Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх пастаўшчыкоў санкцыйных прадуктаў у Расею пасадзілі за краты


Ілюстрацыйнае фота.

У Гомелі вынесены прысуд дзьвюм злачынным групам за пастаўкі санкцыйнай прадукцыі (турэцкай садавіны і ўкраінскіх сыроў) у Расею па падробленых дакумэнтах.

Пра абставіны крымінальнай справы паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Паводле інфармацыі міліцыі, 26-гадовы арганізатар адной з груп закупляў у Турэччыне садавіну і сыры ва Ўкраіне, заключаў дамовы з пастаўшчыкамі. Ён таксама аплачваў выдаткі, зьвязаныя з мытным афармленьнем, пераклейкай маркіровачных этыкетак з вытворцаў Украіны і Турэччыны на беларускіх вытворцаў. Пасьля чаго гэтая, ужо нібыта беларуская прадукцыя перавозілася для збыту ў Расею па падробленых дакумэнтах.

Яго 44-гадовы саўдзельнік — індывідуальны прадпрымальнік даваў свае рэквізыты, блянк, пячаткі. Да «бізнэсу» былі прыцягнутыя яшчэ чатыры чалавекі, якіх аформілі як індывідуальных прадпрымальнікаў. «Яны не здагадваліся, якую ролю ўсклалі на іх члены групы. Арганізатар групы падпісваў дамовы паставак паміж вытворцамі Турэччыны і Ўкраіны і гэтымі ІП, вырабляў падробленыя дакумэнты аб закупках садавіны на тэрыторыі Беларусі і прадуктаў беларускага сыраробнага завода», — адзначылі ў прэс-службе УУС.

53-гадовы прадпрымальнік займаўся мытным афармленьнем садавіны і сыроў на тэрыторыі Гомельскай мытні. Ён рыхтаваў падробленыя дакумэнты ад імя вядомых беларускіх вытворцаў. Для гэтага вырабіў пячаткі гэтых заводаў, штамп «Мытны саюз — вэтэрынарны сэртыфікат» пэўнай сэрыі і нумару.

Арганізатару групы ўдалося заключыць кантракты на пастаўку прадукцыі на 15,5 млн даляраў. Пад яго кіраўніцтвам і кантролем з чэрвеня 2016 па сакавік 2017 году ў РФ было пастаўлена 154 партыі садавіны (мандарыны, вінаград, гранат) і цьвёрдых сыроў, ад рэалізацыі якіх атрыманы даход на суму не меншую за 4,2 млн даляраў.

53-гадовы прадпрымальнік зь першай групы ўваходзіў у яшчэ адну аналягічную, якую арганізаваў 34-гадовы жыхар Гомеля. Увайшоў у «долю» і 36-гадовы гамяльчанін, таксама зарэгістраваны як ІП. Гэта група спэцыялізавалася на пастаўцы сыроў з Украіны ў Расею праз Беларусь па падробленых дакумэнтах.

Гэта група рэалізавала ў Расеі прадукцыю ўкраінскай вытворчасьці на 12 млн даляраў і 2 млн эўра. З чэрвеня 2016 па ліпень 2017 году ў ходзе незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Расею было пастаўлена 85 партый цьвёрдых сыроў, ад рэалізацыі якіх атрыманы даход амаль у 2 млн даляраў і больш за 540 тыс. эўра.

Арганізатар другой групы ў жніўні летась ад праваахоўных органаў схаваўся, ён у вышуку. Усе астатнія ўдзельнікі групы былі затрыманыя.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля ў канцы красавіка ўсіх прызнаў вінаватымі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ім прызначана пакараньне тэрмінамі ад трох да шасьці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG