Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі да #БНР100 перанясуць на тыдзень пасьля 25 сакавіка


Памятны знак для будынка, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Аўтар арыгіналу — скульптар Алесь Шатэрнік. Абнавіў шыльду менскі скульптар Ігар Засімовіч
Памятны знак для будынка, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Аўтар арыгіналу — скульптар Алесь Шатэрнік. Абнавіў шыльду менскі скульптар Ігар Засімовіч

Мэмарыяльная дошка ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці БНР, якую маюць павесіць на доме на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была падпісаная Трэцяя Ўстаўная грамата, гатовая да мантажу.

Устанавіць яе меркавалі напярэдадні 25 сакавіка, ды гарадзкія ўлады не пасьпяваюць узгадніць. Але, як кажа Свабодзе старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, які зьвяртаўся ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць устаноўку дошкі, улады ня супраць і толькі спрыяюць працэсу.

Рыгор Сітніца, архіўнае фота
Рыгор Сітніца, архіўнае фота

«Менгарвыканкам яшчэ не прыняў фармальнага рашэньня: вусна ўсё ў норме, але з чыста тэхнічных прычынаў не было паседжаньня», — кажа Свабодзе Сітніца.

Паводле Сітніцы, адкрыцьцё дошкі анансавалі зарана — да выкананьня неабходных працэдураў і атрыманьня дазволу на імпрэзу. Адпаведныя паседжаньні звычайна адбываюцца па чацьвяргах, але раней іх не маглі арганізаваць, бо старшыня Менгарвыканкаму быў у ад’езьдзе. Паседжаньне мае адбыцца 22-га або 23-га сакавіка — улады папрасілі перанесьці адкрыцьцё дошкі на наступны тыдзень.

«Я ня бачу ў гэтым вялікай праблемы, — кажа Сітніца. — Спачатку прымаецца рашэньне ўладаў, якія дазваляюць павесіць дошку, затым тыя, хто яе робяць, павінны паказаць яе гарадзкой мастацкай радзе, якая робіць заключэньне, што ня мае пярэчаньняў супраць эскізу і месца, і калі ўзгадняе, то гэтая дошка выконваецца ў матэрыяле, пішацца заяўка на час адкрыцьця.

Так рабілася, калі ставілі мэмарыяльны знак на месцы дамоў братоў Луцкевічаў, тады ня ўзьнікла ніякіх праблемаў, бо загадзя было ўзгодненае месца, эскіз, а пасьля час адкрыцьця.

Я атрымаў ліст ад гарадзкіх уладаў, дзе напісана, зачытваю: „Са свайго боку паведамляем аб адсутнасьці прынцыповых пярэчаньняў правядзеньню масавага мерапрыемства пры ўмове ажыцьцяўленьня ўсіх працэдур“».

Месяц працы і 133 кіляграмы бронзы. Як рабілі дошку ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці БНР
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

Сітніца дадае, што «25-м сьвяткаваньне не заканчваецца», пасьля 25 сакавіка будуць праходзіць розныя імпрэзы і выставы, прысьвечаныя БНР. Ён перакананы, што дошку ўстановяць і адкрыюць на наступным тыдні, як толькі тое дазволяць улады, і падкрэсьлівае, што адкрыцьцё пераносіцца не на «няпэўны час», а менавіта на наступны тыдзень.

***

Новая дошка зробленая з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Грошы на новую дошку сабралі талакой усяго за тры гадзіны. Надпіс на ёй зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.

«Думалі, часу наперадзе яшчэ шмат», — аўтар памятнай дошкі ў гонар БНР, якая чакала дазволу 25 год

Арганізатар краўдфандынгу для вырабу памятнай дошкі Глеб Лабадзенка напісаў у сваім фэйсбуку, што пасьля канчатковага разьліку засталося 1130 рублёў. Гэтыя сродкі перададуць на арганізацыю канцэрту «Сьвята Незалежнасьці» 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру.

10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG