Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За продаж марыхуаны на 50 рублёў 17-гадоваму берасьцейцу прысудзілі 8 год калёніі


Ілюстрацыйнае фота

Суд Ленінскага раёну Берасьця 19 лютага прысудзіў 17-гадоваму жыхару гораду 8 год пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі за незаконны абарот наркатычных сродкаў, піша БелаПАН.

Паводле праваахоўнікаў, летась 5 кастрычніка хлопец прадаў на вуліцы 0,54 грама марыхуаны за 30 рублёў, а 9 кастрычніка — яшчэ 1,49 грама за 20 рублёў. Пасьля другога продажу яго затрымалі. Паведамляецца, што ён нідзе не працуе і ня вучыцца, у 2017 годзе скончыў сярэднюю школу.

Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны. Юнак прызнаў віну толькі часткова: пацьвердзіў адзін факт збыту марыхуаны, але заявіў, што ня меў карысьлівага матыву — ня думаў, што грошы былі платай за наркотык.

Разам з прадаўцом крымінальныя справы распачалі таксама супраць пакупнікоў, адзін зь іх ужо асуджаны за набыцьцё і захоўваньне наркотыкаў.

За такое магло быць да 15 год турмы. Але пакараньні могуць зьмякчыць

Цяпер у Беларусі артыкул 328 КК РБ прадугледжвае да 5 год турмы за незаконны выраб і захоўваньне наркотыкаў бяз мэты продажу, да 8 год з магчымай канфіскацыяй за выраб або захоўваньне з мэтай продажу і ўласна за продаж, ад 8 да 15 год за тое самае, учыненае паўторна, групай асобаў або службовай асобай.

Міністэрства ўнутраных спраў цяпер разглядае дэкрыміналізацыю некаторых злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі (у прыватнасьці, захоўваньня бяз мэты продажу) і зьмякчэньне пакараньняў па некаторых складах злачынстваў. Зьмякчэньне можа адбыцца ўжо ў 2018 годзе.

Пакуль жа за кратамі звыш 4 тысяч чалавек (у тым ліку 92 непаўналетнія), якія захоўвалі і распаўсюджвалі наркотыкі. Аляксандар Лукашэнка 27 лютага заклікаў змагацца ня проста з наркаманамі, а з «галоўнымі злачынцамі» — тымі, хто «партыямі пастаўляе гэтую наркату ў Беларусь». Ён падкрэсьліў, што калі турбавацца толькі пра лічбы, то ня можа быць гаворкі аб ліквідацыі каналаў паставак наркотыкаў.

Легалізацыя марыхуаны для МУС была «не актуальная» (ці ўжо актуальная?)

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў канцы мінулага году заяўляла, што «на дадзеным этапе пытаньне легалізацыі канапель (марыхуаны) ня ёсьць актуальным і апраўданым з пункту гледжаньня бясьпекі здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Як піша Onliner.by, прадстаўнік МУС Андрэй Саладоўнікаў 27 лютага заявіў, што Беларусь — «адзіная краіна ў сьвеце», якая прызначае правільныя пакараньні за наркотыкі. Але выказаў асабістую думку пра дазвол марыхуаны: «Калі [марыхуана] дазваляецца паводле мэдыцынскіх паказаньняў, то так, а калі не, то ніякіх наркотыкаў быць не павінна».

У шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку суседняй Польшчы, дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Дзе-нідзе, як то ў Грузіі, дазволена ўжываць і захоўваць малыя дозы марыхуаны.

Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага), марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на цяжэйшыя наркотыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG