Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская кампанія спрабавала паставіць у Паўночную Карэю беларускую гарэлку ў абыход санкцыяў


Кім Чэн Ын

КНДР спрабавала ў абыход міжнародных санкцыяў завезьці ў краіну больш за 15 тысяч бутэлек беларускай гарэлкі. Пра гэта паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на даклад экспэртаў Камітэта па санкцыях Рады Бясьпекі ААН.

Спроба ўвозу адбылася ў лістападзе 2018 года. Гаворка пра 15,6 тыс. бутэлек беларускай гарэлкі коштам 14,1 тыс. даляраў. Назва гарэлкі і аб'ём тары ў паведамленьні агенцтва не прыводзяцца.

Як вынікае са справаздачы экспэртаў Камітэта па санкцыях Рады Бясьпекі ААН, два асобных кантракты на пастаўку гарэлкі сьведчаць аб тым, што партыя беларускага вытворцы была прададзеная пасярэдніку - кампаніі Noble House LLC. Яна зарэгістраваная ў штаце Джорджыя, ЗША.

Летась Беларусь прадала 15,8 мільёнаў літраў гарэлкі ў пераліку на чысты сьпірт на на 52,9 мільёнаў даляраў. Асноўныя пакупнікі:

  • Расея(19,3 мільёны)
  • Казахстан(6,5 мільёны)
  • Літва (2,6 мільёны).

У ЗША ў мінулым годзе было прададзена гарэлкі на 194 тысячы даляраў. Шмат было прададзена ў невядомыя краіны – на 14,3 мільёны даляраў.

Алькаголь адносіцца да катэгорыі прадметаў раскошы, забароненых да ўвозу ў КНДР рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН 1718, прынятай у кастрычніку 2006 года ў адказ на першае праведзенае краінай ядзернае выпрабаваньне. Пасьля сьпіс забароненых тавараў неаднаразова пашыраўся, у прыватнасьці, у сакавіку 2016 года ў яго былі ўнесены дарагія гадзіньнікі, вырабы з крышталя, сьнегоходы і яхты, адзначае ТАСС.

Беларусь і Паўночная Карэя ўсталявалі дыпадносіны ў лютым 1992 года. Пасольства КНДР было адкрыта ў Менску ў 2016 годзе, аднак у ім працавалі толькі гандлёвы прадстаўнік і часовы павераны. У красавіку бягучага года ўлады Паўночнай Карэі накіравалі ў Беларусь першага ў гісторыі двухбаковых адносін пасла КНДР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG