Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: ЗША і ўлады Вэнэсуэлы вядуць сакрэтныя перамовы аб сыходзе Мадура


Дыасдада Кабельё і Нікалас Мадура. 24 студзеня 2019 году.

Адміністрацыя Дональда Трампа ўступіла ў перамовы зь людзьмі зь бліжэйшага атачэньня непрызнанага Злучанымі Штатамі і дзесяткамі іншых краінаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадура.

Мэта перамоваў — стварэньне ўмоваў для сыходу Мадура з пасады прэзыдэнта і правядзеньне свабодных выбараў у краіне, якая знаходзіцца ў глыбокай эканамічнай дэпрэсіі. Пра гэта ў сераду ўвечары паведаміла газэта The Wall Street Journal са спасылкай на ўдзельнікаў перамоваў з боку Вэнэсуэлы.

Паведамляецца, што ў перамовы з адміністрацыяй Трампа ўцягнуты Дыасдада Кабельё, кіраўнік канстытуцыйнай асамблеі краіны, у мінулым кіраўнік парлямэнту Вэнэсуэлы. Ён стаў аб’ектам амэрыканскіх санкцый па падазрэньні ў датычнасьці да кантрабанды наркотыкаў.

Цікавасьць Кабельё і іншых удзельнікаў перамоваў з боку Вэнэсуэлы заключаецца ў атрыманьні амэрыканскіх і міжнародных гарантый таго, што яны змогуць заставацца ў краіне і не баяцца за сваю бясьпеку. Гэтыя гарантыі павінен захаваць урад, які прыйдзе да ўлады ў Вэнэсуэле ў выніку мірнага працэсу.

Упершыню аб кантактах амэрыканскай адміністрацыі з атачэньнем Мадура стала вядома ў аўторак. Пра гэта заявіў сам Дональд Трамп. Крыху пазьней інфармацыю пацьвердзіў і Нікалас Мадура.

Як піша The Wall Street Journal, перамовы з Кабельё — прызнаньне адміністрацыяй Трампа беспасьпяховасьці намаганьняў прымусіць Нікаласа Мадура сысьці ў адстаўку, таму яна спрабуе прыцягнуць да гэтага працэсу іншыя цэнтры ўлады ў Вэнэсуэле.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG