Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сабралі звыш 4000 подпісаў за адмену пакараньня за марыхуану


Ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitions.by беларусы актыўна падпісваюцца за легалізацыю і дэкрыміналізацыю марыхуаны (канабісу) — на момант публікацыі, за два тыдні збору, набралася 4455 подпісаў.

Прапануецца скасаваць пакараньне за захаваньне, вырошчваньне ці ўжываньне марыхуаны ў невялікіх колькасьцях, але пра легалізацыю масавага продажу «траўкі» ў пэтыцыі не гаворыцца.

Аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што ў Беларусі на ўтрыманьне асуджаных за ўжываньне ці захаваньне канопляў траціцца 6 млн даляраў на год, а саджаюць іх на 8–15 гадоў.

«Хай лепш гэтыя людзі будуць жыць з роднымі, працаваць і плаціць падаткі ў казну! — гаворыцца ў пэтыцыі. — Бо ў большасьці сваёй, гэта ўсё маладыя людзі».

На думку аўтараў пэтыцыі, легалізацыя і дэкрыміналізацыя марыхуаны ў Беларусі таксама дазволіць «разгрузіць судовую сыстэму», зьнізіць рызыкі спажываньня няякаснай марыхуаны, «нанясе ўдар па арганізаванай злачыннасьці».

У Беларусі марыхуана лічыцца наркатычным сродкам, але ў шэрагу краінаў сьвету дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна сапраўды можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага) марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне сапраўды мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на больш цяжкія наркотыкі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG