Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта лёс цэлага пакаленьня». Праект «(Не)расстраляныя» выйдзе кнігай


У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Курапатах расстралялі таленавітых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Прадусар і рэдактар парталу TuzinFM Сяргей Будкін вяртае імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў новым праекце памяці «(Не)расстраляныя». Свабода даведалася, што гэта за праект і чаму яго варта падтрымаць.

У прома-роліку ўдзельнічалі вядучыя беларускія акторы Павал Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка.

Што такое «(Не)расстраляныя»?

«(Не)расстраляныя» — гэта працяг леташняга музычнага праекту «(Не)расстраляная паэзія», які робіць партал TuzinFM.by. Новы праект уяўляе сабою друкаванае кніжнае выданьне з музычным дадаткам, а таксама шэраг лекцый у Менску і ў рэгіёнах.

Гэтым разам ён называецца больш абагульнена, бо размова ідзе ня толькі пра паэзію, але пра творчасьць агулам. Было адчуваньне, што кропка не пастаўленая, таму мы вырашылі працягваць. Па-першае, летась мы сабралі ня ўсю суму праз краўдфандынг. Па-другое, хацелася выдаць нешта матэрыяльнае. Таму мы вырашылі, што ў другой частцы будзе зборнік гісторый пра герояў нашага праекту: артыкулы, дасьледаваньні, творы і дыск з музычнымі кампазыцыямі. Фактычна гэта мультымэдыйнае выданьне.

Пра герояў выданьня

Мы прапануем умоўны топ-18 паэтаў (гэта ня значыць, што астатнія кепскія) і іхныя выбраныя творы. Гэта спроба расказаць галоўнае пра вельмі цікавых асобаў, якіх мала ведаюць.

Прадусар і рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін
Прадусар і рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін

Калі я ўвёў імёны гэтых паэтаў у пошуку на Youtube, Soundcloud, «УКантакце» і «Фэйсбуку», то практычна нічога не знайшоў. Іх творы і твары невядомыя. Таму зьявілася ідэя «раскруціць» паэтаў як культурных герояў, зрабіць іх пазнавальнымі.

На прыкладзе гэтых васямнаццаці выбітных асобаў мы хацелі расказаць пра лёс усяго творчага пакаленьня, якому «пашчасьціла» нарадзіцца ў той час і скончыць сваё жыцьцё ў канцы 30-х. Некаторым зь іх было ўсяго 20 зь нечым гадоў.

Пра культуру памяці

Слоган праекту гучыць так: «Мы мусім іх памятаць, каб ня зьнікнуць самім». Нам часта даводзіцца сутыкацца зь неадэкватам. Людзі закідаюць сумневы, кажуць, што Курапаты прыдумалі і што насамрэч гэта фашысты расстрэльвалі людзей у тым лесе. Я адразу накідваю ім спасылак, і праз пару дыскусій чалавек сьціхае.

Памяць — гэта неабходнасьць ведаць, што было да цябе. Бяз гэтага ня можа быць нечага наступнага. Гэта даставаньне забытых артэфактаў зь мінулага, закапаных наўмысна. Некаторыя думаюць, што яны адкрываюць нешта новае ў паэзіі, ня ведаючы, што да іх былі папярэднікі.

Працяг роліка здымалі ў сучасным Менску і ў Курапатах

Пра каманду

Каманда налічвае каля 50 чалавек. Умоўна яна падзяляецца на каманду «Тузіна»; дасьледнікаў, якія ўзяліся за лекцыі і тэксты для кніг; і музыкаў.

Над дызайнам і вёрсткай працуе ілюстратарка і дызайнэрка Наста Шастак. Яна натхніла мяне на ідэю зрабіць ня проста кнігу, а дызайнэрскую падзею. Кнігу мы хочам выдаць на якаснай паперы з добрым друкам пад цьвёрдай вокладкай, каб яе можна было адправіць на дызайнэрскія біенале па ўсім сьвеце.

За якасьць зьместу можна ручацца абсалютна. Напрыклад, Ганна Севярынец дасканала ведае творчасьць Алеся Дудара. Вольф Рубінчык — абсалютны знаўца габрэйскай беларускай літаратуры і дасьледчык творчасьці Ізі Харыка і Майсея Кульбака. Андрэй Хадановіч ня спэцыялізаваўся на творчасці Юлія Таўбіна, але пагадзіўся чытаць пра яго лекцыі, пачаў даследаваць і настолькі ім зачараваўся, што нават уклаў зборнік твораў гэтага паэта.

Прадусар і рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін
Прадусар і рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін

Пра імпрэзы ў рэгіёнах

Спачатку ў нас была шалёная думка праехацца па канкрэтных месцах нараджэньня паэтаў і зладзіць там імпрэзы. Але ў зусім глухіх месцах накшталт станцыі Лясной, дзе нарадзіўся Уладзіслаў Галубок, або ў вёсцы Высокі Гарадзец, дзе нарадзіўся Міхась Зарэцкі, розгаласу асабліва не наробіш.

Таму мы вырашылі паезьдзіць па абласьцях і заявіць, што ёсьць такія землякі, на якіх варта зьвярнуць увагу. Натуральна, што ў абласных гарадах няма ніякіх назваў вуліц, шыльдаў і ўшанаваньняў.

Ёсьць вуліца Чарота ў Менску; на месцы, дзе нарадзіўся Зарэцкі, вісіць шыльда, але гэта абсалютны мізер. Ужо не ў нашых сілах, а ў сілах рэгіянальных актывістаў раскручваць тэму з ушанаваньнем літаратараў на месцах.

На вуліцы Чкалава ў Магілёве чытаем лекцыю пра Юрку Лявоннага. Якое дачыненьне мае Чкалаў да Магілёва, няясна. Мы расказваем пра Лявоннага, які ўсё жыцьцё пісаў у Магілёве і як магілёўскі герой нешта зь сябе ўяўляе, але ніводнай згадкі пра яго нідзе няма.

Пра выбар правапісу

Мы доўга вагаліся, якім правапісам выдаваць кнігу. За клясычны правапіс сьведчыла, па-першае, тое, што гэтыя літаратары карысталіся тарашкевіцай. Па-другое, ім карыстаецца «Тузін Гітоў» ужо пятнаццаць гадоў, не даючы яму сысьці ў нябыт. Па-трэцяе, гэты правапіс таксама расстраляны. Кнігі, напісаныя на тарашкевіцы гэтымі аўтарамі, былі масава зьнішчаныя падчас рэпрэсій у 1936-1937 гадах.

З другога боку, мы баяліся, што кнізе можа быць перакрыты шлях да ўстаноў адукацыі. Але потым мы падумалі: навошта нам арыентавацца на ўстановы адукацыі? Няхай установы адукацыі арыентуюцца на нас. Таму мы вырашылі выдаваць кнігу на тарашкевіцы. Дарэчы, моўным рэдактарам кнігі пагадзіўся быць Вінцук Вячорка.

Пра «маўклівыя кнігі»

Адна з частак праекту — дызайнэрскія нататнікі аўтарства Кацярыны Пікірэні, гэткі праект у праекце. Летась яна далучылася да нас і прапанавала намаляваць на вокладцы нататніка твары паэтаў і цытаты зь іхных твораў на задніку.

Ідэя ў тым, каб мы натхніліся пустымі старонкамі, напоўнілі іх ужо сваімі словамі і тым самым не паставілі кропку. Практычна ўсе нататнікі разышліся, трохі яшчэ засталося ў кнігарні «Логвінаў».

Пра старонкі паэтаў у сацсетках

Мы зрабілі старонкі ў сацыяльных сетках для кожнага зь першых дванаццаці герояў, каб весьці трансьляцыі зь лекцый і бачыць надпіс «Юлі Таўбін live». Пры гэтым у сеціве завіравала нейкае сваё жыцьцё: напрыклад, Юрка Лявонны рэпосьціць запіс Таўбіна, а Таўбін — Ізі Харыка.

Зьяўляюцца цікавыя вымярэньні. Можна зайсьці ў «Фэйсбук», пагартаць вершы і выбраць пад настрой восеньскі «І сумна, і нудна, і вецер пяе...» Цішкі Гартнага. Людзі адкрываюць для сябе гэтыя імёны, іх паэзію і ўспрымаюць вельмі прыязна. Некаторыя пасты «УКантакце» набіраюць па 200-300 лайкаў.

Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

Што далей?

Калі мы пасьпяхова рэалізуем задуму з кніжным выданьнем у межах праекту, то плянуем яшчэ паставіць спэктакль паводле аднаго з твораў беларускай літаратуры 1930-х. Магчыма, гэта будзе монаспэктакль.

Ідэй у нас процьма: ад графіці з партрэтамі паэтаў у абласных гарадах або нават у месцах, дзе яны нарадзіліся, да маек з тварамі і цытатамі. Ёсьць творы і твары, якія трэба раскручваць, а раскручваць іх можна, як толькі дазволіць фантазія.

Як атрымаць кнігу?

Ад патэнцыйных чытачоў залежыць, калі выйдзе кніга. Ахвотныя могуць замовіць выданьне да 18-га лістапада на краўдпляцоўцы Ulej.by. Калі мы не набяром належную колькасьць замоваў, то ня зможам выдаць кнігу на продаж, але, натуральна, зможам выдаць кнігу для тых, хто ахвяраваў на краўдфандынгу. Хочацца заклікаць да актыўнасьці: чым больш будзе замоваў, тым таньней і зручней будзе падрыхтаваць і надрукаваць гэтае выданьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG