Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Нацбанку Кіргізстану прапанаваў легалізаваць марыхуану, каб прыцягнуць турыстаў


Кіраўнік Нацыянальнага банку Кіргізстану Талкунбек Абдыгулаў падчас пасяджэньня, дзе абмяркоўвалася стратэгія нацыянальнага разьвіцьця, жартам прапанаваў легалізаваць марыхуану ў краіне, каб прыцягнуць турыстаў, паведамляе «АКИргеѕѕ».

Чыноўнікі абмяркоўвалі праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага разьвіцьця — праграма разьлічана да 2040 году. Кіраўнік Нацбанку абрынуўся на прапановы прадстаўнікоў турыстычнай галіны.

Абдыгулаў нагадаў апанэнтам, што грамадзяне краіны цяпер часьцей езьдзяць у Турэччыну чым на галоўны нацыянальны курорт — возера Ісык-Куль.

«Квіток у Стамбул і назад — 300 даляраў, шэсьць-сем дзён пражываньня плюс харчаваньне. З кім вы забіраецеся там канкураваць?», — спытаўся чыноўнік.

Ён адзначыў, што ў праекце разьвіцьця турызму ў Кыргызстане няма «фішкі» і параіў, «як зрабіць турыстычны рай».

Увесь СНД будзе, месцаў ні ў гатэлях, нідзе не застанецца

«Калі вы неалібэралісты такія, дык прыдумайце фішкі. Я ведаю, як прывесьці сюды ўсіх турыстаў — легалізуйте марыхуану. Усе. Нічога ня трэба рабіць, у вас турысты будуць пачкамі. Увесь СНД будзе, месцаў ні ў гатэлях, нідзе не застанецца. Вось гэта — фішка», — сказаў кіраўнік Нацбанку.

Агенцтва «АКИргеѕѕ» адзначае, што на тэрыторыі Кіргізстану ёсьць некалькі зон зь дзікарослымі каноплямі. Штогод каноплі спрабуюць зьнішчыць.

У Кіргізстане марыхуана ўваходзіць у пералік наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, якія падлягаюць кантролю. За незаконны выраб, набыцьцё, захоўваньне, перавозку і перасылку наркотыкаў бяз мэты збыту прадугледжана крымінальная адказнасьць — ажно да 10 гадоў пазбаўленьня волі, з мэтай збыту — да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG