць легалізацыі марыхуаны


На восеньскай сэсіі парлямэнту плянуецца ўнесьці ўдакладненьні ў артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за наркотыкі. У Менску ў адкрытай прасторы «Комната 3/0/2» у выходныя сабраліся грамадзкія актывісты руху Legalize Belarus і прадстаўнікі руху «Маці 328», каб пагутарыць пра неабходнасьць зьменаў у заканадаўстве і мажлівасьць дэкрыміналізацыі і легалізацыі марыхуаны ў Беларусі.

Абмеркаваньне пачалося з выступаў, якія тлумачылі, што нельга адназначна адмоўна ставіцца да канабісу, разглядаючы яго толькі з аднаго боку — як наркотык.

Вядома, што марыхуана выкарыстоўваецца ў прамысловасьці і, у некаторых краінах, у мэдычных мэтах. Яна дапамагае пры глаўкоме, астме, розных псыхалягічных захворваньнях, а таксама, як сьцьвярджаюць навукоўцы, замінае размнажэньню ракавых клетак. У Ізраілі афіцыйна дазволена выкарыстаньне канабісу ў медычных мэтах. Зусім нядаўна да такога ж рашэньня прыйшла і Польшча. А ў Чэхіі на вас не завядуць крымінальную справу, калі пры сабе вы будзеце мець да 10 грамаў марыхуаны для асабістага карыстаньня. «Пра краіны, дзе да марыхуаны ставяцца больш ляяльна, чым у Беларусі, можна расказваць доўга. Важна, каб людзі зразумелі, што „траўка“ — гэта не суцэльнае зло і шкода», — падкрэсьлівалі прамоўцы.

Стас Шашок. Фота Ўладзіслава Барысевіча
Стас Шашок. Фота Ўладзіслава Барысевіча

— Самае несправядлівае, што ў Беларусі вас могуць пасадзіць за захоўваньне невялікай колькасьці марыхуаны, — кажа актывіст руху Legalize Belarus і выпускнік юрфаку Стас Шашок. — То бок няма ніякага разьмежаваньня па грамах. Нават за 0,1 грам вас закрыюць. Гэта па-першае. Ну, а па-другое, у нас няма і разьмежаваньня па цяжкасьці наркотыку. Ці гэта марыхуана, ці гераін альбо яшчэ што — для нашага заканадаўства ўсё адно. Гэта трэба зьмяняць, дамагацца дэкрыміналізацыі. Усім, канешне, зразумела, што наўрад ці найбліжэйшым часам Беларусь чакае легалізацыя, але ўвогуле замоўчваць гэтую тэму і не гаварыць пра яе нельга, бо літаральна ў гэты час каля 12 тысяч чалавек знаходзяцца за кратамі па артыкуле 328. А гэта складае амаль траціну ад усіх пакараных у Беларусі,

Удзельнікі дыскусіі. Фота Ўладзіслава Барысевіча
Удзельнікі дыскусіі. Фота Ўладзіслава Барысевіча

Рух «Маці 328» быў створаны некалькімі жанчынамі, дзеці якіх асуджаныя па артыкуле 328. Яны ходзяць на спатканьні са сваімі дзецьмі ў турму і не перастаюць змагацца за іх.

Сьвятлана Дабравольская. Фота Ўладзіслава Барысевіча
Сьвятлана Дабравольская. Фота Ўладзіслава Барысевіча

Сьвятлана Дабравольская зь Менску, 16-гадовага сына якой асудзілі на 8 гадоў, расказала, што «Маці 328» зьвярталіся ў Адміністрацыю прэзыдэнта і атрымалі станоўчы адказ.

— Нам далі згоду на тое, каб да нашых дзяцей, асуджаных па артыкуле 328, ужывалася амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. У лістападзе пройдзе парлямэнцкая сэсія, падчас якой будзе абмяркоўвацца новы законапраект па артыкуле 328. У ім будзе падзел па грамах і па тэрмінах. Мы вельмі спадзяемся на гэта, — падзялілася жанчына.

Выступоўцы. Фота Ўладзіслава Барысевіча
Выступоўцы. Фота Ўладзіслава Барысевіча

Натальля Ляўхіна, адзіны сын якой таксама пакараны, кажа, што такіх бацькоў, чыіх дзяцей асудзілі па чацьвёртай частцы артыкулу 328, шмат.

— Я ўжо чатыры гады хаджу на спатканьні да сына ў турму. Нас такіх шмат, і ўсе мы чакаем падтрымкі, а нас сустракаюць паўсюль са злосьцю і нянавісьцю. Сябры і родныя адварочваюцца, бо мы бацькі злачынцаў. Ёсьць нават маці, у якіх дзецям далі па дзесяць, па чатырнаццаць гадоў. Адкуль такія жорсткія тэрміны? Што будзе з гэтымі хлопцамі, калі яны выйдуць на волю? Яны ж будуць цалкам дэзарыентаваныя ў жыцьці.

Удзельнік дыскусіі - Вячка Касінер. Фота Ўладзіслава Барысевіча
Удзельнік дыскусіі - Вячка Касінер. Фота Ўладзіслава Барысевіча

Дзьве гадзіны прайшлі ў дыскусіях і абмеркаваньнях неабходнасьці і верагоднасьці легалізацыі ў Беларусі. Напрыканцы сустрэчы адзін з арганізатараў Пятро Маркелаў запэўніў аўдыторыю, што падобныя канфэрэнцыі і сустрэчы будуць праводзіцца і надалей. На іх плянуецца запрашаць розных спэцыялістаў, у тым ліку і дактароў.

Удзельнікі дыскусіі. Фота Ўладзіслава Барысевіча
Удзельнікі дыскусіі. Фота Ўладзіслава Барысевіча

Паводле дадзеных Інстытуту сацыялёгіі АН Беларусі, за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў выказваецца ў Беларусі 3.7% апытанай моладзі ва ўзросьце ад 14 да 35 гадоў. Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі лічыць, што «легалізацыя марыхуаны ня будзе спрыяць аздараўленьню дэмаграфічнай сытуацыі, нэгатыўна адаб’ецца на здароўі моладзі і можа пацягнуць за сабой павелічэньне колькасьці нарказалежных у краіне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG