Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы, патрэбныя для вырабу і ўстаноўкі першага ў Беларусі помніка беларускаму пісьменьніку Алесю Адамовічу (1927–1994), сабралі ў поўным аб’ёме — 9 тысяч 600 рублёў.

Бюст зьбіраюцца паставіць на радзіме пісьменьніка ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну.

Сродкі на бюст зьбіралі ад 6 траўня на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». 4,5 тысячы рублёў ахвяраваў бізнэсовец, заснавальнік парталу TUT.by Юры Зісер.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук ахвяраў на стварэньне бюсту грашовую частку сваёй сёлетняй прэміі імя Алеся Адамовіча — 500 эўра.

Андрэй Архіпенка
Андрэй Архіпенка

«Цяпер будзем займацца афармленьнем неабходных папер у Магілёўскім аблвыканкаме для абгрунтаваньня ідэі і атрыманьня дазволу на ўстаноўку бюста», — сказаў Свабодзе Андрэй Архіпенка, ініцыятар помніка.

На яго думку, адкрыцьцё помніка можна прымеркаваць да дня народзінаў пісьменьніка, 3 верасьня, альбо да 25-й гадавіны ягонай сьмерці 26 студзеня 2019 году.

Над праектам бюста працуюць скульптары Генік Лойка і Яўген Білей. З эскізамі знаёміцца дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч.

Архіпенка прапануе паставіць бюст між аптэкай, у якой зьбіраюцца зрабіць музэй Адамовіча, і сельсаветам, а на пляцоўцы разьбіць сквэр.

Але пакуль на стварэньне музэю Адамовіча ў Глушы не хапае грошай. За амаль тры гады на дабрачынны рахунак пералічана каля 12 тысяч рублёў — гэта дзясятая частка патрэбнай сумы. Існуе альтэрнатыўная прапанова зрабіць музэй у пасялковым Доме культуры, а будынак аптэкі стане адным з экспанатаў.

У аптэцы працавала маці пісьменьніка. У дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі» Алесь Адамовіч у працы вясковай аптэкі перадаў атмасфэру жыцьця пасялкоўцаў пад нацысцкай акупацыяй.

Вуліца ў Глушы, на якой стаяць аптэка і сельсавет, называецца Кастрычніцкай. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі даць ёй імя Алеся Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Але ўлады яе не ўхвалілі. Пазьней вуліца Адамовіча ў Глушы зьявілася, але на ўскрайку мястэчка.

На «Талацэ» зьбіраюць грошы на бюст Адамовіча і спадзяюцца на дапамогу Сьвятланы Алексіевіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG