Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз сувязяў не абышлося. «Маці 328» пра вызваленьне асуджанага па «справе сямнаццаці» супрацоўніка КДБ


Ігар Карыцкі і Дзьмітры Вераценскі ў судзе, сакавік 2016-га
Ігар Карыцкі і Дзьмітры Вераценскі ў судзе, сакавік 2016-га

Свабода высьвятляла, ці вызваляюць умоўна-датэрмінова тых, хто асуджаны за наркотыкі, як гэта, верагодна, сталася з былым супрацоўнікам КДБ Ігарам Карыцкім.

Паводле інфармацыі Tut.by, выйшаў на волю былы фігурант «справы сямнаццаці» (незаконная сетка распаўсюду псыхатропаў), былы супрацоўнік КДБ Ігар Карыцкі, які ў 2016 годзе быў асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня, а з улікам часу, праведзенага ў сьледчым ізалятары, адбыў палову тэрміну.

Як устанавіў суд, Ігар Карыцкі і ягоны калега па КДБ Дзьмітры Верацінскі спрыялі гэтаму незаконнаму бізнэсу. Крыніцы не выключаюць, што Верацінскі, які атрымаў 9 гадоў зьняволеньня, таксама ўжо на «хатняй хіміі», як і Карыцкі.

Праваахоўныя органы не камэнтуюць

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС карэспандэнту Свабоды не пацьвердзілі, але і не абверглі зьвесткі пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ) фігуранта «справы 17», былога супрацоўніка КДБ Ігара Карыцкага.

«Пішыце афіцыйны запыт», — прапанавала супрацоўніца. Таксама яна адмовілася паведаміць, колькі з асуджаных паводле 328 артыкула выйшлі на волю датэрмінова за мінулы год.

Ня сталі камэнтаваць зьвесткі пра вызваленьне былых супрацоўнікаў КДБ і ў Вярхоўным Судзе. Там таксама прапанавалі зрабіць пісьмовы запыт, але ўдакладнілі, што асобамі, якія адбываюць пакараньні, паводле закону займаюцца ўжо не суды, а Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС.

У КДБ Беларусі Свабодзе сказалі, што «не валодаюць інфармацыяй» пра далейшы лёс звольненых супрацоўнікаў Берасьцейскай управы КДБ Ігара Карыцкага і Дзьмітрыя Верацінскага. Пра іх звальненьне з КДБ стала вядома падчас працэсу па «справе сямнаццаці», які праходзіў у Менскім гарадзкім судзе ў 2016 годзе.

Знайсьці самога Карыцкага пакуль не ўдаецца.

Як працуе УДВ?

Карыцкі мог скарыстацца правам на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ), прадугледжаным артыкулам 90 Крымінальнага кодэксу.

Што прадугледжвае артыкул 90

  • «Умоўна-датэрміновае вызваленьне ад пакараньня можа быць ужыта пасьля фактычнага адбыцьця асуджаным ня менш як паловы тэрміну пакараньня, прызначанага судом за злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, або менш цяжкае злачынства».
  • «Умоўна-датэрміновае вызваленьне ад пакараньня можа быць выкарыстанае ў адносінах да асуджанага толькі пры яго прыкладных паводзінах, якія даказваюць выпраўленьне асобы».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка пасьля двух судовых выракаў адбыў у месцах зьняволеньня больш за 5 гадоў. Бандарэнка мяркуе, што ўмоўна-датэрмінова вызваліцца з калёніі фігуранту «справы 17» дапамаглі ягоныя сувязі, напрацаваныя ў КДБ.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

«Мне асабіста невядома, каб асуджаны выходзіў на волю ўмоўна-датэрмінова адразу праз палову тэрміну. Паводле закону гэта магчыма, але ва ўсіх вядомых мне выпадках адміністрацыя рабіла ўсё, каб зацягнуць вызваленьне і зьмену рэжыму. Пасылаюць на камісію, разглядаюць зноў і зноў. А каб адразу пасьля паловы тэрміну і на волю, хай і на „хатнюю хімію“, — гэта значыць, што за яго нехта вельмі моцны „ўпрогся“. І натуральна: калі гаворка пра былога супрацоўніка КДБ, дык у яго дакладна засталіся сувязі і ў судзе, і ў пракуратуры. Інакш не бывае», — сказаў Андрэй Бандарэнка.

«Маці 328»: Нашых дзяцей так не вызваляюць

Імавернаму датэрміноваму вызваленьню былога супрацоўніка КДБ, фігуранта «справы 17» зьдзівіліся актывісткі руху «Маці 328», які аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за распаўсюд і ўжываньне наркотыкаў. Старшыня руху Ларыса Жыгар таксама мяркуе, што без дапамогі звонку не абышлося.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Там жа якая тэхналёгія? Спачатку Вярхоўны Суд перагледзеў прысуд Карыцкаму і Верацінскаму ды зьняў зь іх 3 частку 328 наркатычнага артыкула. Атрымалася, яны ўжо нічога не распаўсюджвалі, а толькі вінаватыя ў службовых злачынствах. А гэта ўжо не асабліва цяжкае злачынства. Таксама зьмянілі тэрміны: з 14 і 15 гадоў у іх засталося па 8 і 9. Ну, а як мінула 4 гады ад затрыманьня Карыцкага ў 2014 годзе, дык адразу аформілі выхад паводле УДВ. Інакш нельга патлумачыць, што ён ужо на волі.

Але вось чамусьці з нашымі хлопцамі ні з кім гэтак не адбываецца: калі і мяняюць рэжым, дык на калёнію-пасяленьне, як прапанавалі майму сыну. Але ён адмовіўся, бо ня будзе за што жыць, харчавацца. Бо там праца за 50 рублёў на месяц і столькі ж вылічаць за ўтрыманьне. А на што есьці?»

Паводле іншай актывісткі «Маці 328», былы супрацоўнік КДБ Ігар Карыцкі, хутчэй за ўсё, адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам, дзе найчасьцей сядзяць былыя сілавікі.

«У „Воўчых норах“ пад Івацэвічамі яго дакладна не было. Хутчэй за ўсё, у Віцебску сядзеў. Адтуль часта неяк падазрона хутка выходзяць», — сказала Свабодзе маці асуджанага за наркотыкі.

Актывістка руху «Маці 328» Натальля Старавойт падзялілася навінамі пра свайго зьняволенага сына:

«Яго перавялі ў Шклоўскую калёнію, і як толькі я стала дамагацца, каб дазволілі сустрэчу зь ім як ягонай абаронцы, дык кінулі ў карцэр, а цяпер у камэру на 90 дзён. То бок пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне нам не давядзецца і марыць. А кагосьці вызваляюць праз два гады пасьля суду».

Паводле Натальлі Старавойт, асуджаных паводле «наркатычнага» 328 артыкула Крымінальнага кодэксу вельмі рэдка вызваляюць умоўна-датэрмінова, а калі гэта і адбываецца, дык усяго за 1-2 дні да заканчэньня ўсяго тэрміну.

«Робіцца гэтак: цягнуць з афармленьнем УДВ да перадапошніх дзён, а потым вызваляюць, калі ўжо і так бы заўтра выйшаў. А па іхнай статыстыцы атрымліваецца, што як бы ўжылі УДВ, не падкапаесься».

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG