Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША дапусьціў ужыцьцё вайсковай сілы ў Вэнэсуэле


Пратэсты ў Вэнэсуэле. 1 траўня 2019
Пратэсты ў Вэнэсуэле. 1 траўня 2019

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо дапусьціў магчымасьць ужыцьця вайсковай сілы ў Вэнэсуэле ў выпадку, калі разьвіцьцё падзеяў у гэтай краіне не пакіне іншага выйсьця. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію журналісту Бэну Шапіра. Пры гэтым Пампэо падкрэсьліў, што для мірнага ўрэгуляваньня крызісу ў Вэнэсуэле Вашынгтон мае намер выкарыстоўваць усе дыпляматычныя і палітычныя інструмэнты.

Дзяржсакратар ЗША упэўнены, што ў сілавых структурах Вэнэсуэлы ўжо працуюць сотні зьвязаных з Расіяй спэцыялістаў. Паводле Пампэо, пасьля таго, як у Вэнэсуэлу ўварваліся кубінскія вайскоўцы, расейскі бок пайшоў за іх прыкладам. Вашынгтон ня хоча дапусьціць, каб краіны, якія хочуць стварыць для Амэрыкі небясьпеку, мелі апорны пункт за некалькі соцень міляў ад яе тэрыторыі, падкрэсьліў палітык.

  • Каля 100 расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Вэнэсуэлу ў сакавіку. У Маскве і Каракасе заявілі, што яны будуць удзельнічаць у рэалізацыі раней заключаных пагадненьняў аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве. У ЗША дзеяньні Масквы рэзка асудзілі.

У Міністэрстве замежных справаў Расіі сёньня заявілі, што сустрэча Майка Пампэо і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ўзгодненая і можа адбыцца 6-7 траўня ў кулюарах міністэрскай сэсіі Арктычнай рады ў Фінляндыі. Чакаецца, што адной з тэм перамоваў стане сытуацыя ў Вэнэсуэле.

Лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо таксама не выключае магчымасьці замежнага вайсковага ўмяшаньня для зьвяржэньня рэжыму Нікаляса Мадура. У гутарцы зь мясцовым выданьнем ён удакладніў, што гэта крайняя мера, а пераходу ўлады трэба дамагацца мірным шляхам.

Гуайдо сьцьвярджае, што дзейнага прэзыдэнта не падтрымліваюць супрацоўнікі нацыянальнай выведкі. Ён таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў прыйсьці ў суботу да вайсковых частак, каб заклікаць вайскоўцаў далучыцца да пратэстоўцаў.

Адзін зь лідэраў апазыцыі Леапольда Лёпэс сьцьвярджае, што меў зносіны з камандзірамі розных родаў войскаў і што тыя нібыта згодныя на адхіленьне Мадура ад улады. Лёпэс разьлічвае, што дзейнаму рэжыму, які ён называе «ўзурпацыяй», празь некалькі тыдняў прыйдзе канец.

  • Хуан Гуайдо, прызнаны ЗША і шэрагам іншых краін легітымным кіраўніком дзяржавы, раней абвясьціў аб уступленьні пратэстаў супраць прэзыдэнта Нікаляса Мадура ў вырашальную фазу. Ён заклікаў войска перайсьці на бок апазыцыі, аднак па завяршэньні «дня пратэсту» 1 траўня прызнаў, што апазыцыі ўсё яшчэ не хапае падтрымкі вайскоўцаў.
  • У ходзе масавых акцый пратэсту ў Вэнэсуэле ў сераду загінулі як найменей два чалавекі.
  • Вострая фаза супрацьстаяньня працягваецца ў Вэнэсуэле ад студзеня. Тады Гуайдо абвінаваціў Мадура ва ўзурпацыі ўлады і прынёс прысягу ў якасьці часовага прэзыдэнта. Рычагі кіраваньня краінай і сілавымі структурамі застаюцца ў руках Мадура, якога падтрымліваюць Куба, Расея, Кітай і Турэччына. ЗША, большасьць краінаў Лацінскай Амэрыкі і ЭЗ падтрымліваюць Гуайдо.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG