Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да #БНР100 выйшла кніга пра «жалезную лэдзі» беларускага руху Палуту Бадунову


Палута Бадунова, архіўны здымак
Палута Бадунова, архіўны здымак

Прэзэнтацыі дапоўненага выданьня кнігі пра народнага сакратара апекі ўраду БНР Палуту Бадунову пройдуць у Гомлі і Чарнігаве.

«Пакліканая свабодай: нарыс жыцьця і дзейнасьці Палуты Бадуновай» — так называецца кніга, выдадзеная ў Гомлі высілкамі дэмакратычнай супольнасьці да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Выданьне грунтуецца на архіўных і дакумэнтальных зьвестках, праілюстравана шэрагам здымкаў.

Аўтарка кнігі — гомельскі гісторык і краязнаўца Валянціна Лебедзева. Яна адказала на пытаньні Свабоды.

— Вы сваю гераіню Палуту Бадунову вызначаеце як «жалезную лэдзі» беларускага руху. Такога азначэньня заслужылі нямногія жанчыны — на памяці прэм’ер-міністарка Маргарэт Тэтчэр, цьвёрдай жалезнай рукою кіравалі ўрадамі Голда Мэер, Індыра Гандзі. Калі браць пад увагу пэрыяд жыцьця і дзейнасьці Бадуновай, ці азначае гэта, што шэраг «жалезных» павінен пачынацца зь беларускі?

— У палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя цяжка знайсьці больш значнае імя, як наша Палута Бадунова. Сябра ЦК БСГ, міністарка ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, сакратар ЦК Партыі беларускіх эсэраў, арганізатар антыпольскага партызанскага руху ў 1919 годзе, палітычная эмігрантка і рээмігрантка, ахвяра сталінскіх рэпрэсій — усё гэта Пелагея Аляксандраўна Бадунова, ураджэнка Навабеліцы. Ні ў кога зь іншых суседніх дзяржаваў пад актам аб незалежнасьці няма жаночых подпісаў, а ў беларусаў ёсьць — Палуты Бадуновай пад Трэцяй Устаўной граматай, прынятай Радай БНР 25 сакавіка 1918 году ў Менску. Палута сваёй дзейнасьцю і вызначыла сваё месца ў гісторыі.

— Бадунова па тагачасных мерках як бы са спазьненьнем увайшла ў палітычнае жыцьцё. У сакавіку 1918 году ёй ужо за трыццаць, у той час калі бальшыні падпісантаў Трэцяй Устаўной граматы было ўсяго 25-28 гадоў. Якое пакліканьне прывяло вясковую настаўніцу Палуту Бадунову ў шэрагі змагароў за нацыянальную ідэю, незалежнасьць Беларусі?

Валянціна Лебедзева
Валянціна Лебедзева

— Гэта была загадка Палуты як асобы. Яна сапраўды стала праяўляць сябе як грамадзкая дзяячка ў Петраградзе, падчас вучобы на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах. Цяпер я думаю, што такі час насьпеў. Рэвалюцыйныя настроі, уздым проста насіліся ў паветры. У Петраградзе адбылося яе знаёмства з асяродкам маладой беларускай інтэлігенцыі. У чэрвені 1917-га Палуту выбралі сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Была дэпутаткай Петраградзкага савету рабочых і сялянскіх дэпутатаў. У жніўні таго ж 1917 году яна ўжо шэрагах актыўных сяброў Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Менску — органа, які ўзяў на сябе каардынацыю нацыянальнага руху. Пытаньне «людзьмі звацца» паўстала на дзяржаўным узроўні.

Так скажу: у нейкім сэнсе гэта «покліч крыві», бязь містыкі. Патрэбен быў выбар, і Палута яго зрабіла. Працуючы ў вясковых школах Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Добрускага раёнаў, яна бачыла гаротны стан сялянства, якое заслугоўвала лепшай долі. У часе падрыхтоўкі да Ўсебеларускага зьезду Палута таксама займалася адной з найбольш складаных і балючых праблем Беларусі — дапамогі бежанцам ды інвалідам вайны. І ў Радзе БНР і Народнага Сакратарыяту яна ачоліла справы апекі. А гэта яшчэ і арганізацыя першых беларускіх школак у Менску, абарона і падтрымка дзяцей у часы галодных акупацый, стварэньне дзіцячых ясьляў для беларускіх работніц.

— Вы пішаце ў сваёй кнізе: пасіянарнасьць Бадуновай «уражвала і прываблівала». У чым гэта праяўлялася?

— Вакол Бадуновай па школьніцтве гуртавалася маладая настаўніцкая грамадзкасьць: Соф’я Шышова, Кастусь Пуроўскі, Кацярына Яноўская, Міхась Кудзелька (Чарот) ды іншыя. Да арганізацыі школ у Менску яна прыцягнула нават сваю малодшую сястру Марыю з Гомля, свайго «анёла-ахоўніка». Паплечніца Вера Маслоўская пісала ў той час пра Палуту: «Колькі міласьці духоўнай, і энэргіі і сілы!»

Сама Бадунова згадвала тыя часы гэтак: «На свае ўласныя заробкі вяла я рэвалюцыйна-агітацыйную прапаганду, падтрымліваючы ідэі рэвалюцыі ўва ўсіх галінах тагачаснага жыцьця. Я працавала на двух-трох, а іншы раз і на пяці пасадах бясплатна, атрымліваючы пэнсію толькі за сталую школьную працу».

Палута Бадунова
Палута Бадунова

Ідэйнасьць, самаахвярнасьць, «хаджэньне па пакутах», трагедыя асабістага жыцьця зьнітаваныя ў лёсе Палуты Бадуновай.

Яна нястомна працавала над пераадоленьнем страху і недаверу інтэлігенцыі перад беларускасьцю, аддавала свае сілы культурна-нацыянальнаму адраджэньню ды сацыяльнаму пераўтварэньню Беларусі.

Нават бальшавіцкая ЧК ацэньвала Бадунову ў партыі беларускіх эсэраў як другога пасьля Тамаша Грыба лідэра, называючы яе «энэргічным работнікам».

Толькі Палута, жывучы месяц на прыватнай кватэры ў Маскве, магла дамагчыся разгляду беларускага пытаньня на ўзроўні ЦК РКП(б). Толькі «жалезная лэдзі» магла сфармуляваць пазыцыю «проці ўсякіх спроб навязаць беларускаму народу фэдэрацыю з усходнімі альбо заходнімі акупантамі».

— Чым удалося дапоўніць новае выданьне кнігі пра жыцьцё міністаркі апекі ўраду БНР?

— Кніга будавалася і дапаўнялася на аснове дакумэнтальных зьвестак. Першапачаткова, на пачатку 90-х мінулага стагодзьдзя, мне ўдалося пачытаць асабістую справу Палуты Бадуновай з архіву КДБ. Тады гэта было прасьцей. Працавала ў Нацыянальным архіве, Цэнтральным навуковым архіве НАН Беларусі. Каб падрыхтаваць нарыс, спатрэбілася амаль 10 гадоў. Даводзілася нават шукаць, як той казаў, «іголку ў стозе сена». Дакумэнтаў захавалася надзвычай мала. Добра, што ў гісторыкаў ёсьць яшчэ і карпаратыўная салідарнасьць. Юры Глушакоў з Гомля паказаў зусім нечаканы дакумэнт з Маскоўскага Палітычнага Чырвонага Крыжа. Гэта хадайніцтва паплечніцы Палуты па менскім школьніцтве Соф’і Шышовай. Зь яго вынікае, што цягам месяца ў Навінскай турме Бадуновай ня толькі не прад’явілі абвінавачваньне, але нават ні разу ня выклікалі да допыт. У адказ Палута выкарыстала адзіны магчымы ў яе стане сродак супраціву — двойчы трымала галадоўкі пратэсту. З прычыны галадовак і абвастрэньня хваробаў стан здароўя яе рэзка пагоршыўся, пра што дазналіся і ў Менску.

Украінская дасьледчыца Вольга Зубко перадала студэнцкую справу Бадуновай з Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Дасылалі некаторыя копіі дакумэнтаў зь Вільні.

— На ваш погляд, як бы адказала гераіня вашага нарысу на пытаньне, ці была БССР, утвораная пры падтрымцы бальшавікоў, працягам БНР?

— Гэта трэба быць Палутай Бадуновай, каб на яго адказаць. Ад сябе скажу: супрацьпастаўляць БНР і БССР, здаецца, нельга, як нельга адракацца ад бээсэсэраўскай гісторыі. Гэта пошукі мадэлі беларускай рэспублікі. Гэта кволае стварэньне нават на сёньняшні дзень.

Ёсьць дыялектыка сувязяў і адрозьненьняў БНР і БССР. БНР — гэта пастаноўка пытаньня, на якое трэба было адказаць беларусам, сьвету. Пасьля БНР немагчыма было ігнараваць «беларускае пытаньне». БССР утворана ў сувязі і, у пэўным сэнсе, паводле БНР. Калі ж паглядзець на прынцыпы будаўніцтва, дзяржаўныя каштоўнасьці, падыходы да сувэрэннасьці, то БНР тэарэтычна была значна вышэйшай, бо арыентавала сябе на цалкам сувэрэнную дзяржаву. Цяпер у нас задача ня страціць нашу дзяржаву.

***

Кнігу «Пакліканая свабодай...» надрукавалі дэмакратычныя актывісты Гомля на прыватным абсталяваньні і за прыватныя сродкі. Дызайн таксама зрабілі самі.

«Вырашылі да 100-годзьдзя БНР пашырыць кола чытачоў, пазнаёміць землякоў, і ня толькі іх, з выдатнымі асобамі, якія прычыніліся да адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці», — кажа грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора.

Прэзэнтацыя новай кнігі Валянціны Лебедзевай пра Палуту Бадунову адбудзецца ў Гомлі 23 сакавіка ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай.

25 сакавіка кніжку прэзэнтуюць ува ўкраінскім Чарнігаве на круглым стале «Адраджэньне незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны: гістарычныя паралелі», які арганізоўваюць фонд «Вольныя людзі» і Северскі інстытут рэгіянальных дасьледаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG