Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш не дакрануся да наркотыкаў». Футбаліста былых «Крумкачоў» засудзілі за псыхатропы


Алег Дыбаль за кратамі
Алег Дыбаль за кратамі

У Партызанскім раённым судзе Менску абвешчаны прысуд паўабаронцу былога футбольнага клюбу «Крумкачы» (цяпер клюб называецца «НФК»​) Алегу Дыбалю. Яго прызналі вінаватым у захоўваньні і распаўсюдзе наркотыкаў, за што прадугледжана ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.

Суд пастанавіў пакараць Алега Дыбаля 9 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, як і прасіў пракурор.

У апошнім слове, якое прагучала за гадзіну да прысуду, футбаліст пакаяўся, папрасіў прабачэньня і паабяцаў «больш ніколі не дакранацца да наркотыкаў».

Футбаліста затрымалі летась у кастрычніку. У Сьледчым камітэце тады паведамілі, што падчас ператрусу ў доме Алега Дыбаля выявілі больш за 40 г забароненага псыхатропнага рэчыва — альфа-PVP.

Неўзабаве футбольны клюб «Крумкачы» выступіў з афіцыйнай заявай наконт затрыманьня Дыбаля.

«Футбольны клюб „Крумкачы“ заўсёды нэгатыўна ставіцца да любых формаў супрацьпраўных дзеяньняў. Клюб гатовы да супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, калі гэта будзе трэба. Аднак да той пары, пакуль віна ня будзе даказаная, мы ня можам казаць пра ўдзел Алега Дыбаля ў тым ці іншым правапарушэньні і клюб будзе падтрымліваць футбаліста», — было сказана ў афіцыйным звароце.

На працэсе Алег Дыбаль цалкам прызнаў сваю віну, суду былі прыведзеныя доказы таго, што ён захоўваў наркотыкі і займаўся іх распаўсюдам.

У мінулым сэзоне паўабаронца Алег Дыбаль пасьпеў згуляць у другой лізе чэмпіянату Беларусі за былы футбольны клюб «Крумкачы» 20 матчаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG