Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жаночы подпіс пад Актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў» — Лебедзева, Процька і Стужынская пра жанчын эпохі БНР


Вершніца. Пагоня. Ілюстрацыйнае фота.
Вершніца. Пагоня. Ілюстрацыйнае фота.

Напярэдадні 100-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі гаворым пра жанчын эпохі БНР з трыма гісторыкамі — дасьледчыцай біяграфіі Палуты Бадуновай, гомельскім гісторыкам і краязнаўцай Валянцінай Лебедзевай, і дзьвюма ляўрэаткай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру дасьледніцай антысавецкага супраціву ў Беларусі Нінай Стужынскай і Тацянай Процькай, якая вывучала дзейнасьць спэцслужбаў у таталітарных і посттаталітарных дзяржавах.

«Жаночыя фігуры вельмі рэдкія на тым палітычным небасхіле»

Ганна Соўсь: Рыхтуючыся да перадачы, я пераглядзела спэцыяльны цыкль публікацый Анатоля Сідарэвіча «Яны былі першыя» на сайце Свабоды. Там я налічыла пакуль партрэты 34 асобаў, сярод іх былі толькі дзьве жанчыны — Людвіка Сівіцкая і Палута Бадунова. Ці адпавядае гэтая прапорцыя гістарычнай праўдзе, рэальнаму ўдзелу жанчын у тых падзеях?

Тацяна Процька.
Тацяна Процька.

Тацяна Процька: З тагачасных дзеячаў я бы адзначыла і Паўліну Мядзёлку. Яшчэ да абвяшчэньня БНР яна брала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы 1 Усебеларускага зьезду, на зьезьдзе актыўна працавала ў культурніцкай сэкцыі. Была ў эміграцыі. У 1926 годзе, як і шмат хто з радаўцаў, паверыла савецкай уладзе і вярнулася ў БССР. Але дадатак да гэтага сьпісу Мядзёлкі прапорцыі ня зьменьвае — сапраўды жанчын у кіраўніцтве БНР было мала.

Валянціна Лебедзева.
Валянціна Лебедзева.

Валянціна Лебедзева: Я згодная, што прапорцыя дакладная, напэўна. Можна яшчэ дадаць Веру Маслоўскую, Анету Дуж-Душэўскую, Марыю Бадунову, сястру Палуты, якая брала даволі актыўны ўдзел у дзейнасьці партыі эсэраў і была правай рукой сваёй сястры. Можна яшчэ знайсьці жанчын, але гэтая прапорцыя ўсё роўна ня зьменіцца, я згодная тут з Тацянай.

Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

Ніна Стужынская: Згодная з калегамі, што жаночыя фігуры вельмі рэдкія на тым палітычным небасхіле. Але я думаю, што вось гэтая прапорцыя павялічылася б, калі б мы разглядалі ніжэйшы ўзровень палітычнага прадстаўніцтва, калі ўзяць партыю эсэраў. Проста тэма яшчэ недастаткова дасьледаваная, але гледзячы, напрыклад, на слуцкія падзеі, час перад паўстаньнем і пасьля, то бачна, што актыўны ўдзел ва ўсіх гэтых палітычных падзеях прымалі жанчыны. Эсэркі, настаўніцы ў першую чаргу. Калі браць да ўвагі і дасьледаваць вось гэты пласт палітычна актыўных жанчын сярэдняга ўзроўню і ніжэйшага, то прадстаўніцтва жанчын значна павялічыцца.

«Усе гэтыя жанчыны былі да фанатызму верныя тым ідэям, якім прысьвяцілі жыцьцё»

Ганна Соўсь: Калі параўнаць удзел жанчын у падпісаньні актаў аб незалежнасьці, у абвяшчэньні незалежнасьці ў суседніх краінах Літве, Украіне і ў Беларусі, то што было падобнае, і ў чым была розьніца?

Тацяна Процька: Прозьвішчы жанчын-палітыкаў, якія захавала гісторыя на тэрыторыі былога СССР, я бы назвала клясава матываванымі. Бо ў савецкія часы нельга было нават узгадваць прозьвішчы людзей, варожых бальшавізму. Таму мы ведаем больш пра жанчын, якія падтрымлівалі бальшавікоў, унесьлі значны ўнёсак у станаўленьне бальшавізму. Ва Ўкраіне, напрыклад, мы ведаем больш пра дзейнасьць у гэтыя часы Яўгеньні Бош, якая у сьнежні 1917 году фактычна ўзначальвала савецкі ўрад ва Ўкраіне, зьяўлялася міністрам унутраных спраў.

Жанчыны браліся за самыя цяжкія справы, якія не давалі публічнага замілаваньня.

З расейскіх жанчын можна ўзгадаць Кацярыну Брашко-Брашкоўскаю, заснавальніцу партыі эсэраў, ці Марыю Спірыдонаву — адну з кіраўнікоў партыі левых эсэраў. Жанчыны, якія былі актыўнымі ў палітыцы на пачатку 20 стагодзьдзя, былі рознымі па саслоўнаму паходжаньню, жыцьцёвым укладам, узросьце. Некаторыя зь іх былі вельмі прыгожыя, некаторыя — ня вельмі. Між імі, аднак, больш падобнага. Падобным я бы вызначыла лес гэтых жанчын — ён ва ўсіх быў трагічным, хоць і ў кожнай па-свойму. І ня толькі, так бы мовіць, у жаночым пляне, без каханых, нармальных сем’яў, дзяцей, а і ў агульначалавечым пляне.

Напрыклад, Яўгеньня Бош скончыла жыцьцё самагубствам, Палута Бадунова цяжка псыхічна захварэла і была расстраляная, Брашко-Брашкоўская вымушаная была іміграваць, Марыя Спірыдонава расстраляная. Падобнае таксама ёсьць у дзейнасьці — жанчыны браліся за самыя цяжкія справы, якія не давалі публічнага замілаваньня, калі можна так выказацца. Брашко-Брашкоўская была арганізатарам эсэраўскіх баявых дружын, якія займаліся ў сучасным разуменьні, тэрарызмам, Палута Бадунова адказвала за вырашэньне сацыяльных пытаньняў у краіне, разбуранай вайной, з больш за 1 мільёнам уцекачоў! І яшчэ — усе гэтыя жанчыны былі да фанатызму верныя тым ідэям, якім яны прысьвяцілі жыцьцё. Ва ўсіх успамінах пра гэтых жанчын абавязкова адзначаецца гэтая якасьць.

«З усіх краін жаночы подпіс пад актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў»

Ганна Соўсь: Тацяна вельмі глыбока адзначыла, што аб’ядноўвае ўсіх жанчын, якія на нашай і суседняй тэрыторыях былі вельмі актыўнымі, няшчасны лёс і адданасьць тым ідэям, якім яны прысьвяцілі жыцьцё. Спадарыня Валянціна, ці б вы пагадзіліся з такой ацэнкай, і якую вы бачыце адметнасьць, падобнасьць ці розьніцу?

Вядома, што Вацлаў Ластоўскі запрашаў менавіта Бадунову на Вэрсальскую канфэрэнцыю.

Валянціна Лебедзева: Можна адзначыць, што жанчыны чамусьці аказаліся ў левым крыле гэтага рэвалюцыйнага руху — гэта і эсэркі, і бальшавічкі. Адносна Палуты Бадуновай я магу сказаць, што яна таксама ня толькі займалася справамі апекі ў пачатковым пэрыядзе, падчас Усебеларускага зьезду ці моманту абвяшчэньня БНР, а потым яна была сапраўдным лідэрам партыі эсэраў. Менавіта ёй належалі ваенна-палітычныя дамовы ў тым жа Смаленску пра сумесныя баявыя дзеяньні заходняга фронту і эсэраўскіх паўстанцкіх аддзелаў супраць палякаў на тэрыторыі Беларусі. І паездкі яе ў Маскву для вырашэньня наогул будучыні Беларусі, формы яе дзяржаўнасьці. Гэта ўсё Бадунова найперш, хоць яна ў гэтым дыпляматычных місіях яна была і не адна.

Вядома, што Вацлаў Ластоўскі запрашаў менавіта Бадунову на Вэрсальскую канфэрэнцыю. Яна ехала туды разам зь ім таксама для вырашэньня лёсу Беларусі ўжо пасьля Першай сусьветнай вайны. Так што яна пэрсона сапраўды ня толькі справаў апекі, ня толькі таго, што было ёй больш блізка як жанчыне і настаўніцы, яна — сапраўдны палітычны лідэр.

А што датычыць пытаньня пра нашых суседзяў, то мне здаецца, што Беларусь тут дала фору сваім суседзям. Я глядзела сьпісы, напрыклад, украінскага руху, які значна больш моцны, значна больш пасьпяховы. Склад украінскай цэнтральнай рады — 115 чалавек. У іх складзе толькі 6 жанчын. Пры чым найбольш вядомыя жанчыны — гэта Марыя Грушэўская і Сафія Русава. Яны ў нечым блізкія да нашай Палуты, таму што яны таксама займаліся настаўніцтвам, яны былі пэдагогамі, але ж параўноўваць тут вельмі цяжка, таму што ў палітыку прывялі як жанчын іхнія мужчыны, мужы — Міхайла Грушэўскі і Аляксандар Русаў, вядомыя палітычныя дзеячы. Побач зь імі, у іх ценю стаялі вось гэтыя жанчыны. У нас Палута Бадунова прыйшла да палітычнага лідэрства самастойна абсалютна, і з усіх, напэўна, краін жаночы подпіс пад Актам незалежнасьці стаіць толькі ў беларусаў.

У нашай гісторыі жанчыны прысутнічаюць з пункту гледжаньня такой, скажам так, ахвярнасьці.

Ніна Стужынская: Я таксама паглядзела сьпісы літоўскіх палітыкаў, якія спрычыніліся да акту незалежнасьці 1918-га году, і я не ўбачыла ніводнага жаночага імя. Так што, сапраўды, мы тут даем пэўную фору, таму што да справы абвяшчэньня незалежнасьці спрычынілася зорка першай велічыні на палітычным небасхіле — гэта Палута Бадунова. Мяне сапраўды вельмі цікавіла пытаньне матывацыі ўдзелу жанчын.

І хачу сказаць, што вось Палута Бадунова якраз мела ўласныя палітычныя мэты, яна ня проста ішла ў рэчышчы інтарэсаў мужчын-палітыкаў, але сапраўды мела свае ўласныя задачы, пляны і мэты.

У нашай гісторыі жанчыны прысутнічаюць з пункту гледжаньня такой, скажам так, ахвярнасьці. Яны цікавыя ў той вялікай гісторыі, напісанай збольшага з пункту гледжаньня інтарэсаў мужчын, наколькі жанчына ахвяравала сябе для інтарэсаў вялікай краіны, для інтарэсаў мужа, для інтарэсаў тагачаснай улады і г.д. На самай справе мы маем сытуацыю абсалютна іншую.

Наша сёньняшняя праблема палягае ў тым, што гэтых дачок нацыі мы мала ведаем.

Хваля нацыянальнага адраджэньня на мяжы 19-га і 20-га стагоддзяў узьняла ў Беларусі цэлы шэраг жанчын. Мы бачым такую зьяву як пакліканьне сацыяльных актывістак, прыйшоў іх час. Працэс фармаваньня нацыянальнай эліты тады якраз прадугледжваў існаваньне такіх сьвядомых дачок нацыі. Думаю, наша сёньняшняя праблема палягае ў тым, што гэтых дачок нацыі мы мала ведаем. Мала ведаем іх імёны, мала зрабілі дасьледчыкі, каб дастаць гэтыя імёны і даць у шырокую публічную прастору.

«Жанчыны сталі кіраўніцамі краін, дзе калісьці гэтыя „тры К“ панавалі — узгадаю Ангелу Мэркель»

Ганна Соўсь: Я бы хацела працытаваць успамін Ларысы Геніюш пра апошнюю сустрэчу зь цяжка хворым Васілём Захаркам: «Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынёю БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, есьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год... „На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай“. Тады я запрапанавала Абрамчыка», — піша Геніюш. Ніна, Валянціна, Тацяна, пракамэнтуйце, калі ласка, гэтыя словы з пазыцый таго і цяперашняга часу.

Тацяна Процька: Я бы зьвярнула ўвагу на тое, як цывілізацыя зьмяніла падыходы да ролі і месца жанчын у палітыцы. Ад шырока вядомых, вызначаных Гітлерам, трох К — кухня, дзеці і царква — жанчыны сталі кіраўніцамі краін, дзе калісьці гэтыя «тры К» панавалі — узгадаю Ангелу Мэркель. З пазыцый таго часу лічылася, што жанчыны мала і не шырока адукаваныя, больш эмацыйныя, менш адказныя, таму высокія пасады, дзе патрабуецца вытрымка, халодны разьлік, адказнасьць, для жанчын не падыходзяць. Сёньня гэта называецца мужчынскім шавінізмам

Валянціна Лебедзева: Я магу пагадзіцца часткова з Тацьцянай, таму што сапраўды прыход жанчын у палітыку — гэта толькі пачатак 20-га стагодзьдзя, калі зьяўляюцца жаночыя палітычныя актывісткі і лідэры-жанчыны. Аднак, паглядзім, якім насамрэч быў іхні лёс. Тацяна сказала і пра лёс расейскіх актывістак-эсэрак, і бальшавічак. Пра што сьведчылі прыклады Яўгеніі Бош і нашай Бадуновай? Пра трагізм і няўдзячнасьць. Таму, напэўна, адсутнасьць сацыяльнага прыкладу жаночага посьпеху ў палітыцы дала падставу Захарку казаць тое, што ён сказаў.

Палута Бадунова.
Палута Бадунова.

Тым больш, ня будзем забываць, што ўсё ж ішла вайна. Гэта асобная экстрэмальная сытуацыя, і, напэўна, ў тыя часы ў ніводнай краіне мы такога жаночага лідэрства ня можам узгадаць, ад пэрыяду Другой сусьветнай вайны. Што зьмянілася на сёньняшні дзень? У Эўропе зьмянілася шмат чаго. А мы пакуль што перажываем пераходны пэрыяд, пэрыяд высьпяваньня паняцьцяў дзяржаўнасьці, палітыкі, суб’ектаў палітычнага жыцьця. І таму на сёньняшні дзень, я думаю, гэта таксама застаецца вялікай праблемай і для Беларусі. Ды і ня толькі для Беларусі. Давайце паглядзім на суседнія краіны. Для жанчыны і посьпех у палітыцы, і зацьвярджэньне сябе на нейкіх лідэрскіх дзяржаўных ролях таксама застаецца пакуль што вельмі праблематычным, калі браць, напрыклад, славянскія краіны.

Ганна Соўсь: У суседняй Літве прэзыдэнтка — жанчына.

Валянціна Лебедзева: У літоўцаў і латышоў трошкі іншая гістарычная парадыгма.

«Палітыка — тая сфэра, дзе мужчыны не прапускаюць жанчын наперад»

Ніна Стужынская: Палітыка — гэта тая сфэра, дзе мужчыны не праяўляюць такую якасьць, як галянтнасьць, і не прапускаюць жанчын наперад. Што тычыцца выказваньня вядомага беларускага палітыка, спадара Захаркі, то, канешне, кажучы сучаснай мовай, ён меў моцныя гендэрныя стэрэатыпы. Калі ўважліва праслухаць гэтую цытату, то бачна, што тут падзяляецца: людзі і жанчыны. Вось калі б яна была «чалавекам», прыдатным да гэтай справы, то магчыма, ён бы перадаў высокую пасаду ёй. А калі вось яна жанчына, то шкада.

Палітычная сфэра для жанчын у неспрыяльных умовах, гэта цяжкая доля і праца.

Сапраўды, з таго часу шмат і шмат чаго зьмянілася. На адной з канфэрэнцый Міхась Чарняўскі (Сьветлая памяць!) сказаў, што жанчына ў палітыцы можа рэалізавацца толькі ў цывілізаванай краіне. І вось гэтыя трагічныя лёсы жанчын, пра якія мы сёньня гаворым, якраз і сьведчаць пра тое, што ў недэмакратычнай краіне, у нецывілізаваных умовах, у складаных стасунках вайны, жорсткага сацыяльнага канфлікту жанчыне вельмі цяжка праявіць сябе ў такой сфэры як палітыка. І спадар Міхась, канешне, меў на ўвазе і сучасную Беларусь, калі казаў пра становішча жанчын у палітыцы. Ён сапраўды слушна заўважыў у свой час, што палітычная сфэра для жанчын у неспрыяльных умовах (меў на ўвазе і нашу краіну), гэта цяжкая доля і праца.

«Палута заплаціла за свой жыцьцёвы выбар усім, чым можа заплаціць чалавек наогул»

Ганна Соўсь: Спадарыня Валянціна, я прывяду цытату з вашай працы пра Палуту Бадунову: «Біяграфія П. Бадуновай падаецца нам цікавай не толькі для аднаўленьня гістарычнай памяці, але і для аналізу жаночага лідэрства ў палітычным жыцьці Беларусі ХХ стагодзьдзя». У чым яна была першай? У чым яе адметнасьць і ўнікальнасьць у гэтым кантэксьце?

Прэзэнтацыя фільму пра Палуту Бадунову ў Гомелі, выступае Валянціна Лебедзева. 2012 год.
Прэзэнтацыя фільму пра Палуту Бадунову ў Гомелі, выступае Валянціна Лебедзева. 2012 год.

Валянціна Лебедзева: Напэўна, гэтую адметнасьць і ўнікальнасьць мы ўжо адзначылі. Яна сапраўды была першая ня толькі ў беларускім палітычным полі, а нават на міжнародным. Яе адметнасьць і ўнікальнасьць у тым, што яна ня толькі сябе прэзэнтавала, яна прэзэнтавала і жаночае лідэрства сярод іншых краін. Першая жанчына — сапраўдная палітычная лідэрка. Я думаю, мы тут абагналі сваіх суседзяў. Але паўтару, што яна і па сёньняшні дзень застаецца аб’ектам аналізу жаночага лідэрства.

На маю думку, трэба аналізаваць гэтую пэрсону ня толькі гісторыкам, але і палітолягам, і сацыёлягам, і гендэрным дасьледчыкам, і псыхолягам. І суадносіны, пра што сказала спадарыня Стужынская, пэрсанальнай актыўнасьці і гістарычнага кантэксту таксама застаюцца на сёньня надзвычай унікальнымі, надзвычай запатрабаванымі. Калі казаць пра вобраз самой Палуты, то я застаюся на тых жа сваіх пазыцыях, што, на жаль, біяграфія Палуты і яе вобраз — гэта вобраз пасіянарнасьці і трагізму. Неверагоднага трагізму. Таму што яна заплаціла за свой жыцьцёвы выбар усім, чым можа заплаціць чалавек наогул. Яна кінула творчасьць, а яна ж была вельмі творчая асоба. Яна магла бы самарэалізавацца ў літаратурнай сфэры. Яна засталася без асабістага жыцьця, бяз кола блізкіх людзей, пакінутая паплечнікамі і сябрамі. Яна ахвяравала сваім здароўем і наогул жыцьцём. Вось такі вобраз сапраўды патрабуе сыстэмнага аналізу — чаму здарылася так.

Тацяна Процька: Я бы дадала, што ў пэўным сэнсе роля і месца ў дзяржаўным жыцьці Бадуновай падобныя на ролю расейскай дзяячкі Аляксандры Калантай. Апошняя таксама спачатку была міністрам па сацыяльных пытаньнях, потым была дыпляматкай. Але Бадунова служыла дзяржаве, якая ня мела гістарычнага ўвасабленьня і таму па вызначэньні не магла разьлічваць на жыцьцёвы посьпех. Такая сумная адметнасьць.

«Жанчыны Беларусі атрымалі выбарчае права на 3 гады раней за жанчын ЗША»

Ганна Соўсь: Спадарыня Тацяна, давайце пагаворым пра тое, у якіх умовах жылі, працавалі, змагаліся жанчыны ў Беларусі 100 гадоў таму. Напярэдадні вы казалі мне, што тады фэмінізм заключаўся як раз у барацьбе...

Беларускія жанчыны змагаліся супроць хатняга, ня толькі кухоннага рабства.

Тацяна Процька: Так, ва ўсім сьвеце на пачатку 20 стагодзьдзя жанчыны выступалі супроць «кухоннага рабства», за атрыманьне жанчынамі перш за ўсе палітычных правоў. Галоўным з гэтых палітычных правоў зьяўлялася выбарчае права. 1917 год стаў вызначальным для жанчын Беларусі — яны атрымалі выбарчае права на 3 гады раней за жанчын ЗША, на 11 гадоў раней за жанчын Вялікабрытаніі. Але былі і менш вядомыя, асабліва для мужчын праблемы. Жанчыны ня мелі права на скасаваньне шлюбу. На тыя часы для беларускіх жанчын гэтае пытаньне было вельмі важнае і балючае.

Пашырэньне правоў жанчын у тыя часы суправаджалася нападамі на сам інстытут шлюбу, інстытут сям’і.

У сувязі з вайной шмат хто страціў зьвесткі пра мужоў, самі мужчыны сталі іншымі, больш жорсткімі. Беларускія жанчыны змагаліся супроць хатняга, ня толькі кухоннага рабства. Эпіскап Мелхісэдэк, калі прыехаў у Менск у 1918 годзе, палічыў гэтае пытаньне адным з важнейшых для вырашэньня. Заўважу, што ў савецкія часы беларускія жанчыны атрымалі шмат з таго, за што змагаліся жанчыны сьвету — права на аборт, магчымасьць працаваць на традыцыйна мужчынскіх пасадах, у тым ліку і кіруючых, атрымліваць адукацыю. У БССР абавязковай была наяўнасьць жанчын у складзе выбарных органаў усіх узроўняў. У пэўным сэнсе дзяячкі БНР лічылі гэта і сваім дасягненьнем. І мабыць, таму і вярнуліся з замежжа ў Беларусь.

Але хачу зьвярнуць увагу на наступную акалічнасьць. Пашырэньне правоў жанчын у тыя часы суправаджалася нападамі на сам інстытут шлюбу, інстытут сям’і. Менавіта тады пачалі гаварыць пра сэксуальную рэвалюцыю, свабоднае каханьне, грамадзянскі шлюб. У цэлым па сваім наступствам гэтыя зьявы былі адмоўныя для савецкага грамадзтва. Барацьба з гэтымі зьявамі звузіла, фармалізавала ў савецкія часы ролю жанчыны. Узьнік парадокс.

Калі ў часы БНР у жанчын амаль не было правоў, але сваімі здольнасьцямі асобныя зь іх маглі дасягнуць выбраных імі самімі вяршынь, маглі адчуваць сябе свабоднымі, то ў савецкія часы пры наяўнасьці правоў жанчыны, нават самыя здольныя, не вырашалі свой лес, не маглі разьлічваць на дасягненьне мэтаў бяз згоды на тое з боку мужчын, якія былі на ўсіх кіруючых пасадах, выбіралі і прызначалі на падобныя пасады неабходныя адсоткі жанчын — пакорлівых, згодлівых, верных. Гэты савецкі звычай захаваўся і да сёньня.

Ганна Соўсь: Спадарыня Ніна, вы — арганізатарка навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай жанчынам БНР. Наколькі гэтая тэма глыбока распрацаваная беларускімі дасьледчыкамі? Ці даступная гэтыя інфармацыя для шырокай аўдыторыі?

Ніна Стужынская: На жаль, гэтая тэма дасьледаваная, а тым больш прадстаўленая ў больш шырокай, публічнай прасторы вельмі і вельмі сьціпла. Я думаю, што тут яшчэ стаіць задача перад дасьледчыкамі, каб усё ж распрацаваць гэтую гісторыю, паглядзець уважліва крыніцы. Напрыклад, настаўніцы — гэта дочкі нацыі, якія не заўважныя, якія засталіся ў ценю гісторыі. А я ведаю, што крыніц дастаткова багата. Як настаўніцы працавалі ў першых беларускіх школах — гэта быў подзьвіг на самой справе. Ёсьць прыклады, што ў некаторых мясьцінах з жанчынай нават фізычна распраўляліся, яе маглі забіць за яе перакананьні, за яе адданасьць, за яе беларускасьць. Канешне, такія прыклады засталіся ў гістарычным ценю.

Настаўніцы — гэта дочкі нацыі, якія не заўважныя, якія засталіся ў ценю гісторыі.

Мы паспрабавалі ўдзельнічаць у вялікіх праектах жаночай гісторыі дастаткова нядаўна — успомніць намаганьні той жа Алены Гапавай у 90-я гады, калі была выдадзена некалькі кніжак, калі зьявілася некалькі новых імёнаў, якія зараз маюць гістарычную ўжо вядомасьць. Але гэта жаночая гісторыя, якая налічвае ўсяго 40 гадоў. Яна такая перарывістая, несыстэмная і гэтак далей, быццам бы да сёньняшняй даты інтарэс зьнізіўся. Таму падрыхтоўка да канфэрэнцыі «Жанчыны эпохі БНР» — якраз наша спроба ўзьняць усё ж пытаньне, актуалізаваць інтарэс грамадзтва да жаночай прысутнасьці ў палітыцы тых часоў, і ўспомніць з удзячнасьцю імёны і Палуты Бадуновай, і Веры Маслоўскай, і тых настаўніц, якіх я асабіста ведаю, а магчыма, ня ведае шырокае грамадзтва, і жанчын, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы Слуцкага паўстаньня і г.д.

«Маю надзею, што калісьці на маім жыцьці Рада БНР перадасьць паўнамоцтвы дэмакратычнай беларускай дзяржаве»

Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла

Ганна Соўсь: Ужо 21 год страшынёй Рады БНР, сымбалічнага беларускага ўраду ў выгнаньні зьяўляецца канадзкая беларуска Івонка Сурвіла. Рада БНР ня мае рэальнай улады, гэта такі маральны аўтарытэт, сымбалічная структура. Якой вы бачыце будучыню Рады БНР?

Тацяна Процька: Заўважу, што акрамя Рады БНР да 1990-га году існавала і Рада УНР. Але з утварэньнем незалежнай Украіны паўнамоцтвы Рады былі перададзеныя новай незалежнай украінскай дзяржаве, якая прызнала сябе спадкаемцам ня толькі УССР, але і УНР. У тыя ж гады тагачасны міністар замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка намагаўся таксама, каб Рада БНР перадала свае паўнамоцтвы Рэспубліцы Беларусь. Але палітычныя абставіны таго часу не спрыялі гэтай перадачы. Маю надзею, што калісьці на маім жыцьці Рада БНР, якая сёньня зьяўляецца носьбітам ідэалаў беларускай дзяржаўнасьці, перадасьць свае паўнамоцтвы дэмакратычнай беларускай дзяржаве.

Валянціна Лебедзева: Я таксама веру, што раней ці пазьней адбудзецца тое, што адбылося ва Ўкраіне, і тое, што спрабаваў зрабіць Краўчанка.

Ніна Стужынская: Я таксама ўпэўненая, што такое адбудзецца пры ўмове дэмакратычных пераменаў у нашай краіне. Але што тычыцца асобы спадарыні Сурвілы, то я лічу, што яна сапраўды вялікі маральны аўтарытэт. Яе звароты да беларускага грамадзтва, як правіла, вельмі шчырыя і грэюць сэрца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG