Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Беларусі адказала на пэтыцыю пра легалізацыю марыхуаны


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі дала афіцыйны адказ (DOC) на пэтыцыю з сайту petitions.by, у якой больш за 4600 карыстальнікаў прасілі легалізаваць і дэкрыміналізаваць вырошчваньне, захаваньне і ўжываньне (але не распаўсюд) марыхуаны ў невялікіх колькасьцях.

«На дадзеным этапе пытаньне легалізацыі канопляў (марыхуаны) ня ёсьць актуальным і апраўданым з пункту гледжаньня бясьпекі здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь», – каротка гаворыцца ў адказе начальніка галоўнага ўпраўленьня МУС Генадзя Казакевіча.

У адказе апісваецца толькі цяперашні стан заканадаўства, ніякіх аргумэнтаў за ці супраць дэкрыміналізацыі не прыводзіцца.

Аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што ў Беларусі на ўтрыманьне асуджаных за ўжываньне ці захаваньне канопляў траціцца 6 млн даляраў на год, а саджаюць іх на 8–15 гадоў.

«Хай лепш гэтыя людзі будуць жыць з роднымі, працаваць і плаціць падаткі ў казну! — гаворыцца ў пэтыцыі. — Бо ў большасьці сваёй, гэта ўсё маладыя людзі».

На думку аўтараў пэтыцыі, легалізацыя і дэкрыміналізацыя марыхуаны ў Беларусі таксама дазволіць «разгрузіць судовую сыстэму», зьнізіць рызыкі спажываньня няякаснай марыхуаны, «нанясе ўдар па арганізаванай злачыннасьці».

У Беларусі марыхуана лічыцца наркатычным сродкам, але ў шэрагу краінаў сьвету дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна сапраўды можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага) марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне сапраўды мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на больш цяжкія наркотыкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG