Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Палута Бадунова


Палута Бадунова
Палута Бадунова

Бадунова Пелагея (Палута) Аляксандрава. Нарадзілася 7.09.1885 г. у г. Новая Беліца (з 1854 г. прыгарад г. Гомелю Магілёўскай губ.; цяпер частка Навабеліцкага р-ну г. Гомелю). Забіта 29.11.1938 г. у Менску. Месца пахаваньня невядомае.

Пелагея ці Палута? Паводле хросту і ў пашпарце — Пелагея, а для таварышаў і праціўнікаў — Палута. Калі лічыць С. Кісель-Корф, яна адна з 4 жанчын у Радзе БНР і адзіная жанчына на міністэрскай пасадзе.

Нарадзілася і расла П. Бадунова ў вялікай сям’і, якая адыгрывала не апошнюю ролю ў жыцьці Новай Беліцы. Скончыла дзьвюхкляснае вучылішча ў Буйнічах (каля Магілёва) і здала іспыты на званьне настаўніцы расейскай мовы і геаграфіі. З 1905 працавала ў школах Гомельскага пав. Выяўляла «полную лояльность относительно Отечества и Престола». Гісторык В. Лебедзева лічыць, што праца зь вясковымі дзецьмі, кантакты зь іх бацькамі не маглі не ўплываць на сьвядомасьць настаўніцы.

Імкнучыся павысіць сваю кваліфікацыю, у 1914 Бадунова паступіла на Вышэйшыя жаночыя гісторыка-літаратурныя курсы М. Раева ў Санкт-Пецярбургу, вывучала літаратуру, гісторыю і геаграфію. У лют.—сак. 1917 стала актыўнай удзельніцай рэвалюцыйных падзеяў і была абрана курсісткамі ў Петраградзкі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пэўна, там пазнаёмілася з дэпутатам З. Жылуновічам і ці не пад яго ўплывам далучылася да Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Ужо ў чэрв. 1917 на канфэрэнцыі БСГ яе абралі сябрам Цэнтральнага Камітэту партыі і яго Прэзыдыюму. У ліп. газэта «Вольная Беларусь» паведамляла аб яе паездцы ў Буду-Кашалёва і Гомель, дзе яна вяла партыйную працу. У жн. на 1-й сэсіі Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацый Бадунову абралі сябрам Прэзыдыюму ЦРБА. На гэтай самай сэсіі яна заявіла В. Лявіцкай: «уперад сацыялізм, а пасьля нацыя». Гэта давала А. Луцкевічу права (праўда, ужо на пачатку 1920) характарызаваць Бадунову, Я. Мамоньку і М. Шылу як людзей, сваімі настроямі блізкіх да бальшавізму.

У кастр. 1917 Бадунова стала сябрам Выканаўчага Камітэту Вялікай Беларускай Рады. У сьн. 1917 яе абралі сябрам Рады Ўсебеларускага Зьезду. Уваходзіла яна і ў склад Выканаўчага Камітэту Рады, дзе «вяла» пытаньні сацыяльнай апекі. Таму ня дзіва, што 20.02.1918 яна стала народным сакратаром апекі ў першым Урадзе Беларусі. Як народны сакратар, яна падпісала Акт 25 Сакавіка. Пасьля таго, як дзеячы БНР (Я. Лёсік, Я. Варонка, Р. Скірмунт ды інш.) адправілі тэлеграму Вільгельму ІІ, левай часткай Грамады Бадунова была адклікана з пасады народнага сакратара. 1.05.1918 разам з Т. Грыбам яна заявіла аб стварэньні ў складзе Рады асобнай фракцыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і стала такім чынам сузаснавальніцай Беларускай партыі эсэраў. У той самы дзень яна ўвайшла ў Бежанскую камісію Рады, а ў жн. стала старшынёю Камісіі нацыянальнага яднаньня.

У жн. 1917 Бадунова была ў ліку аднавіцеляў Беларускага настаўніцкага саюзу. Пэўны час (да 3.03.1918) яна загадвала беларускай школай № 20 у Менску. У тр. 1918 яна выступіла як сузаснавальніца Беларускага жаночага дабрачыннага таварыства «Цётка». Калі ў канцы 1918 у Менск прыйшлі бальшавікі, Бадунову ды І. Сераду ня больш як на суткі былі арыштавалі (на больш працяглы тэрмін пад арышт трапіў Мамонька).

Біёграф Бадуновай ня можа абысьці ўвагай яе адносіны з Грыбам. Яна была закаханая ў свайго таварыша па партыі і, не зьяўляючыся жонкаю Грыба, іншы раз пісалася як Бадунова-Грыб. Як вядома, у ліп. 1919 палякі зьняволілі Грыба. Часткова гэтым тлумачыцца паездка Бадуновай у Польшчу. Як сьведчыў Л. Вітан-Дубейкаўскі, прыехаўшы ў Варшаву, яна канфэравала з польскімі сацыялістамі, «даказваючы, што іх паступкі да Беларускага народу зусім не сацыялістычныя». Хоць дзеячы Польскай сацыялістычнай партыі шчодра надавалі ёй абяцаньняў, яны так абяцаньнямі і засталіся. Палітыка польскіх уладаў у Беларусі не магла ня выклікаць супраціў.

12.11.1919 Бадунова выступіла на пасяджэньні Рады БНР з дэклярацыяй фракцыі БПС-Р. Гэта быў незалежніцкі антыпольскі маніфэст. Рада прыняла эсэраўскую рэзалюцыю, галоўны сэнс якой — вернасьць Акту 25 Сакавіка. Эсэры сталі на шлях збройнай барацьбы з акупантамі. І гэтую барацьбу яны вырашылі весьці ў саюзе з бальшавікамі. У сьн. 1919 Бадунова разам Мамонькам, Я. Трафімавым ды інш. эсэрамі падпісалі адпаведнае пагадненьне. Прыхільная да Луцкевіча, яна 20.11.1919 выказвалася супраць яго кабінэту, а ўжо ў сьн. паддалася на ўгаворы таварышаў і стала актыўнай удзельніцай закалоту 13.12 у Радзе БНР. Нарада перад пераваротам адбывалася на яе кватэры. На пасяджэньні ж яна зачытала дэклярацыю пра тое, што Рада парывае сувязь з буржуазіяй, скідае буржуазны ўрад, стварае новы, рэвалюцыйны, на чале з В. Ластоўскім ды сыходзіць у падпольле. На гэтым пасяджэньні яе абралі намесьніцай старшыні Рады БНР.

Адразу ж пасьля пасяджэньня Рады палякі пачалі арышты эсэраў, але Бадунову яны схапілі толькі ў лют. 1920. Трымалі ў турме яе нядоўга. Апынуўшыся на волі, яна па пояс у сьцюдзёнай вадзе перайшла Бярэзіну і накіравалася ў Смаленск. Не знайшоўшы агульнай мовы з кіраўніцтвам бальшавікоў Літвы і Беларусі, паехала ў Маскву, дзе дамаглася сустрэчаў з М. Красьцінскім, Я. Праабражэнскім, І. Сталіным і Г. Чычэрыным. Маскоўскія бальшавікі далі эсэрам 250 тыс. руб., але БНР і кабінэт Ластоўскага прызнаць не пажадалі.

У канцы тр. 1920 аб сваёй паездцы ў Маскву Бадунова дакладвала ў Рызе Прэзыдыюму Рады БНР і Радзе Міністраў. 31.05.1920 яна падпісала рэзалюцыі канфэрэнцыі сябраў БПС-Р аб даверы палітыцы кабінэту Ластоўскага і міністра замежных спраў БНР Я. Ладнова. У тыя самыя дні яна брала ўдзел у працы арганізацыйнага бюро дзеля скліканьня Дзяржаўнай нарады ў Рызе і ў канфэрэнцыі беларускіх дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў. Бадунову і Я. Бялевіча спрабавалі далучыць да Надзвычайнай місіі БНР у Маскву, якую ўзначальваў В. Захарка, але маскоўскі ўрад ня даў ім акрэдытацыю. Да таго ж здароўе Бадуновай было істотна падарвана, і ёй давялося прайсьці курс лячэньня на курорце ў Кемэрне на Рыскім узмор’і.

У Менск Бадунова вярнулася да 6.11.1920. Яна далучылася да працы эсэраўскага Беларускага работніцкага клюбу і друкавалася ў партыйнай газэце «Змаганьне». У сьн. на зьезьдзе БПС-Р разам з Трафімавым яна выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі. Сваю пазыцыю яны абгрунтоўвалі тым, што ССРБ у пэрспэктыве мае стаць незалежнаю дзяржавай. І іх лінія перамагла. Дэлегаты абралі Бадунову сябрам Цэнтральнага Камітэту БПС-Р.

Саюз з бальшавікамі быў непрацяглы. У лют. 1921, перад заключэньнем Рыскага трактату аб падзеле Беларусі, бальшавікі правялі масавыя прэвэнтыўныя арышты эсэраў і сацыял-дэмакратаў. Рашэньнем Цэнтральнага Бюро КП(б)Б ад 3.03 Бадунову выслалі ў Маскву. «По политическим соображеніям» на волю яе выпусьцлі 16.08 і, аслабелую, завезьлі ў санаторыю. Бальшавікі ўсяк перашкаджалі палітычнай працы эсэраў. Таму Бадунова прапанавала новую тактыку: засяродзіцца на культурніцкай і гаспадарчай працы. Аднак самой ёй і на культурніцкай ніве разгарнуцца не давалі. Уначы на новы 1923 яна перайшла мяжу з Польшчай. У Вільні яе арыштавалі і пратрымалі за кратамі да жн. З Вільні яна накіравалася ў Данцыг, а адтуль праз Бэрлін — у Прагу.

Прыхільніца Ластоўскага, яна выступіла супраць кабінэту А. Цьвікевіча. Разам з Мамонькам 14.10.1923 яна запатрабавала склікаць Прэзыдыюм Рады БНР і вырашыць пытаньне аб урадзе, аднак П. Крачэўскі і Захарка згоды на тое не далі. І тады Грыб, Бадунова і Мамонька апублікавалі «Извещение» Бюро ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў пра тое, што ўрад БНР і Рада не існуюць. Гэты дакумэнт выклікаў нэгатыўную рэакцыю сярод эсэраў.

У Чэхаславаччыне Бадунова спрабавала прадоўжыць вучобу і паступіла ва Ўкраінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя М. Драгаманава. Аднак вучоба не далася. Турмы, пераход Бярэзіны, каханьне без узаемнасьці зрабілі сваё. У Бадуновай было моцна падарванае здароўе: хранічная хвароба лёгкіх, раматус і да таго ж псыхічнае расстройства ў лёгкай форме, якое чэскія мэдыкі лічылі невылечным. Пасьля настойлівых хадайніцтваў яе сястры Марыі 12.11.1925 Бадунова атрымала ад бальшавікоў дазвол вярнуцца ў СССР. Па вяртаньні на Радзіму Бадунова зноў апынулася ў шпіталі. Яе маральна падтрымлівалі былыя таварышы па партыі А. Карач, Я. Бялькевіч, М. Пашковіч. Яна спрабавала вярнуцца да грамадзкай і пэдагагічнай дзейнасьці (у прыватнасьці, выступіла з ідэяй стварыць у Менску Музэй рэвалюцыі), але да яе не прыслухоўваліся. Жыла ж яна ў нястачы, на ўтрыманьні сястры. Калі ў 1930 пракацілася хваля арыштаў у «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі, яе не зачапілі, але сястра Марыя мусіла пераехаць у Маскву. Палуту ж завезьлі ў Гомель да брата Аляксандра. Апынуўшыся ў цяжкім становішчы, Бадунова ў 1932 хацела выехаць з СССР, ды ёй не далі дазволу.

Пяць гадоў яна жыла прыватным жыцьцём на братавым ўтрыманьні. У верас. 1937 яе арыштавалі. Першы і апошні допыт адбыўся 22.11. Пасьля гэтага вывезьлі ў Менск. 30.11 1937 «асобая тройка» НКВД асудзіла Бадунову на 10 гадоў лягераў, але адправіць яе па этапе не сьпяшаліся, трымалі ў «амэрыканцы». Тым часам у НКВД рыхтавалі справу «Аб’яднанага антысавецкага контрарэвалюцыйнага падпольля». Бадунову вінавацілі ў тым, што яна разам з іншымі былымі эсэрамі узначаліла падпольны ЦК БПС-Р. 25.05.1938 асобая нарада НКВД БССР вынесла ёй сьмяротны прысуд. Але яшчэ паўгода яна пакутавала ў камэры сьмяротнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG