Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доза перавышала сьмяротную ў 4 разы. Працягваецца суд над кампаніяй, у якой ад экстазі загінула дзяўчына


Суд Першамайскага раёну сталіцы
Суд Першамайскага раёну сталіцы

У жніўні кампанія з васьмі маладых людзей сьвяткавала дзень народзінаў і ўжывала псыхатропнае рэчыва МДМА. 19-гадовая дзяўчына загінула. У судзе Першамайскага раёну Менску працягваецца допыт сьведак па гэтай справе.

Паводле абвінавачаньня, маладыя людзі разам набылі ня менш як 2 грамы псыхатропнага рэчыва МДМА (вядомага таксама як экстазі), падзялілі яго на дозы і спажылі.

Судзяць іх за незаконны абарот наркатычных рэчываў паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Ім пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо зьняволеньне на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Сёньня на судзе мэдычны экспэрт паведаміў, што дзяўчына памерла ад вострага атручэньня псыхатропным рэчывам МДМА.

«Канцэнтрацыя рэчыва ў крыві дзяўчыны перавышала сьмяротную ў 4 разы», — сказаў ён.

Сьмяротная канцэнтрацыя МДМА — ад 0,4 мкг на мілілітар. У крыві нябожчыцы, як паказала экспэртыза, было 1,6 мкг/мл.

З паказаньняў сьведак-міліцыянтаў стала вядома, што двое абвінавачаных — 21-гадовы хлопец і яго сяброўка — адмовіліся ад агляду ў наркадыспансэры.

У якасьці сьведкі ў суд выклікалі аднаго з прыяцеляў кампаніі, другакурсьніка мэдычнага ўнівэрсытэту. Калі дзяўчыне стала кепска, яму патэлефанавалі і спыталіся, што рабіць.

Гэты сьведка пагадзіўся адвезьці маладых людзей зь месца здарэньня на кватэру аднаго з абвінавачаных. І па дарозе яму прапанавалі ўжыць нейкае рэчыва, каб выйсьці з шокавага стану. Хто прапанаваў, на паседжаньні сьведка не сказаў, але паводле ранейшых паказаньняў — 21-гадовы падсудны.

«Гэта была таблетка карвалолу, каб той супакоіўся», — адказаў на гэта абвінавачаны.

Сьведка таксама прыгадаў, што абвінавачаны паводзіў сябе дзіўна, казаў, што ўсё павесяць на яго, прасіў, каб усе разьдзялілі віну паміж сабой, бо псыхатропнае рэчыва ўжывалі разам.

10 студзеня суд працягнецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG