Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына заявіла, што законапраект Канапацкай на выбары 2019 году не паўплывае


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня ЦВК заявіла, што калі зьмены ў Выбарчы кодэкс і будуць сёлета ўхваленыя, то пачнуць дзейнічаць не раней 2020 году.

«Правілы, паводле якіх 7 і 17 лістапада пройдуць выбары ў Нацыянальны сход, больш ня будуць зьмяняцца да завяршэньня гэтай выбарчай кампаніі. Усе магчымыя навэлы, калі і будуць скарыстаныя, то ўжо толькі на выбарах прэзыдэнта», — сказала Свабодзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Праект зьменаў Выбарчы кодэкс падрыхтавала апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, цяпер яго рыхтуюць да разгляду на восеньскую сэсію, якая мае пачацца 2 кастрычніка.

«Нічога не пасьпеем зрабіць. Нават калі дапусьціць, што Палата прадстаўнікоў прыме гэты дакумэнт адразу ў двух чытаньнях. Але ж ён яшчэ павінны прайсьці Савет Рэспублікі і быць падпісаны кіраўніком дзяржавы. Таксама пэўны тэрмін даецца на тое, каб увесьці закон у жыцьцё. Так што ў прынцыпе гэта немагчыма».

Ярмошына кажа, што, паводле рэкамэндацыяў Вэнэцыянскай камісіі, заканадаўства наагул не павінна мяняцца у год правядзеньня выбарчай кампаніі:

«Гэта толькі рэкамэндацыя. Я яшчэ дапускаю зьмены за паўгода да выбараў. Але падчас выбарчай кампаніі гэта немагчыма».

ЦВК мяняць інструкцыі ня будзе

Старшыня ЦВК кажа, што праз парлямэнт уносіць прынцыповыя зьмены ў Выбарчы кодэкс. Некаторыя менш значныя навэлы мае права прымаць ЦВК у выглядзе рэкамэндацыяў выбарчым камісіям. Так, сёлета зьнятая забарона для назіральнікаў рабіць здымкі на выбарчых участках, а пры фармаваньні выбарчых камісій цяпер будзе ўлічвацца толькі асабісты жыцьцёвы досьвед прэтэндэнтаў, а не яшчэ і палітычны, як было тры гады таму. «Больш мы нічога зьмяняць ня будзем», — кажа Ярмошына.

Тры прапановы Канапацкай

Ганна Канапацкая расказала Свабодзе, што яна істотна перапрацавала першапачатковы варыянт свайго законапраекту ў бок скарачэньня.

«Зрабіла гэта наўмысна, каб мае калегі прагаласавалі „за“. Фактычна застаюцца тры зьмены. Першая — галоснасьць падліку галасоў, калі старшыня камісіі паказвае бюлетэні ўсім і раскладае іх пад таблічкамі з прозьвішчамі прэтэндэнтаў. Другая — кожны кандыдат мае права ўключаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Трэцяя — датэрміновае галасаваньне застаецца, але ягоныя ўдзельнікі мусяць патлумачыць, чаму яны галасуюць датэрмінова. У кожнай акрузе для гэтага вылучаецца толькі адзін спэцыяльны ўчастак», — патлумачыла дэпутатка сутнасьць сваіх навацый.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG