Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто больш пасьпяховы ў краўдфандынгу ў Беларусі – мужчыны ці жанчыны


Пра краўдфандынг як прывабнае асяродзьдзе для жанчын гаворым з Ганнай Самарскай, прадстаўніцай праекту #дамаудобнаявбыту і дырэктаркай па разьвіцьцю краўдфандынгавай плятформы ulej.by, літаратаркай Марыяй Мартысевіч, якая рэалізавала праз краўдфандынг выдавецкі праект «Амэрыканка» і цяпер зьбірае грошы на праект «Сарматыя»: вершы – поштай», а таксама дызайнэркай брэнду Tikota Unique Кацярынай Цікотай, якая прапануе талакой набыць спэцыяльныя джынсы для людзей з парушэньнямі апорна-рухальнага апарату, і дырэктарам Talaka.by Глебам Анісімавым.​

Дасьледчыкі: Кіраваныя жанчынамі краўдфандынгавыя кампаніі на 32% больш пасьпяховыя, чым мужчынскія

Ганна Соўсь: Спэцыялісты аднаго з лідэраў кансалтынгу і аўдыту PwC прааналізавалі 450 000 кампаній па зборы сродкаў ва ўсім сьвеце. Аказалася, што кіраваныя жанчынамі кампаніі на 32% больш пасьпяховыя, чым мужчынскія. Яны хутчэй дасягалі мэты і атрымлівалі больш высокія ўнёскі. У сярэднім, 22% праектаў з жанчынай на чале дасягаюць пастаўленых фінансавых мэтаў, праекты з мужчынам-кіраўніком – 17%. Марыя і Кацярына, ці можна з вашага досьведу краўдфандынгавых кампаній зрабіць высновы, што кампаніі, ініцыяваныя і рэалізаваныя жанчынамі, сапраўды адрозьніваюцца ад кампаній на чале з мужчынамі? Калі так, то чым?

Кацярына Цікота
Кацярына Цікота

Кацярына Цікота: Сапраўды, ёсьць некаторыя адрозьненьні ў кампаніях, ініцыятарамі якіх робяцца жанчыны. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што ў нас, у жанчын, нашмат болей роляў і мы (мяркую па сабе прынамсі) больш спачувальныя. Мы зараз жывем у такі час, калі можна болей гаварыць пра месца жанчыны ў працоўным працэсе, зьнікаюць асьцярогі і забароненыя тэмы, стала больш ініцыятыў, і гэта вельмі здорава. Такія кампаніі, можа, больш адчувальныя, яны тычацца нашай жаночай сутнасьці, таму што мы клапоцімся ня толькі пра сябе, але і пра тое, што адбываецца вакол нас. Мы часьцей зьвязваем сябе не з тэхнічным прагрэсам, а з клопатам пра тое, што адбываецца побач з нашымі блізкімі.

Мартысевіч: Ня бачу вялікай розьніцы паміж праектамі, якія робяць жанчыны і мужчыны

Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч

Марыя Мартысевіч: Я рабіла дзьве кампаніі, зьвязаныя з літаратурай, а таксама была кіраўніцай двух праектаў па зборы сродкаў на дабрачынныя мэты. Я была ў камандзе, якая зьбірала грошы на вазок для пісьменьніцы і журналістцы Дашы Ліс, да гэтага мы з сяброўкамі зьбіралі дапамогу для дачкі нашай памерлай сяброўкі. У камандах маіх праектаў былі і мужчыны таксама. Я ніколі не рабіла такія зборы сродкаў, каб рэй вялі менавіта мужчыны, таму мне няма з чым параўнаць. Але я гляджу на актыўнасьць у полі культуры нашых літаратараў і музыкаў і я ня бачу вялікай розьніцы паміж праектамі, якія робяць жанчыны, і праектамі, якія робяць мужчыны.

Самарская: На ulej.by 56% пасьпяховых праектаў – гэта праекты, ініцыяваныя і кіраваныя мужчынамі

Ганна Соўсь: А якія высновы можна зрабіць, калі прааналізаваць пасьпяховыя праекты на Вулеі?

Ганна Самарская
Ганна Самарская

Ганна Самарская: Я згодная з Кацяй, што сёньня жанчыны займаюць больш актыўную пазыцыю ў грамадзтве, у тым ліку ў беларускім грамадзтве. Безумоўна, гэта так. Але калі мы зьвернемся да краўдфандынгу ў Беларусі і калі паглядзець на пасьпяховыя праекты, якія завяршаліся на пляцоўцы ulej.by, то статыстыка некалькі адрозьніваецца ад тых высноваў, якія былі зробленыя ў межах згаданага дасьледаваньня.

У нас прыкладна 56% пасьпяховых праектаў – гэта праекты, ініцыяваныя і кіраваныя мужчынамі. А толькі 43% (у прынцыпе, разьбежка невялікая) – гэта праекты, якімі кіравалі жанчыны. Гэта толькі досьвед нашай пляцоўкі, але пагаджуся з тым, што пасьпяховасьць краўд-праекту вызначае не гендэр кіраўніка, а шэраг іншых пазыцый – каманда-лідэр, наяўнасьць выразна артыкуляванай задачы і мэты краўд-кампаніі і асэнсаваньня таго, на што канкрэтна зьбіраюцца грошы, ці будзе гэта цікава вялікай колькасьці людзей.

Цікота: Калі зьбіраюцца сродкі для канкрэтнага чалавека, мы бачым большую згуртаванасьць людзей

Ганна Соўсь: Кацярына, летась вы прэзэнтавалі першую ў Беларусі лінейку інклюзіўных нагавіц і камбінэзонаў пад агульнай назвай Tikota Іnclusive. Як цяпер прасоўваецца ваша кампанія? Наколькі гатовыя людзі ў Беларусі аддаваць грошы на дабрачыннасьць, на дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасьцямі?

Кацярына Цікота: Летась мы арганізавалі паказ гэтай калекцыі ў менскім аэрапорце. Прайшло шмат часу. Цяпер я сачу за тым, як прасоўваецца гэты праект. Уражаньні неадназначныя. Актыўнасьць ня вельмі вялікая. Я бачу, колькі людзей замаўляе спэцыяльныя джынсы для людзей з абмежаваньнямі. З чым гэта зьвязана? Ці гэта кепская інфармаванасьць? Мы зрабілі добрую інфармацыйную кампанію, вельмі многія СМІ напісалі пра праект, мы мелі добрую падтрымку і ўдзячныя за гэта. Мы распаўсюджвалі інфармацыю праз арганізацыі, якія працуюць з інвалідамі-вазочнікамі. На жаль, ня ўсе арганізацыі апублікавалі інфармацыю, якую мы прасілі. Магчыма, гэта ўплывае на тое, як праходзіць кампанія. Хоць былі чаканьні, што гэтая хваля падхопіцца.

Паўтара году таму, калі запускаўся гэты праект, быў конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, і на ім наш праект узяў гран-пры і прыз глядацкіх сымпатый. Было вельмі шмат станоўчых водгукаў, усе вельмі падтрымлівалі. Але зараз, гледзячы на тое, як ідзе кампанія, у мяне зьявіліся сумненьні, ці словы адпавядаюць дзеяньням людзей, якія спачатку казалі, як гэта здорава, і самі людзі з інваліднасьцю былі гатовыя падтрымаць гэта.

Ганна Соўсь: Даволі шмат розных праектаў для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі на краўдфандынгавых плятформах. Я сама калісьці падтрымлівала кампаніі збору сродкаў на вазок для Дашы Ліс і для Інгі Татур. Спэцыялісты, напэўна, лепш скажуць, чаму так адбываецца, магчыма, яшчэ рывок наперадзе будзе.

Кацярына Цікота: Канешне, калі ў нас зьбіраюцца сродкі для канкрэтнага чалавека, мы бачым большую згуртаванасьць людзей. Гэта факт, які нельга аспрэчыць. Але я хачу зьвярнуць увагу на тое, што па выніках кампаніі, у выпадку пасьпяховага 100%-га збору сродкаў, у нас будзе магчымасьць зрабіць яшчэ 21 пару джынсаў і бясплатна адправіць іх людзям з інваліднасьцю. І пры гэтым мы яшчэ зьбіраем дадзеныя пра людзей, якія хочуць атрымаць гэтыя джынсы, мы адкрытыя для іх заявак, і ўжо тады мы будзем гаварыць пра канкрэтных людзей...

Самарская: У Інстаграме пад хэштэгам #дамаудобнаявбыту больш за 200 гісторый

Ганна Соўсь: Ганна, кампанія #дамаудобнаявбыту нарадзілася з рэакцыі на абразьлівае выказваньне журналіста «СБ. Беларусь сегодня» у «справе БелТА», але яна стала значна шырэйшай за проста адказ. Яна стала флэшмобам, суполкай у сацсетках і краўдфанднгавай кампаніяй. Як бы вы ацанілі пасьпяховасьць усіх яе формаў, а таксама аўдыторыю, гендэрны склад яе ўдзельніц/удзельніцаў?

Кацярына Цікота: Хачу падтрымаць, выдатная кампанія, дзяўчаты малайцы!

Ганна Самарская: Вялікі дзякуй, вельмі прыемна чуць такі водгук. Сапраўды, калі казаць пра посьпех праекту #дамаудобнаявбыту, на мой погляд, ён відавочны. Чаму? Вы слушна заўважылі, што мы працавалі з болем, які быў у грамадзтве ў гэты момант.

Насамрэч наша каманда, як група куратараў і мастакоў, была гендэрна раўнапраўнай камандай. Хацела б удакладніць, што ў нашай камандзе былі ня толькі дзяўчыны, у ёй былі дызайнэр Андрэй Сьцебурака і фотамастак Сяргей Гудзілін. І посьпех гэтага праекту быў у тым, што ён працаваў з наўпроставым болем супольнасьці на той момант. Кожнае наша дзеяньне ў межах гэтага праекту – плякаты ў гарадзкой прасторы, прапанова ў Фэйсбук і Інстаграм супольнасьцях напісаць свае гісторыі, зьвязаныя з гендэрнай дыскрымінацыяй, пад хэштэгам #дамаудобнаявбыту, і толькі потым запуск краўдфандынгавай кампаніі. У межах яе мы прапаноўвалі зрабіць перадзамову на вопратку як візуальны маніфэст. І ўсё гэта было з пасьлядоўнымі і выразнымі мэтамі, таму, мне здаецца, усё пасьпяхова і рэалізавалася.

У нас за першыя 5 дзён было апублікавана парадку 100 гісторый. Сёньня ў інстаграме пад хэштэгам #дамаудобнаявбыту больш за 200 гісторый, і ўсё гэта шчырыя, сапраўдныя, прааналізаваныя выказваньні беларусак. Канешне, у першую чаргу выказваліся жанчыны, але праект падтрымалі таксама і мужчыны. У нас было каля 10 замоваў на майкі ад хлапцоў.

Мартысевіч: Калі жартам намінавалі «Амэрыканку» на «Жанчыну году», магчыма, гэта было невыпадкова

Ганна Соўсь: Марыя, вы пасьлядоўна ішлі да рэалізацыі выдавецкага праекту «Амэрыканка», мяняючы стратэгію і плятформы. Цяперашні ваш праект «Сарматыя»: вершы – поштай» акупіўся літаральна за некалькі дзён. Дасьледчыкі PwC у якасьці прычын посьпеху называюць больш эмацыянальныя жаночыя відэа-звароты, тэксты і іх больш нізкія фінансавыя мэты. А якія вашыя тлумачэньні пасьпяховасьці ці непасьпяховасьці ў беларускіх умовах на прыкладзе вашых праектаў?

Марыя Мартысевіч: Калі казаць пра вытокі краўдфандынгу як дабрачыннай дзейнасьці, то сучасны краўдфандынг – гэта шырокая шкала паміж дабрачыннасьцю і сацыяльным прадпрымальніцтвам. У традыцыйным, назавем так, грамадзтве гэта заўсёды была жаночая сфэра. Жонкі прэзыдэнтаў, каралевы – займацца дабрачыннымі праектамі для іх прыстойна, добра, у адпаведнасьці з прапісанымі пратаколамі. Можа быць, яшчэ і з гэтым зьвязаная большая жаночая актыўнасьць. Нельга аспрэчваць, што сацыяльная актыўнасьць і сацыяльныя сувязі, якія ёсьць мэханізмам збору сродкаў, таксама больш падуладныя жанчынам па розных прычынах.

Лягатып краўдфандынгавай кампаніі «Амэрыканка»
Лягатып краўдфандынгавай кампаніі «Амэрыканка»

Калі я рабіла «Амэрыканку», то шмат экспэрымэнтавала, шмат было няўдач, шмат было і працы, пасьпяховай у выніку для нашага праекту. Я мела магчымасьць вывучыць гэтыя мэханізмы. Больш за тое, я хачу падзякаваць публічна кансультантам ulej.by і talaka.by, якія пастаянна давалі парады, дапамагалі адсочваць статыстыку, трымаць руку на пульсе. Таму ўжо зьяўляецца досьвед, якім я магу і ахвотна дзялюся зь іншымі людзьмі, якія адкрываюць краўдфандынг, нейкія прыёмы магу ім падказаць.

«Амэрыканка» была вельмі цяжкім праектам проста таму, што мне як ягонаму »рухавіку« даводзілася зьбіраць грошы не для сябе, а ў імя замежных, некаторых ужо нежывых, хоць і вядомых, пісьменьнікаў, дый перакладчыкі былі крыху ў ценю сваіх аўтараў. А краўдфандынг найлепш працуе, калі існуе наўпростая эмацыйная сувязь. Калі жартам намінавалі «Амэрыканку» на «Жанчыну году», магчыма, гэта было невыпадкова. Сапраўды, мы стварылі такую віртуальную жанчыну, гераіню гэтага краўдфандынгу – амэрыканскую літаратуру па-беларуску. І таму на гэтым фоне зьбіраць сродкі на сваю ўласную творчасьць было вельмі лёгка, бо я фактычна нічога не раблю, я проста забаўляюся ў Фэйсбуку ў параўнаньні з тым, што я рабіла год таму.

Відавочныя парады – ставіць мінімальную суму, не перабольшваць, бо так псыхалягічна лягчэй зьбіраць. Лепш сабраць потым больш, чым недабраць да недасяжнай мэты. Паколькі мэханізм тут – я плюс мае асабістыя сябры і чытачы ў Фэйсбуку, то заўсёды лягчэй усталяваць кантакт.

Хачу крыху абараніць сваіх калег-мужчын, якія выходзяць на краўдфандынг. Мне здаецца, тут больш важны не гендэр, а харызма таго, хто гэта робіць. Я не лічу тыя праекты, якія не сабралі неабходныя сумы, зусім правальнымі. Фінансы не вызначаюць гэта. Зараз ідзе збор сродкаў на томік «(Не)расстраляныя» Сяргея Будкіна, які «гарыць» гэтым праектам ужо ня першы год, і я заклікаю падтрымаць яго. Ёсьць часопіс «Мінкульт», які робіць Сяргей Календа, таксама вельмі актыўны ўдзельнік літаратурнага працэсу, ён шчыруе над стварэньнем літаратурнага часопісу, чаго ў нас бракуе. Трэці прыклад – Сяржук Доўгушаў, які ня толькі дзеля сваіх альбомаў зьбірае грошы, але і ладзіць краўдфандынг на Біблію на палескай мове. Галоўнае – гэта шчырасьць, адкрытасьць, зь якой ты выходзіш да людзей, і прывабнасьць гэтага праекту для іх.

Самарская: Самы папулярны кірунак краўдфандынгавых інвэстыцый – літаратура

Ганна Соўсь: Ганна, паводле дасьледчыкаў PwC, краўдфандынг – вельмі прывабнае асяродзьдзе для жанчын, якія займаюцца дробнымі інвэстыцыямі. А калі паглядзець ня толькі на тых, хто ініцыюе кампаніі, але і на тых, хто дае грошы на іх, ці можна сказаць, хто больш ахвяруе ў Беларусі – жанчыны ці мужчыны?

Ганна Самарская: Статыстычныя дадзеныя (прынамсі, з ulej.by) кажуць пра наступнае: найчасьцей інвэстуюць у праекты ці зьяўляюцца букерамі (тыя, хто фінансуюць праекты праз краўдфандынг) якраз-такі жанчыны. Прыкладна 54% усіх аплатаў пераведзеныя жанчынамі, і толькі 45% з невялікім дадатковым працэнтам – мужчынамі. Калі казаць пра самыя папулярныя накірункі, куды больш за ўсё ідзе прыток краўдфандынгавых інвэстыцый, то гэта літаратура. Не ўпэўненая, што гэта вынік гендэрнага пытаньня, хутчэй падтрымаю выказваньне Марыі, што калі ідэя праекту адгукаецца ў людзей, калі праект цікавы і важны супольнасьці людзей, то няважны гендэр, важная начынка, лідэрскі задор, камандная работа. Гэта ў першую чаргу вызначае краўдфандынгавую кампанію, яе посьпех.

Усё-такі гендэрнае пытаньне стаіць на другім узроўні, хоць трэба прызнаць, што на нашай пляцоўцы было дастаткова шмат значных праектаў з фінансавага пункту гледжаньня, рэалізаваных менавіта пад кіраўніцтвам жанчын. Напрыклад, праект Ірыны Кабасакал (Яблонскай) – да нядаўняга часу гэта была адна з самых значных кампаній, якая змагла прыцягнуць 22 тысячы даляраў.

«Культуры зараз наканавана выжываць за кошт грамадзтва»

Ганна Соўсь: Кацярына, ці вы ахвяруеце грошы на розных краўдфандынгавых плятформах?

Кацярына Цікота: Летась я падтрымала выданьне кнігі «Мастацтва для дзяцей».

Ганна Соўсь: Як вам падаецца, якія краўдфандынгавыя праекты на чале з жанчынамі, ці з мужчынамі, маюць у Беларусі найвялікшы патэнцыял? А за якія ня варта брацца? Ці вы думалі пра гэта?

Кацярына Цікота: Шчыра кажучы, ня думала. Але гледзячы на досьвед сваіх знаёмых, досьвед з кнігамі, у тым ліку кнігамі пра мастацтва і для дзяцей, то гэта, мне здаецца, якраз тое, ўва што людзі гатовыя ўкладацца.

Марыя Мартысевчі: Тэндэнцыя паказвае, што культуры зараз наканавана выжываць за кошт грамадзтва, за кошт збору сродкаў, за кошт тых людзей, якія замаўляюць нейкі культурны прадукт, каб падтрымаць яго. Пакуль так будзе трываць да нейкай зьмены, а, можа быць, так яно і застанецца. І гэта ня толькі літаратура. Мне здаецца, што зараз і музыкі будуць больш актыўна выходзіць на краўдфандынгавыя пляцоўкі. Гэта палепшыць і якасьць таго, што мы будзем атрымліваць, бо чытач і слухач будуць загадзя ацэньваць.

Я таму і пачала займацца краўдфандынгам, як гэта толькі стала магчыма. Шмат яшчэ праектаў ляжаць у шуфлядах, людзі пачынаюць рэалізоўваць тое, што даўно задумалі. Мне цяжка меркаваць, за якія праекты ня варта брацца. Гэта можна пабачыць у рэальным часе, калі вы зойдзеце на плятформу і пабачыце, якія праекты набіраюць грошы, а якія стаяць колам, паназіраць і зрабіць высновы.

Ганна Соўсь: Адзін з такіх – спрэчны праект з майкамі з фэмінітывамі, які практычна ніхто не падтрымаў. Ганна, у праекце #дамаудобнаявбыту была дакладна сфармуляваная ідэя, у выніку праект быў падтрыманы, а чаму вось гэтая ідэя з фэмінітывамі не спрацавала?

Ганна Самарская: Гэты праект актыўна запускаўся на пляцоўцы ulej.by. Пляцоўка дзейнічае па прынцыпе ўседасяжнасьці, мы прапануем любому аўтару прыйсьці і выставіць праект на грамадзкі агляд, толькі, канешне, калі праект не супярэчыць заканадаўству рэспублікі. Тыя людзі, хто выбіраюць, які прадукт крэатыўны, які праект будзе рэалізаваны – гэта тая супольнасьць, тыя самыя спажыўцы, якія галасуюць у літаральным сэнсе рублём за тое, які культурны прадукт будзе існаваць ці ня будзе існаваць. Магу ад сябе заўважыць, што я была ўдзельніцай і адной з арганізатарак праекту #дамаудобнаявбыту, а праект, пра які вы зараз узгадалі, калі я не памыляюся, мае зараз менш за 1% ад пасьпяховасьці – хутчэй за ўсё, ён не рэалізуецца.

Ганна Соўсь: Ці сапраўды краўдфандынг – гэта прывабнае асяродзьдзе для жанчын? Ці залежаць добрыя справы, ініцыятывы і іх падтрымка ад гендэру?

Кацярына Цікота: Я думаю, ад гендэру гэта не залежыць. Тут хутчэй чалавечы фактар і жаданьне паўдзельнічаць і падтрымаць нейкі канкрэтны, блізкі праект. Для мяне блізкая тэма мастацтва і дзяцей, акрамя маёй прафэсійнай дзейнасьці, я з радасьцю падтрымліваю такія праекты. Мае сябры, напрыклад, захапляюцца тэхнікай, яны будуць глядзець адпаведныя праекты. Гаворка ідзе не пра тое, што мужчына і жанчына нешта канкрэтнае больш падтрымліваюць, а пра густы і, натуральна, фінансавыя магчымасьці.

Дырэктар Talaka.by Глеб Анісімаў: «Жанчыны значна часьцей, чым мужчыны адкрываюць збор сродкаў на праекты ў сфэры сацыяльный падтрымкі»

Каб атрымаць больш поўную інфармацыю пра гендэрны склад удзельнікаў краўдфандынгу ў Беларусі, мы зьвярнуліся да плятформы Тalaka.by, у якой цяпер рыхтуюць дакладную аналітыку па праектах і аўтарах, якая неўзабаве будзе прадстаўленая разам з вынікамі работы ў 2018 годзе, патлумачыў Свабодзе дырэктар Talaka.by Глеб Анісімаў.

Глеб Анісімаў
Глеб Анісімаў

«Калі ўвогуле казаць пра цяперашні час, то мы маем 64,4% праектаў, дзе аўтарамі зьяўляюцца мужчыны і 35,6% – жанчыны. Але адзначыць відавочныя адрозьненьні паміж імі – складаная задача. На нашу плятформу прыходзяць аўтары з рознымі каштоўнасьцямі, сацыяльным і прафэсійным капіталам і праектамі рознай накіраванасьці. А пасьпяховасьць праекту, як паказвае практыка, вельмі моцна залежыць ад гэтых фактараў значна больш, чым гендэрная прыналежнасьць.

Часам атрымліваецца так, што аўтар ці аўтарка проста трапілі ў трэнд са сваімі ідэямі, адчулі, што турбуе людзей у пэўны час ці вельмі добра папрацавалі з аўдыторыяй да запуску краўдфандынгу. Чалавек можа зрабіць моцную піяр-кампанію, але не сабраць патрэбную суму проста таму, што яго праект быў нецікавым для публікі. І гэта адбываецца ў роўнай ступені як у мужчын, так і ў жанчын.

Трэба таксама адзначыць, што ёсьць тыя сфэры і накірункі, у якія людзі інвэстуюць больш за астатнія, таму і працэнт пасьпяховасьці праектаў там будзе вышэй. Але тут ёсьць цікавы момант, што жанчыны значна часьцей, чым мужчыны адкрываюць збор сродкаў на праекты ў сфэры сацыяльнай падтрымкі.

Такая ж неадназначнасьць датычыцца і інвэстыцый у краўдфандынгавыя праекты. Калі аўтар прыходзіць на плятформу са сваім праектам, часта ён ужо прыходзіць з камандай падтрымкі і з аўдыторыяй, якая зьяўляецца яго першымі донарамі. А будзе сярод яе больш жанчын, ці мужчын – гэта справа непрадказальная. Згодна з міжнароднымі дасьледаваньнямі, краўдфандынг прываблівае жанчын-донараў, таму што зьяўляецца больш бясьпечным асяродзем для інвэстыцый, чым стэрыатыпна мужчынскія венчурныя праекты, напрыклад.

Але ня думаю, што гэтую статыстыку можна пераносіць на аўтараў Talaka. Перш за ўсе, таму што наша плятформа – гэта больш пра рэалізацыю сацыяльных праектаў, чым пра сапраўдныя інвэстыцыі. Ды і ўвогуле краўдфандынг у Беларусі не ўспрымаецца шырокай публікай як пляцоўка для інвэстыцый. Прынамсі пакуль.

У якасьці найбольш пасьпяховых праектаў, дзе аўтарамі зьяўляюцца жанчыны, прапаную пазнаёміцца з наступнымі:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG