Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абвінавацілі ў нацыяналізьме і плягіяце». Як стваралі кнігу пра 15 жанчын у гісторыі Беларусі


Кніга «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі».
Кніга «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі».

Чаму графа Чапскага несправядліва зрабілі тварам бровару «Аліварыі»? І як кніга пра 15 выбітных жанчын у беларускай гісторыі можа пашкодзіць «великому и могучему русскому языку»? Пра гэта гаворым з кіраўніцай праекту «Гендэрны маршрут» Ірынай Саламацінай, якая праз краўдфандынг на плятформе «Вулей» выдае кнігу «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі», мастачкай Мартай Шматавай, якая напісала партрэт дзяячкі БНР Палуты Бадуновай для гэтага выданьня, і спэцыялісткай у турыстычнай сфэры Карынай Сітнік, якая ладзіць экскурсіі па майстэрнях мастачак, якія праілюстравалі кнігу.

Сьцісла

  • Саламаціна: Пры зборы грошай на некамэрцыйную кнігу, накіраваную на вяртаньне жанчын у гісторыю Беларусі, мяне крытыкавалі за нацыяналізм і фэмінітывы.
  • Шматава: Ілюстрацыя і тэкставая інфармацыя працуюць як нітка, за якую пацягнеш — і перад табой разгортваюцца лёсы ўнікальных жанчын.
  • Сітнік: Жаночая гісторыя Беларусі невядомая, герояў мы ведаем, а гераіні неяк зьнікаюць.

«Дачцэ патрэбная кніга пра беларускіх гераінь»

Ганна Соўсь: Ірына, вы ставіце мэту аднавіць гістарычную справядлівасьць у дачыненьні да беларускіх жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі XIX і XX стагодзьдзяў. Як адзначаецца ў прадмове, «сярод кніг у сэрыі "100 выдатных дзеячаў беларускай культуры" (праект Інстытуту беларускай гісторыі і культуры) — усяго чатыры жанчыны. Мы прапануем перагледзець такую экспэртызу такім чынам, каб уключыць тых, чый унёсак дагэтуль застаецца недаацэненым. Нароўні з мужчынамі жанчыны ішлі да сваёй мэты і дамагаліся посьпеху ў навуцы, палітыцы і культуры Беларусі». Як узьнікла і як была рэалізаваная ідэя гэтага выданьня і чаму толькі 15 жанчынаў?

Ірына Саламаціна, кіраўніца праекту "Гендэрны маршрут". Фота Марыны Бацюковай
Ірына Саламаціна, кіраўніца праекту "Гендэрны маршрут". Фота Марыны Бацюковай

Ірына Саламаціна: Неяк пілі каву зь сяброўкай у кавярні. Яна расказвае пра цудоўную амэрыканскую кнігу «Жанчыны, якія зьмянілі гісторыю Амэрыкі» і просіць параіць для пяцігадовай дачкі прыгожую кнігу аб гераінях. Я ёй стала расказваць пра такую кніжку ва Ўкраіне, пра перакладзеную на расейскую з ангельскай амэрыканскую кнігу «Казкі на ноч для юных бунтарак». Яна кажа: «Патрэбная кніга пра беларускіх гераінь». Я кажу, што такіх кніг для дзяцей у Беларусі няма. І мая сяброўка, якая працуе ў ІТ-індустрыі, кажа: «А давай зробім. Я гатовая аплаціць друк, але я не магу аплаціць увесь цыкль стварэньня выданьня».

У 2016 годзе мы рабілі праект, прысьвечаны адкрытым арт-прасторам — майстэрням мастачак, і я прапанавала гэтую ідэю мастачкам, каб кожная выбрала для сябе гераіню і зрабіла адзін разварот пра яе. Я адправіла мастачкам закладкі праекту «Будзьма беларускамі», а таксама календары 2002 году «Жанчыны-творцы і культура».

У мяне ў самой былі пэўныя сымпатыі. Мне вельмі хацелася, каб быў разварот, прысьвечаны мастачцы Алене Кіш, чыё імя, адзінай прадстаўніцы беларускага прымітывізму, увайшло ў «Сусьветную энцыкляпэдыю наіўнага мастацтва», выдадзеную да 100-годзьдзя Анры Русо. Яе постаць выбрала мастачка Леся Пчолка.

Мне цікавая Палута Бадунова. Сёньня ня ўсе людзі, якія ходзяць на дэманстрацыі, ведаюць, што яе подпіс стаіць пад статутнай граматай, якая абвясьціла Беларускую Народную Рэспубліку. Сшыткі-запіскі Бадуновай, канфіскаваныя пры арышце, да гэтага часу не апублікаваныя. І я ўдзячная Марце Шматавай за тое, што яна намалявала Палуту, прычым зрабіла малюнак самай першай.

Ілюстратарка Лена Немік выбрала і намалявала Стэфанію Станюту. Яе дзядуля зь ёй сябраваў, а яна сама хадзіла ў музэй тэатру натхняцца (там ёсьць пакой, прысьвечаны Станюце). Праз год мы выбралі 15 гераінь, і я вырашыла, што час спыніцца, паколькі праект патрабуе шмат сілаў і рэсурсаў. Увогуле я маю матэрыял па больш чым 150 беларускіх гераінях.

«Лёс Бадуновай — люстэрка часу, але пры гэтым цалкам унікальны для жанчыны»

Ганна Соўсь: Такім чынам над выданьнем працавалі 15 беларускіх мастачак, якія на валянтэрскіх пачатках праілюстравалі гісторыі гераінь, якіх іх натхнілі. Марта, вы выбралі партрэт палітычнай лідэркі БНР Палуты Бадуновай, жанчыны зь яркім і трагічным лёсам. Дарэчы, жаночы подпіс пад Актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў. Які выклік стаяў перад вамі, каб раскрыць асобу і маштаб гэтай жанчыны?

Марта Шматава
Марта Шматава

Марта Шматава: Акрамя Палуты, на фатаздымку дэлегатаў Усебеларускага зьезду 1917 году сярод некалькіх дзясяткаў мужчын ёсьць таксама Паўліна Мядзёлка і Зоська Верас, але толькі Бадунова дасягнула сапраўдных вышынь у сваёй палітычнай дзейнасьці. Яна ўваходзіла практычна ва ўсе кіруючыя структуры нацыянальнага руху. Была адзінай жанчынай-міністаркай (сацыяльнай апекі) БНР. Таксама была лідэркай партыі беларускіх эсэраў, што налічвала каля 20-ці тысяч чалавек. Яе подпіс стаяў пад Актам незалежнасьці і ня толькі. Трагічна закінула — была расстраляная НКВД у 1938 годзе. Яе лёс — люстэрка часу, але пры гэтым цалкам унікальны для жанчыны. Маёй задачай перадусім было прыцягнуць увагу дзяўчат-чытачак да яе неверагоднага лёсу, зацікавіць. Магчыма, вывучаючы біяграфію Палуты разам з бацькамі, дзяўчаты зьвернуць увагу на тое, што сваіх вышынь і росту самасьвядомасьці яна дасягнула ў выніку шматгадовай працы над сабой.

У палітыку Палута прыйшла пасьля 30-ці гадоў. Яна не была беларускай па паходжаньні, аднак прага да ведаў і знаёмства з колам беларускай інтэлігенцыі прывялі яе да ўсьведамленьня адметнасьці беларусаў, вывучэньня мовы і барацьбы за незалежнасьць. Як гэта ўсё можна выявіць у ілюстрацыі? Немагчыма. Я проста сабрала матэрыял, які, верагодна, выклікае пытаньні, і пазьней дзяўчаты самі знойдуць на іх адказы. Як гэта рабіла Палута.

Кніга «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі». Палута Бадунова. Мастачка Марта Шматава.
Кніга «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі». Палута Бадунова. Мастачка Марта Шматава.

Я выкарыстоўвала фатаздымкі і партрэты самой Бадуновай, фрагмэнт архітэктурнай забудовы Саборнай плошчы, дзе засядаў Народны сакратарыят (захаваліся фоты), першую пячатку НС са снапом, касой і граблямі, сам подпіс Палуты, людзей зь бел-чырвона-белым сьцягам як сымбаль таго віраваньня жыцьця і змаганьня, якое панавала на вуліцах, беларускі арнамэнт. Спадзяюся, візуальны шэраг адназначна зьвязвае маю гераіню з палітычным лёсам Беларусі і робіць пазнавальнай.

«Нашая ідэя — зрабіць падарожжа па жаночай гісторыі Беларусі»

Ганна Соўсь: Карына, гэтае выданьне разьлічанае на шырокую аўдыторыю ня толькі ў Беларусі. Кніга выходзіць на трох мовах — беларускай, расейскай, ангельскай. Як вы далучыліся да рэалізацыі гэтай ідэі?

Карына Сітнік
Карына Сітнік

Карына Сітнік: Я — арганізатарка культурных і экалягічных вандровак па Беларусі. Я далучылася, каб дапамагчы распаўсюдзіць гэтую інфармацыю. У нас ёсьць свая аўдыторыя, якая цікавіцца культурай і гісторыяй Беларусі, у тым ліку і жаночай гісторыяй. У нашай каманды была ідэя зрабіць падарожжа па жаночай гісторыі Беларусі, якая проста невядомая, прынамсі сярод маладога пакаленьня. Я сама адношуся да гэтага пакаленьня і бачу, што мы ня ведаем сваіх гераінь. Герояў, можа, і ведаем, а гераіні неяк зьнікаюць.

Калі падчас «Фэсту экскурсаводаў» я патрапіла на экскурсію ў майстэрню, якую праводзіла Ірына, я зразумела, што гэта якраз тое, што мы шукаем. Я зьяўляюся арганізатаркай турыстычнага праекту «Паход у народ» і далучыўся да збору сродкаў праз падтрымку арганізацыі візытаў у жаночыя майстэрні. Усе сабраныя сродкі, за выключэньнем арганізацыйных выдаткаў, ідуць на падтрымку кнігі.

«Усе ведаюць Чапскага, але не заснавальніцу і шматгадовую кіраўніцу "Аліварыі" Фрумкіну»

Ганна Соўсь: На якім фоне выходзіць гэтае выданьне? Наколькі гэтая кніга ўнікальная? Ці былі раней падобныя выданьні? Я магу згадаць шэраг выданьняў Алены Гапавай пра выбітных жанчын у розных сфэрах, але гэта было дастаткова даўно.

Ірына Саламаціна: Наконт унікальнасьці. Мала хто памятае пра тое, што бровар «Аліварыя» заснавала менская прадпрымальніца Рохля Фрумкіна. Яе вельмі хутка намалявала арт-актывістка і ілюстратарка Дар’я Сазановіч. Заснаванаму ёю бізнэсу, бровару — 155 гадоў! Сёньня акцыі менскага піўзаводу «Аліварыя» працягваюць прыносіць прыбытак.

Ілюстрацыя пра Рохлю Фрумкіну для кнігі «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі». Мастачка Дар'я Сазановіч
Ілюстрацыя пра Рохлю Фрумкіну для кнігі «Яна была: 15 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі». Мастачка Дар'я Сазановіч

Дарʼя напісала ў сябе на старонцы: «Я запала на Рохлю Фрумкіну, якая заснавала бровар (цяпер вядомы як "Алiварыя") і потым яшчэ 20 гадоў ім кіравала. Пакуль увесь сьвет ужо навучыўся прадаваць любы girls power, тут зьнікае такая крутая гатовая прафэм-гісторыя і зусім ніяк не выкарыстоўваецца брэндам. Маркетолягі, алё! І неяк сумна, што ў сувязі з брэндам мы ўсе ведаем Чапскага, які калісьці 5 гадоў валодаў заводам, а потым і зусім яго прадаў». Вось такі фон, калі такія жанчыны зьнікаюць у нябыт.

Мастачка Дар'я Барышнікава намалявала Паліну Партнову, якая выратавала больш за 100 дзяцей у часу Другой сусьветнай вайны
Мастачка Дар'я Барышнікава намалявала Паліну Партнову, якая выратавала больш за 100 дзяцей у часу Другой сусьветнай вайны

Калі я напісала, што мы робім такую кнігу, то атрымала ў Фэйсбуку ў прыват паведамленьне: «Магу дадаць да выбітных жанчын Беларусі Партнову Паліну Сяргееўну, загадчыцу дзіцячага дому малюткі, пад кіраўніцтвам якой падчас вайны з Полацку дзетак пад абстрэлам эвакуявалі ў канцылярскіх скрынях, падчас бамбёжак хавалі ў лясах. За вайну ня страцілі ніводнага. Калі цікава, магу падабраць інфармацыю, гэта мая прабабуля...»

Калі я пачала шукаць інфармацыю пра Паліну Партнову, то даведалася, што гістарычны музэй у Наваполацку толькі зьбірае інфармацыю пра яе, а мне яе праўнучка ўжо прыслала фатаздымкі і ўсе дадзеныя пра яе. Такім чынам зьявіўся разварот пра Паліну Партнову, які зрабіла ілюстратарка Дарʼя Барышнікава.

«Як мінімум палову гераінь кніжкі я ня ведала»

Ганна Соўсь: Марта, давайце прадставім іншых мастачак, якія працавалі над кнігай. І чым для вас быў важны ўдзел над гэтым праектам?

Марта Шматава: Я не магу ў рамках перадачы разгорнута прадставіць кожную аўтарку, але, для пачатку, пералічу прозьвішчы: Ксенія Гуніна, Тацяна Радзівілка, Дар’я Сазановіч, Сумаравы Кацярына і Марыйка, Ганна Каралёва, Алена Немік, Лілія Бусарава, Дар’я Барышнікава, Антаніна Слабодчыкава, Алеся Жыткевіч, Кацярына Шутко і Леся Пчолка.

Для мяне надзвычай важным у гэтым праекце, акрамя значнасьці самой ідэі, было супрацоўніцтва самых розных аўтарак. Я ведаю, што спэктар дзейнасьці па абароне правоў жанчын, якую вядзе Ірына Саламаціна, вельмі шырокі, але яна ніколі не выпускала з поля ўвагі культуру і мастацтва, што асабіста для мяне вельмі прыцягальна, і таму, калі яна прапанавала, я адразу згадзілася.

Мастачка Тацяна Радзівілка намалявала Алену Аладаву (1907-1986), дырэктарку Нацыянальнага мастацкага музэю
Мастачка Тацяна Радзівілка намалявала Алену Аладаву (1907-1986), дырэктарку Нацыянальнага мастацкага музэю

Аднак жа гэта заўсёды так праблемна — адарвацца ад цякучых пытаньняў і зрабіць нешта на агульную карысьць, як кажуць, «за ідэю». Тым ня менш, я зрабіла сваю ілюстрацыю першая, а потым, калі назірала, як у фб-групе зьяўляюцца гераіні ад самых розных аўтарак, проста шчыра радавалася. Аўтаркі, сапраўды, самыя розныя — ад дзяўчынкі Марыйкі Сумаравай, якая натхняла сваю маці, мастачку Кацярыну Сумараву, і рабіла ілюстрацыю разам зь ёй, да прафэсійных мастачак. Прычым, ілюстрацыі атрымаліся вельмі розныя «па гучаньні» — сярод іх ёсьць і патрыятычныя, і гераічныя, і лірычныя, і нават гумарныя.

На пачатку я трохі сумнявалася, што ўсё гэта можна спалучыць стылістычна, але цяпер бачу, што памылялася і, наадварот, такая разнастайнасьць — адназначны плюс. Да таго ж сабраць такую каманду пад адным «дахам» — само па сабе зьява і каштоўны досьвед, як агульнымі намаганьнямі на сьвет зьяўляецца нешта новае і карыснае. Ну і як мінімум палову гераінь кніжкі я ня ведала. Ты міжволі пачынаеш шукаць даданую інфармацыю і часам захапляесься так, што немагчыма адарвацца. Ілюстрацыя і тэкставая інфармацыя працуюць як нітка, за якую пацягнеш — і перад табой разгортваюцца лёсы ўнікальных жанчын, ты бачыш, чаго можна дасягнуць, калі жанчына напралом ідзе за сваёй ідэяй ці марай.

«Каб было болей жаночых прыкладаў, у нас была б вышэйшай самаацэнка»

Ганна Соўсь: Карына, чаму важна паказваць, расказваць, тлумачыць, вяртаць у грамадзкую сьвядомасьць імёны жанчын, пра якіх чамусьці забыліся, якія ня трапілі ў гісторыю, напісаную пераважна мужчынамі?

Графічная дызайнэрка Кацярына Шутко падзялілася гісторыяй Сафіі Гройсман, якая стварыла больш за пяцьдзясят кампазыцый парфумы, у тым ліку духі Trésor (Lancome).
Графічная дызайнэрка Кацярына Шутко падзялілася гісторыяй Сафіі Гройсман, якая стварыла больш за пяцьдзясят кампазыцый парфумы, у тым ліку духі Trésor (Lancome).

Карына Сітнік: Аказалася, што я і сама ня ведаю шмат імёнаў, якія належаць нашай беларускай гісторыі. Я лічу, што калі б мы ведалі іх больш, каб у нас было больш прыкладаў жанчын, які нароўні з мужчынамі былі рухавікамі прагрэсу, пасьпяховымі прадпрымальніцамі, мастачкамі і гэта далей, гэта б уплывала на разьмеркаваньне сацыяльных роляў. Тады ў нас было б болей самаўпэўненасьці і вышэйшая была б самаацэнка.

«Для маіх расейскіх калегаў мэта вяртаньня жанчын у гісторыю Беларусі другасная»

Ганна Соўсь: Як ідзе збор сродкаў? Якая гераіня кнігі блізкая менавіта вам? Ці заўсёды значны ўнёсак у гісторыю і культуру спалучаецца з трагізмам лёсу?

Ірына Саламаціна: За першы тыдзень мы сабралі 31% ад патрэбнай сумы. Гэтага не дастаткова, каб давесьці праект да завяршэньня. Гэта кніга выходзіць на трох мовах, таму гэта даволі складаная задача. У нас будзе адзін разварот па-беларуску, другі ў выглядзе расфарбоўкі па-расейску і будзе яшчэ дадатак па-ангельску. Я люблю ўсіх гераінь, якіх выбралі мастачкі, за што я ім моцна ўдзячная.

Пра такія праекты ў Беларусі можна гаварыць з пэўным трагізмам. У мяне склалася адчуваньне, што паколькі адзін у полі воін, то мы як тыя ваіцельніцы. Па вялікім рахунку я бачу вялікую падтрымку з боку мастачак, ілюстратарак, але ў цэлым у публічнай прасторы я не адчуваю моцнай падтрымкі.

Гэтак жа мяне не зусім разумеюць мае ўкраінскія каляжанкі. Калі я закінула інфармацыю пра краўдфандынг у адну фэмінісцкую ўкраінскую групу, там адразу выставілі прэтэнзію, што я запазычыла чужую ідэю. У мінулым годзе кнігай году ва Ўкраіне стала кніга «Це зробила вона». Гэта першая ілюстраваная кніга пра выдатных украінак з 50 гісторыямі посьпеху жанчын у гісторыі Ўкраіны. Гэта было камэрцыйнае выданьне. Сёлета рыхтуюць выхад другога тому пра яшчэ 50 гераіняў.

Я не ўяўляю камэрцыйнае выдавецтва, якое б ініцыявала праект аб гераінях беларускай гісторыі ў Менску. Нэалібэралізм ва Ўкраіне рэалізуецца поўным ходам, камэрцыйную каштоўнасьць падобных праектаў там ведаюць. Але ў нас гэтага няма і ня хутка будзе. Я, як асобная жыхарка Менску, выйшла з такім праектам на краўдфандынг, а мяне палічылі канкурэнткай, якая спрабуе пераняць ідэю. Мне вельмі дзіўна чуць такія абвінавачваньні ад украінскіх каляжанак, таму што я ведаю, я мінімум, дзесяць падобных кнігаў, якія выйшлі ў сьвеце, у тым ліку «Казкі на ноч для юных бунтарак».

А некаторыя расейскія калегі выказалі незадаволенасьць тым, што ў апісаньні на ulej.by выкарыстоўваюцца фэмінітывы, якія нібыта псуюць «великий и могучий русский язык». Больш за тое, некаторыя ўбачылі ў кнізе прасоўваньне «беларускага нацыяналізму». Атрымалася, пры зборы грошай на некамэрцыйную кнігу ў Беларусі, накіраваную на падтрыманьне гістарычнай справядлівасьці і вяртаньне жанчын у гісторыю, я чую заклікі выконваць нейкія ўмовы нават ад фэм-актывістак. Некаторыя ўкраінскія фэміністкі патрабуюць узгадненьня ідэі/назвы з украінскім камэрцыйным выдавецтвам. Некаторыя расейскія калегі выказваюць крытыку «нацыяналізму». Для маіх расейскіх калегаў мэта вяртаньня жанчын у гісторыю Беларусі другасная. А першаснае — дзіўнае цьверджаньне, што я псую вялікую і магутную расейскую мову.

Гэта значыць, што вяртаньне жанчын у гісторыю ўсё яшчэ зьяўляецца прадметам гандлю, дзе выстаўляюцца ўмовы. Вось такое «адзінства» і гатоўнасьць «падтрымліваць» нават у як бы ў дружалюбным фэм-камʼюніці мяне моцна азадачыла. Я спадзяюся, што мы зьбяром сродкі і рэалізуем гэты праект, такім чынам зробім першы крок дзеля выкарыстаньня ідэі girl-power і далейшай яе камэрцыяналізацыі ў Беларусі.

Марта Шматава: Усе лёсы гераінь кнігі захапляюць, але мне бліжэй гісторыі дзяячак нацыянальнага руху — Палуты Бадуновай, Эміліі Плятэр і жанчын-творцаў Надзеі Хадасевіч-Лежэ, Стэфаніі Станюты і іншых. Перад подзьвігамі часоў Другой сусьветнай вайны таксама немагчыма не схіліць галаву. Трагізм лёсу ня ёсьць абавязковым складнікам, як мы пабачым з кніжкі, аднак, калі дзейнасьць прадугледжвае поўную самаахвярнасьць і ажыцьцяўляецца ў варожым асяродзьдзі, то найхутчэй гэта так.

Карына Сітнік: Я б вылучыла як улюблёную гераіню спадарыню Фрумкіну. Яна прадпрымальніца, гэта мне бліжэй. Хацелася б на яе раўняцца. І таксама сытуацыя з графам Чапскім, які зьяўляецца тварам «Аліварыі», мне падаецца нейкай несправядлівасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG