Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу выратаваць свайго брата» — брат Кліма Малажавага распавядае, як музыку пасадзілі на 9 год за «траву»


«Гэта мой брат родны, я яго люблю, — Яўген Малажавы, брат Кліма Малажавага, лідэра гурту Botanic Рroject, асуджанага на 9 гадоў калёніі за гашыш і марыхуану, ня можа паверыць, што за такое могуць пасадзіць, як за забойства.

14 лютага 2017 году Менскі абласны суд пакінуў прысуд суду ніжэйшай інстанцыі бязь зьменаў. Адвакат музыкі ў залі суду казаў, што прысуд грунтуецца «на меркаваньнях». Паводле яго:

— Малажавага асудзілі на падставе паказаньняў аднаго чалавека (вядомага музыкі К.). Пры затрыманьні ў прысутнасьці панятых і пры першых допытах К. паказаў, што знайшоў пакунак з гашышам на запраўцы. На Малажавага ён стаў паказваць толькі падчас сьледзтва.

— Сьледзтва не даказала перадачу грошай.

— Сьледзтва сьцьвярджае, што перадача гашышу адбылася а 13 гадзіне. Тэлефонныя размовы Малажавага, якія праслухоўваліся яшчэ да затрыманьня, фіксуюць, што ў 12.53 К. патэлефанаваў Малажаваму, паведаміў, што яны ў Маладэчне, і спытаў, дзе можна паесьці.

— На пакунках гашышу і марыхуаны, якія знайшлі дома ў Малажавага, былі адбіткі ягоных пальцаў. На пакунку, які знайшлі ў К., нічога няма.

— Сьведкі, якія праходзілі па справе, зьмянілі свае паказаньні на карысьць Малажавага ў залі суду.

— Пракурор палічыў, што намер Малажавага на збыт пацьвярджае наяўнасьць у яго дома значнай колькасьці наркатычных рэчываў у рознай расфасоўцы.

32-гадовага музыку з Маладэчна Кліма Малажавага затрымалі 27 ліпеня ў Маладэчне разам з дызайнэрам гурту С. 12 сьнежня суд асудзіў Кліма да 9 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за незаконнае абарачэньне наркотыкаў.

Я ня ведаю, з чаго пачаць. Я не жыву з братам. Жыву ў Менску. Раз на тыдзень прыяжджаю ў Маладэчна. Мне мой сябар С., які разам зь ім быў, пазваніў і сказаў, што затрымалі Кліма і што адбылося.

К. (вядомы беларускі музыка. — РС) затрымалі на выезьдзе з Маладэчна ў вёсцы Крыніца. Усе пішуць, што іх разам затрымалі, але гэта няпраўда. К. затрымалі гадзіны на тры-чатыры раней. Зь ім у машыне быў іншы музыка, зь Нямеччыны, таксама нейкі круты клявішнік. Яго на судзе пасьля не было.

У К. знайшлі каля 4,5 грама гашышу, загорнутага ў фольгу. Ён спачатку пры панятых сказаў, што знайшоў яго на запраўцы. А калі зь ім сталі размаўляць «супрацоўнікі», памяняў паказаньні. Камунікацыя ў нашых супрацоўнікаў «ласкавая».

На судзе К. паказвае, што а гадзіне дня Клім яму перадаў рэчыва бяз грошай у залік пазыкі ў 50 даляраў. Сьледзтва вызначыла, што сабекошт гашышу ў Менску — ад 30 даляраў за грам. 5 грам — гэта 150 даляраў. Які барыга будзе прадаваць сабе на страту? Як такое можа быць?

Наколькі я разумею, на К. ціснулі. Я зь ім не камунікую, ня ведаю яго. Ведаю, што яны з Клімам гралі разам у групе, стасункі ў іх былі нармальныя. На іншых сьведак сьледзтва, думаю, таксама ціснула. Яны на судзе адмовіліся ад паказаньняў, сказалі, што быў ціск.

Іншых доказаў, якія ставяцца ў віну майму брату, не было.

Кліма затрымалі ня дома. Ён паехаў да сваёй знаёмай на вуліцу Полацкую на шашлыкі. Мыў басэйн, нешта такое, пасьля туды прыехаў С. Яны толькі пачалі нешта смажыць і піва піць. Клім толькі сказаў: «О, мусора», а яны ўлятаюць, павалілі, заламілі рукі, мордай у падлогу. Але ня білі. Разьвялі па розных месцах і кожнаму казалі: «Ты кажы на гэтага, ты кажы на таго». Там знайшлі 0,032 грама травы. Проста ў каробачцы на вэрандзе ляжала. У руках і кішэнях нічога не было ў іх.

Расфасоўка даказаная не была, бо яны ў ходзе сьледзтва не давялі, што з адной фольгі адразалася (знойдзенае дома ў Малажавага і ў К. — РС). Сьледзтва вызначыла, што ў красавіку Клім купіў 38 грам. І да канца ліпеня ў яго засталося 32 грамы, якія знайшлі ў яго дома. Проста ў пакеце розныя кавалкі недзе па пяць грамаў. Гэта такі барыга, што за 4 месяцы збыў 5 грам? Шаляў дома няма, прыкметаў расфасоўкі няма, але ўсё адно лічаць як распаўсюд.

Тэлефоны слухалі Кліма, і ўсю групу (Botanic Project — РС.). Зь якога моманту — ня ведаю. Яны (сьледзтва. — РС) па-рознаму кажуць: то паўгода, то тры месяцы. Але па тэлефонных размовах зразумела, што ня больш за месяц. Першы званок быў паміж мной і Клімам 30 чэрвеня. Проста размова.

Ня ведаю, сачылі за ім ці не. Але шмат хто казаў, што каля пад’езду круцяцца дзіўныя людзі. Ведалі, што курыць чалавек, хутчэй за ўсё. Было за што закрыць. Яны расплянавалі, меркавалі, што так будзе, і ўсё адно можна націснуць.

У яго ніводнага прыводу, нават адміністрацыйнага правапарушэньня. Ёсьць жа людзі, якія прашараныя, былі ў гэтай сытуацыі, у іх досьвед, ведаюць, як сябе паводзіць. А Клім — рэгі-выканаўца, таўстунок, як кураня там...

Падчас сьледзтва ідзе яўнае запалохваньне. Не спрабуюць праўду даведацца ці дапамагчы, а кажуць, што сказаць, бо так прасьцей сьледзтву. Ёсьць ахвярны казёл, якога трэба было пасадзіць, — у гэтай ролі выступіў Клім.

Мне здаецца, што калі такое адбываецца, то трэба маўчаць. На судзе Клім заявіў, што ціснулі на яго. Кажуць: «абмяжуем цябе ў перадачках, ты будзеш сядзець пусты». А што такое «пусты» ў турме? Гэта ж... Цяпер ня б’юць, проста зьдзекуюцца. А калі няма матэрыяльнай дапамогі з волі, каб хаця б мыла купіць, ты звар’яцееш там.

Клім хворы чалавек. Ён стаяў на ўліку ў псыханэўралягічным дыспансэры ў Маладэчне. Яму выпісвалі моцныя псыхатропныя лекі па рэцэпце, ён назіраўся ў доктара. У яго вэгетасудзінная дыстанія, рэзкія перапады ціску. У кагосьці гэтая праблема моцна разьвіваецца, у кагосьці не. У Кліма яна разьвілася. У цывілізаваных краінах у такім выпадку выпісваюць мэдычную марыхуану. Пры хваробе Паркінсона выпісваюць марыхуану, і хворыя перастаюць трэсьціся. Гэта навуковы факт. Цалкам можа быць, што яму марыхуана дапамагала ад хваробы.

Ён не адмаўляецца, што курыў. Сам кажа: я куру, я наркаман, але чаму я мушу сядзець 9 год? 9 год даюць за забойства. Ён у апошнім слове сказаў, што прачытаў, як два корашы выпілі гарэлачкі, пасядзелі, не падзялілі нешта, чык-пык, адзін другога зарэзаў-расчляніў, закапаў у двух розных месцах — 10 год! Неяк несувымерна, калі чалавека на паклёп іншага чалавека ў нашай краіне можна пасадзіць, як за забойства. Гэта ж траўка, вы вар’яты ці што?

Бацьку вельмі кепска. Мама ўвогуле ледзьве жывая. Яны ў Канадзе. Бацька дальнабойнік, кіроўца трака. Маці працуе ў краме. Звычайнае эмігранцкае жыцьцё. Кватэра — крэдыт, машына — крэдыт, трак — крэдыт. Адзін прыезд сюды — гэта 2,5 тысячы даляраў. Лепш Кліму гэтыя грошы аддаць. На турме чалавека калі ты не «падаграеш», гэта вельмі кепска.

Я жыў у Канадзе, мне не спадабалася. Там, усё па-іншаму. Клім таксама там жыў. Ён падчас сьледзтва кажа, што ў Канадзе легальна купляў марыхуану. Кажа, што заходняга ладу жыцьця чалавек, рэгі-выканаўца, і ніколі не падазраваў, што так усё можа быць.

У Канадзе легалізавалі марыхуану па ўсёй краіне. Як у Галяндыі, у іх будуць «кавашопы» — ты можаш прыйсьці і купіць сабе травы, там яе выпісваюць у лекавых мэтах.

Я на днях чытаў пра маці, якія па 328 («Мацярынскі рух 328» — грамадзкі рух мацярок, чые дзеці абвінавачваюцца па 328-м артыкуле). Дык чаму такія тэрміны даюць вялікія? Калі перадаеш з рук у рукі, гэта ўжо кваліфікуецца як распаўсюд. Для іх ня мае значэньня, ты частуеш ці за грошы прадаеш. Такое заканадаўства. Таму міліцыя робіць так, каб ты сказаў: «я частаваў». Гэта роўна таму, што ты распаўсюджваеш.

Я так разумею, што ў любой прававой дзяржаве справа Кліма рассыпалася б. Крымінальны кодэкс патрабуе дакладнасьці. Напісана ў справе, што Клім перадаў К. а гадзіне дня. Але гэта было немагчыма па званках, якія пракурор чамусьці не хацеў заслухоўваць. У размове ў 12.53 К. кажа: «Мы толькі прыехалі ў цэнтар, хочам паесьці». А яны ехалі са Смаргоні, вырашылі спыніцца, як я разумею, у Кліма. Клім яму кажа: «Можна паесьці ў «Мезаніне» ці ў «Піца Тэмпа». Гэта яшчэ гадзіну яны недзе ядуць, і пасьля прыяжджаюць.

Ты ж маеш ілюзію, што наш суд самы гуманны і сумленны ў сьвеце. Мне было вельмі цікава, як гэта, бо я ўпершыню быў на судзе. Сядзіць судзьдзя, а па баках дзьве цёткі-ківалы з гнёздамі на галаве. Яны зь нейкіх прадпрыемстваў, атрымліваюць стаўку. Цікавая праца. Я нібыта таксама магу там пасядзець. Яны проста сядзяць і ківаюць, нічога ня робяць. Судзьдзя маладая, як я. Сьледчы малады, 26 год.

Не зразумела, за што 9 год. Але калі вы так караеце чалавека, то ў цябе павінна быць поўная база: шалі, расфасоўка, тэлефон, інтэрнэт, адбіткі, ДНК. Усё павінна быць, чаго патрабуе заканадаўства. А яны спасылаюцца на палажэньне Саўміну і дэкрэт № 6 «цара».

Я не пішу законаў, і я ня ведаю, хто іх піша. Але калі вы пішаце такія законы, то павінна быць канкрэтна. Чамусьці ў нашай краіне па гэтым артыкуле садзяць на падставе паклёпу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG