Віцэ-прэм’ер Расеі Аляксей Гардзееў падтрымаў прапанову «Расспажыўнагляду» аб альтэрнатыве зьнішчэньню канфіскаваных прадуктаў харчаваньня, якія падпадаюць пад расейскія «антысанкцыі», піша «Настоящее время».
«Мне здаецца, прадукты харчаваньня зьнішчаць – гэта ў прынцыпе няправільна, — адзначыў Гардзееў. — Іншая справа іх канфіскоўваць і далей думаць, як іх выкарыстоўваць менавіта па прызначэньні як прадукты харчаваньня, зрабіўшы адпаведныя аналізы. На будучыню, гэта патрабуе абмеркаваньня».
Таксама ідэю есьці харчы падтрымаў Савет разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі. Савет, акрамя таго, прапанаваў таксама спрасьціць працэдуру перадачы на дабрачыннасьць прадуктаў, у якіх сканчаецца (але яшчэ ня скончыўся) тэрмін прыдатнасьці.
«Антысанкцыі» дзейнічаюць у Расеі з 2014 году, прадукты зьнішчаюць з 2015-га. У Расею забараняюць увозіць мяса, рыбу, малочныя прадукты, садавіну і гародніну з ЗША, Эўразьвязу і шэрагу іншых краінаў як адказ за санкцыі, зьвязаныя з акупацыяй Расеяй украінскага Крыму і вайной на Данбасе. Паводле зьвестак на мінулы жнівень, у Расеі зьнішчылі 26,4 тысячы тонаў санкцыйных прадуктаў.
Санкцыйныя прадукты расьціскаюць бульдозэрамі і абліваюць зялёнкай, а пастаўшчыкоў часам садзяць за краты.
Расейскі бок неаднаразова абвінавачваў беларускія ўлады ў пастаўках санкцыйных прадуктаў пад выглядам беларускіх, у тым ліку крэвэтак, манга і папаі. Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў у пастаўках санкцыйных прадуктаў расейцаў зь «цяжкімі пагонамі».