Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі прысуды за вечарынку з псыхатропамі, на якой загінула дзяўчына

абноўлена

21-гадовы Антон Б. асуджаны на тры гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу (хімія). Яго вызвалілі ў залі суду. 18-гадовая Соф’я З. — на два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (хатняя хімія).

Яшчэ 5 фігурантаў — на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

Узрост асуджаных — ад 17 да 19 гадоў, зь іх двое непаўналетніх. Усіх асудзілі паводле часткі 1 арт. 328 (незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў).

«Я страціў каханую дзяўчыну». Сьвяткавалі дзень народзінаў, за біткойны набылі экстазі

4 жніўня 2018 году кампанія з васьмі маладых людзей, чацьвярым зь якіх на той момант не было 18 гадоў, сабралася сьвяткаваць будучы дзень народзінаў аднаго зь сяброў.

Вечарынка адбывалася на кватэры ягонай дзяўчыны, 19-гадовай N. Як расказала моладзь падчас сьледзтва, да гэтага ўсе яны пакаштавалі экстазі 14 ліпеня на дні народзінаў самой N. Пасьля чаго дамовіліся паспытаць яшчэ раз.

«Проста спантанна ўсе вырашылі, хацелі паўтарыць», — кажуць маладыя людзі. Ніхто з дапытаных сёньня ў судзе ня меў досьведу набыцьця наркатычных рэчываў. Мяркуецца, яны хацелі набыць 2 грамы МДМА па цане прыблізна 80 даляраў. З кожнага з удзельнікаў сабралі суму ад 17 рублёў.

Грошы аддавалі Соф’і З., якая перадала іх для набыцьця біткойна. Як пазьней было агучана на судзе, Антон Б. купіў за гэтыя біткойны экстазі і атрымаў каардынаты і фатаздымкі закладкі.

Трое непаўналетніх забралі закладку ў лясным масіве каля вуліцы Ангарскай. Пасьля чаго двое зь іх за дзень да вечарынкі прывезьлі яе на кватэру N., дзе яна была разам са сваім маладым чалавекам.

На наступны дзень маладыя людзі сабраліся ў кватэры ўвечары, разам расфасавалі рэчыва ў спустошаныя капсулы ад вітамінаў. На судзе яны распавядаюць, што разьмяркоўвалі на кожнага па дзьве капсулы агульнай дозай рэчыва ў 300 мг.

«Мне стала добра, хацелася весяліцца, танцаваць, усё было нармальна, — кажа непаўналетняя абвінавачаная. — Пасьля N. стала кепска. Мы выклікалі „хуткую“. Яе не ўратавалі».

Антон Б. са сваёй сяброўкай, непаўналетняй на той момант М., далучыліся да вечарынкі пазьней.

На судзе ўсе сказалі, што прынялі па дзьве капсулы. М. сьцьвярджае, што не прымала псыхатропнага рэчыва на гэтай вечарынцы, але ўжывала раней, таму ў аналізах яе валасоў знайшлі сьляды МДМА. Яшчэ адна асуджаная сьцьвярджае, што паспытала наркотык упершыню.

«Я баялася, доўга адмаўлялася, але пасьля вырашыла. Яна сказала, што мы будзем разам і ўсё будзе добра», — гаворыць яна. Аднак ужо пасьля першай капсулы дзяўчыне стала кепска. Прымаць другую яна адмовілася.

Каля поўначы, са слоў асуджаных, N. стала кепска. Нейкі час ёй спрабавалі дапамагчы, у 00.32 выклікалі хуткую дапамогу.

«Здавалася, што гэта эпілептычны прыпадак. Выклікалі „хуткую“, рабілі ўсё, што яны казалі праз тэлефон», — расказваў на судзе Антон Б.

Пазьней лекар хуткай дапамогі скажа ў судзе, што выратаваць дзяўчыну спрабавалі каля паўтары гадзіны, аднак яна загінула.

Экспэрты выявілі, што доза МДМА ў яе крыві перавышала сьмяротную ў чатыры разы і склала 1,6 мкг/мл.

Залаты мэдаль, прэстыжныя сталічныя ВНУ, ня маюць наркатычнай і алькагольнай залежнасьці

У большасьці з 7 фігурантаў гэтай справы выдатныя характарыстыкі са школаў. Некаторыя летась пасьпяхова скончылі 11 клясаў і паступілі ў прэстыжныя навучальныя ўстановы. Аднак пачаць навучаньне не змаглі з прычыны заведзенай крымінальнай справы. А дзьве дзяўчыны на момант, калі трэба было прыступаць да вучобы, увогуле знаходзіліся ў СІЗА, дзе агулам правялі два месяцы. Абедзьве кажуць, што плянуюць яшчэ раз паступаць сёлета.

«Я дагэтуль ня вельмі разумею, як яна ўвогуле магла іх (наркотыкі) ужываць, — кажа ў судзе маці адной зь непаўналетніх абвінавачаных. Жанчына працуе фэльчаркай у прыватным мэдыцынскім цэнтры, дачку выхоўвае адна. — Мы ў вельмі блізкіх стасунках. Я заўжды ёй вельмі давярала. Яна заўжды самастойная, адказная. Ніколі не трапляла ані ў якія гісторыі, ніколі мяне не падводзіла».

«Я магу дакладна сказаць, што яна ніколі не ўжывала наркотыкаў, — кажа маці і дадае, што як мэдык можа сьцьвярджаць гэта адказна. — Яна ведала, што гэта такое, якую шкоду яны могуць нанесьці».

Яшчэ двое — ужо студэнты прэстыжных навучальных установаў. 21-гадовы Антон Б. таксама вучыўся ва ўнівэрсытэце, аднак пакінуў яго па ўласнай волі.

У судзе зачыталі вынікі псыхіятрычнай экспэртызы на фігурантаў справы: паводле яе, ніхто зь іх ня мае алькагольнай і наркатычнай залежнасьці.

«Яна была вельмі добрая»

Дзяўчыне, якая загінула, толькі споўнілася 19 гадоў. Сярод удзельнікаў вечарынкі — яе малады чалавек і найлепшая сяброўка. Бацькі дзяўчыны на судзе не прысутнічаюць.

«Яна была вельмі добрая», — кажуць маладыя людзі на просьбу судзьдзі ахарактарызаваць загінулую падчас працэсу.

Сьледзтва лічыць, што прычынай яе сьмерці стала сьмяротная канцэнтрацыя МДМА ў крыві. Гэтае расьсьледаваньне вылучана ў асобную справу паводле часткі 5 артыкулу 328 і працягваецца.

«На цяперашні момант асоба, якую належыць прыцягнуць да адказнасьці, не ўстаноўленая. У справе працягваецца правядзеньне апэратыўна-вышуковых захадаў, накіраванае на ўстанаўленьне асобы, якая збыла кампаніі студэнтаў-школьнікаў забароненае рэчыва, у выніку спажываньня якога адна з удзельніц вечарынкі памерла», — паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Адвакат непаўналетняй М., якая сьцьвярджае, што не ўжывала псыхатропаў на гэтай вечарынцы, катэгарычна ня згодны зь яе абвінавачаньнем. На судзе ён высоўвае вэрсію, што сьмяротная доза канцэнтрацыі МДМА ў крыві загінулай утварылася, бо нябожчыца прыняла дозу, прызначаную для ягонай падабароннай.

«Кожны з нас перажыў свой кашмар»

У апошні дзень працэсу маладыя людзі не маглі стрымаць сьлёз. Кожны казаў, што пераацаніў сваё стаўленьне да наркотыкаў, раскаяўся і абяцае больш ніколі не паўтараць гэты досьвед.

«Кожны з нас перажываў свой кашмар», — кажа І. падчас апошняга слова. — Мы ўсе страцілі блізкага сябра, я страціў сваю каханую дзяўчыну. Пасьля гэтага наш кашмар працягнуўся. Хтосьці сядзеў у СІЗА, хтосьці проста перажываў псыхічныя траўмы. Думаю, што ня толькі я, але і ўсе пасьля таго, што адбылося, ня змогуць фізычна дакрануцца да наркотыкаў забароненых. Прашу суд вынесьці справядлівае рашэньне«.

«Тое, што здарылася, невыносна страшна, — казаў непаўналетні Ф. — У СІЗА ў мяне было дастаткова часу, каб пераасэнсаваць тое, што здарылася».

«Не хачу, каб такое калі-небудзь паўтарылася ў маім жыцьці. Я дала сама абяцаньне ніколі ў жыцьці больш не дакранацца да наркотыкаў», — казала непаўналетняя К.

Паводле інфармацыі руху сваякоў зьняволеных, праз «328-ы антынаркатычны артыкул КК» у зьняволеньні знаходзіцца каля 18 тысяч чалавек. Большасьць зь іх — моладзь. Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч паведамляў, што толькі на лістапад за 2018 год выяўлена звыш 4 тысяч нарказлачынстваў, зь іх большая частка — збыт псыхатропаў.

Сваякі зьняволеных ужо некалькі гадоў дамагаюцца зьмякчэньня пакараньня па «антынаркатычным» артыкуле і зьмяненьня правапрымяняльнай практыкі. Паводле беларускага заканадаўства, адказнасьць за нарказлачынствы наступае з 14 гадоў. Максымальны тэрмін сягае 25 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG