Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША: Расея павінна сысьці з Вэнэсуэлы


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа

Расеі — як і іншым краінам — неабходна «сысьці» з Вэнэсуэлы і спыніць умяшаньне ў яе справы. Пра гэта заявіў у інтэрвію тэлекампаніі ABC ў нядзелю дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што «ня ведае», калі прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадура, якога ЗША лічаць узурпатарам, атрымаецца адхіліць ад улады. «Гэта можа заняць дні, тыдні ці месяцы» — падкрэсьліў Пампэа. Галоўную адказнасьць за падтрымку рэжыму Мадура звонку ён усклаў на Кубу.

Пампэа ня выключыў, што ЗША рана ці позна прыйдзецца зьвярнуцца да ваеннага ўмяшаньня ў Вэнэсуэле. Напярэдадні ў звароце да народу Вэнэсуэлы ён запэўніў, што ЗША застаецца на баку тых, хто «змагаецца за свабоду і дэмакратыю», і зноў асудзіў Мадура. 6 траўня дзяржсакратар павінен сустрэцца ў Фінляндыі зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. Вэнэсуэла будзе галоўнай тэмай сустрэчы. Раней на гэтым тыдні яе ў тэлефоннай размове абмеркавалі прэзыдэнты дзьвюх краінаў, прычым Дональд Трамп сказаў журналістам, што Пуцін, на яго думку, не імкнецца «умешвацца» у падзеі ў Вэнэсуэле.

Расея абвінавачвае ЗША ў імкненьні наладзіць у Вэнэсуэле пераварот і зрынуць Мадура. ЗША прызнаюць легітымным кіраўніком Вэнэсуэлы лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо.

Адкрытае супрацьстаяньне ў паўднёваамэрыканскай краіне працягваецца ўжо больш за тры месяцы. Напярэдадні Гуайдо ў інтэрвію Washington Post прызнаў няўдачнымі спробы адхіліць Мадура ад улады на мінулым тыдні. Паводле яго слоў, для посьпеху апэрацыі яго прыхільнікам не хапіла падтрымкі вайскоўцаў.

У пачатку гэтага году Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. На гэтай пасадзе яго прызналі ЗША, многія краіны ЭЗ і Лацінскай Амэрыкі. На баку Мадура такія краіны, як Расея і Кітай.

У Вэнэсуэлу нядаўна прыбылі некалькі дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў. У Маскве заявілі, што гэта плянавая паездка, зьвязаная з ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам дзьвюх краінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG