Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі за 2 гады ўтылізавалі 17 тысяч тон харчоў, увезеных пераважна празь Беларусь


Зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў у Расеі. Архіўнае фота

За два гады харчовага эмбарга — ад 6 жніўня 2015 да 6 жніўня 2017 году — у Расеі зьнішчана 16,4 тысяч тон «санкцыйнай прадукцыі» расьліннага паходжаньня і 500 тон прадукцыі жывёлагадоўлі.

Пра гэта «Інтэрфаксу» паведамілі ў Рассельгаснаглядзе.

Паводле прадстаўніцы расейскага ведамства Юліі Меланы, разам ад жніўня 2015 году было затрымана 17,1 тысяч тон такой прадукцыі, амаль усё рашэньнем наглядных органаў было ўтылізавана.

Абсалютная бальшыня такіх партыяў ішла зь Беларусі ці транзытам празь яе. Кіраўніцтва Беларусі шматкроць заяўляла пра надуманасьць абмежавальных захадаў супраць беларускіх пастаўнікоў, аднак разуменьня ў Маскве такія заявы не знайшлі.

Паведамляецца, што найбольш актыўна выяўленьнем забароненага да ўвозу харчаваньня займаюцца суседнія зь Беларусьсю тэрытарыяльныя ўпраўленьні Рассельгаснагляду — у Бранскай, Смаленскай, Пскоўскай абласьцях.

Паказальныя расправы над таматамі, пэрсікамі, сырамі, тушкамі гусей і курэй рэгулярна адбываюцца ў розных рэгіёнах Расеі. Акцыі пратэсту ў розных гарадах ды сотні тысяч подпісаў супраць утылізацыі плёну ня мелі — санкцыйныя харчы па-ранейшаму душаць трактарнымі качалкамі і паляць у адмысловых печах.

Шараговыя расейцы прасілі не зьнішчаць прадукты, а перадаваць іх хаця б у дзіцячыя дамы ці прытулкі для састарэлых. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць грамадзянаў Расеі, якія жывуць за рысай беднасьці, ад пачатку году вырасла на яшчэ на 2 мільёны чалавек і цяпер перавышае 22 мільёны — гэта прыблізна 15% усяго насельніцтва.

Неўзабаве пасьля расейскай анэксіі Крыму і пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе Эўрапейскі Зьвяз увёў эканамічныя санкцыі супраць Масквы. У адказ Расея абвясьціла харчовае эмбарга прадукцыі з ЗША, краінаў ЭЗ, Аўстраліі, Нарвэгіі і Канады. Празь некаторы час у сьпіс былі ўключаныя Альбанія, Чарнагорыя, Ісьляндыя і Ліхтэнштайн, якія таксама далучыліся да антырасейскіх санкцыяў.

Ад 2016 году Расея скасавала рэжым свабоднага гандлю ў дачыненьні да Украіны і таксама ўвяла харчовае эмбарга. Рашэньне стала рэакцыяй на пачатак дзеяньня зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і Эўразьвязам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG