Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Deutsche Bank канфіскаваў у Вэнэсуэлы 20 тон золата — СМІ


Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура
Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура

Deutsche Bank канфіскаваў 20 тон золата, якія належалі ўраду Вэнэсуэлы прэзыдэнта Нікаляса Мадура. Пра гэта паведамляюць крыніцы выданьня Bloomberg.

Золата знаходзілася ў распараджэньні Deutsche Bank у якасьці забесьпячэньня па крэдыце, дадзенага Вэнэсуэле. Сума пазыкі — 750 мільёнаў даляраў. Тэрмін пагашэньня мінаў у 2021 годзе, але банк вырашыў датэрмінова рэалізаваць па ім абавязаньні. Рашэньне было прынятае пасьля таго, як вэнэсуэльскі ўрад прапусьціў некалькі плацяжоў па працэнтах, паведамілі крыніцы Bloomberg.

Пасьля гэтага прыхільнікі сьпікера парлямэнту Вэнэсуэлы і лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо прапанавалі банку выплаціць ім частку сродкаў па крэдыце. Адвакаты Гуайдо лічаць, што банк мае вярнуць каля 120 мільёнаў — з прычыны зьменаў у цане на золата з моманту заключэньня дамовы. Пры гэтым у апазыцыі настойваюць на тым, што сродкі ня варта вяртаць структурам прэзыдэнта Мадура, паколькі яго ўлада, на іх думку, нелегітымная.

У Deutsche Bank пакуль не пракамэнтавалі інфармацыю аб канфіскацыі золата. Ад камэнтараў таксама адмовіліся прадстаўнікі рэжыму Нікаляса Мадура.

  • У сакавіку ўлады Вэнэсуэлы не змаглі выкупіць у амэрыканскай банкаўскай групы Citibank золата больш чым на мільярд даляраў, якое яны далі ў якасьці забесьпячэньня. Раней Цэнтральны банк Англіі адмовіўся вярнуць Вэнэсуэле золата на яшчэ адзін мільярд.
  • У студзені сёлета Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, заявіўшы, што перавыбары прэзыдэнта Нікаляса Мадура на пасаду кіраўніка дзяржавы у 2018 годзе былі незаконныя. Гуайдо прызналі ЗША, большасьць заходніх і лацінаамэрыканскіх дзяржаў. Мадура падтрымліваюць Кітай, Расея, Куба і Турэччына.
  • Паводле дадзеных Міжнароднага валютнага фонду, багатая нафтай Вэнэсуэла перажывае найгоршы эканамічны крызіс за ўсю гісторыю. Чакаецца, што сёлета інфляцыя дасягне дзесяць мільёнаў адсоткаў. Цэнтрабанк Вэнэсуэлы заявіў, што эканоміка з пачатку кіраваньня Мадура ў 2013 годзе скарацілася больш чым на 50 працэнтаў.
  • Згодна з інфармацыяй ААН, чвэрць з 30 мільёнаў вэнэсуэльцаў мае патрэбу ў тэрміновай дапамозе. У краіне назіраюцца праблемы з водазабесьпячэньнем, электрычнасьцю і транспартам. З 2015 году тры мільёны грамадзян пакінулі краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG