Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады папрасілі Вікіпэдыю правільна называць Беларусь і яе гарады


Скрыншот старонкі зь Вікіпэдыі, ілюстрацыя
Скрыншот старонкі зь Вікіпэдыі, ілюстрацыя

Дзяржкамітэт па маёмасьці Беларусі накіраваў ліст у Вікіпэдыю з просьбай пры напісаньні беларускіх геаграфічных назваў лацінкай выкарыстоўваць «нацыянальную сыстэму раманiзацыi геаграфiчных назваў».

Адказ Дзяржкамітэту па маёмасьці на пэтыцыю
Адказ Дзяржкамітэту па маёмасьці на пэтыцыю

У адказе Дзяржкамітэту на калектыўны зварот беларусаў гаворыцца, што ведамства «накіравала кампанii НП «Викимедиа РУ» ліст з рэкамэндацыяй на старонках сэрвiсу Wikipedia пры напiсаньнi лiтарамi лацiнскага альфабэту назваў беларускіх геаграфiчных аб’ектаў выкарыстоўваць нацыянальную сыстэму раманiзацыi геаграфiчных назваў у адпаведнасьцi зь беларускай Iнструкцыяй па трансьлiтарацыi геаграфiчных назваў».

У ведамстве пры гэтым адзначылі, што арганiзацыi, на якiя iдзе спасылка ў звароце, зьяўляюцца замежнымi, ня маюць прадстаўнiцтваў на тэрыторыi Беларусі i на iх не распаўсюджваецца дзейнасьць беларускага заканадаўства.

МЗС Беларусі ў адказе на пэтыцыю напісала, што ведамства «пры неабходнасьці, будзе аказваць садзейнічаньне ў арганізацыі двухбаковага ўзаемадзеяньня» што да тэмы звароту з Радай ЗША па геаграфічных назвах і Пастаянным камітэтам па геаграфічных назвах Вялікай Брытаніі.

У чэрвені беларусы стварылі калектыўны зварот на сайце petitions.by, у якім прасілі Дзяржкамітэт па маёмасьці і МЗС Беларусі зьвярнуцца да

  • Рады ЗША па геаграфічных назвах
  • брытанскага Пастаяннага камітэту па геаграфічных назвах

з патрабаваньнем афіцыйна прыняць наўзамен састарэлай раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў BGN/PCGN (выдадзеная ў 1979 годзе), нацыянальную Інструкцыю па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту, рэкамэндаваную ў 2013 годзе ААН.

Як адзначалі аўтары звароту, перадача геаграфічных назваў Беларусі «дагэтуль адрозьніваецца ганебнай разнастайнасьцю: частку назваў проста перакладаюць (Траецкае прадмесьце = Trinity Suburb), частку трансьлітаруюць з расейскага напісаньня (Магілёў = Mogilev), але найбольш сурʼёзную канкурэнцыю Інструкцыі складае менавіта BGN/PCGN».

Таксама ў папулярнай ва ўсім сьвеце ангельскай Вікіпэдыі, адзначалі аўтары звароту, напісаныя паводле нацыянальнай Інструкцыі назвы хутка выпраўляюцца на BGN/PCGN. І ва ўмовах, калі ў Беларусі ўсе матэрыялы, вулічныя знакі і г.д. прытрымліваюцца Інструкцыі, а па-за межамі краіны дзейнічаюць зусім іншыя правілы, разабрацца ў такой «разнастайнасьці» замежным турыстам і нават беларусам даволі цяжка.

Аўтары пэтыцыі прасілі зьвярнуцца да кіраўніцтва Фонду Вікімэдыя (Wikimedia Foundation, Inc.), які падтрымлівае працу Вікіпэдыі, каб патлумачыць недапушчальнасьць выпраўленьня назваў, трансьлітараваных паводле Інструкцыі, тым больш на трансьлітарацыю не зь беларускай мовы (як, напрыклад, у артыкулах Вікіпэдыі па-ангельску Mogilev, Grodno, Gomel, Vitebsk).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG