Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня. Кожны соты беларус ужывае наркотыкі


У Беларусі ня меней 88 500 спажыўцоў наркотыкаў, перадае «Інтэрфакс» заяву начальніка ўпраўленьня наркакантролю МУС РБ Генадзя Казакевіча. Пры насельніцтве Беларусі ў 9,475 млн гэта 0,93%.

​Гэтая лічба прыблізная, бо ня ўсе наркаманы зьвяртаюцца па мэдычную дапамогу. Вядома, што ў 2016 годзе на ўліку было 14 500 наркаманаў.

Пры гэтым да спажыўцоў наркотыкаў у МУС адносяць і тых, хто мае залежнасьць ад цяжкіх наркотыкаў, і тых, хто ўжывае забароненыя рэчывы накшталт марыхуаны і гашышу — а гэта, паводле Казакевіча, да 80% рынку наркотыкаў у Беларусі.

У Беларусі караюць і прадаўцоў, і спажыўцоў наркотыкаў. Артыкул 328 КК РБ прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў за захоўваньне наркотыкаў бяз мэты збыту, да 8 гадоў — з мэтай збыту, да 15 гадоў — за буйныя партыі наркотыкаў.

МУС выступае ня толькі супраць дэкрыміналізацыі ўжываньня лёгкіх наркотыкаў, але нават супраць зьмяншэньня мінімальных пакараньняў паводле «наркатычнага» артыкулу.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG