Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 сьпевакоў за 400 гадоў. Знаўца беларускай опэры робіць справу дасьледчага інстытуту


Сцэна з опэры «У пушчах Палесься» (кампазытар Анатоль Багатыроў). Ларыса Аляксеева — Караліна, Яўген Шаціхін — Вітольд. 1939 год
Сцэна з опэры «У пушчах Палесься» (кампазытар Анатоль Багатыроў). Ларыса Аляксеева — Караліна, Яўген Шаціхін — Вітольд. 1939 год

«Ніхто не разьбіраецца ў гісторыі беларускай опэры лепш за мяне», — крыху самаўпэўнена канстатуе Сяргей Русецкі, але мае на тое права. Зь ягонай асабістай ініцыятывы рыхтуецца да друку беспрэцэдэнтны па ахопе энцыкляпэдычны збор, які вызначае месца і ролю беларускіх выканаўцаў опэры за апошнія чатыры стагодзьдзі.

Знаўца беларускай опэры Сяргей Русецкі (фота — Настасься Караленка)
Знаўца беларускай опэры Сяргей Русецкі (фота — Настасься Караленка)

Сяргей Русецкі — прафэсійны гісторык і шанавальнік опэрнага мастацтва больш як з 20-гадовым стажам. З часоў студэнцтва рэгулярна наведвае ў Менску Вялікі тэатар опэры і балету, не прапускае ніводнай прэмʼеры. Ведае ўвесь рэпэртуар, перагледзеў пастаноўкі з розным складам артыстаў.

Пра неабходнасьць творчых рэзыдэнцый

Скончыўшы асьпірантуру Нацыянальнай акадэміі навук па этналёгіі, Сяргей Русецкі выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі, у Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце культуры, у Беларускай акадэміі музыкі, найдаўжэй — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Да захапленьня далучыў дзясяткі сваіх студэнтаў.

Сцэна з опэры «Галька» (Станіслаў Манюшка). Мастак Яўген Ждан, 1975
Сцэна з опэры «Галька» (Станіслаў Манюшка). Мастак Яўген Ждан, 1975

Цікаўлюся: як узьнікла ідэя самому сыстэматызаваць беларускае опэрнае мастацтва? У Беларусі ёсьць людзі, якія займаюцца гэтым прафэсійна.

«Так, ёсьць дасьледчыкі, у асноўным старэйшага пакаленьня, а я проста маю час і натхненьне, — усьміхаецца Сяргей. — А калі сурʼёзна, на такія дасьледаваньні павінна быць дзяржаўная замова, гэта справа цэлага інстытуту. Зрэшты, ня варта забываць, як мала аддаецца ўвагі тэатральнаму, музычнаму мастацтву ў цэлым. Колькі сучасных канцэртных заляў пабудавана за часы незалежнасьці? Колькі канцэртных раяляў, напрыклад, у Горадні? Які заробак настаўніка музычнай школы? На жаль, гуманітарыі сёньня нікому не патрэбныя, апроч саміх сябе...»

«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі). Ісідар Балоцін у ролі Марціна, 1939. «У пушчах Палесься» (Анатоль Багатыроў). Ларыса Аляксеева ў ролі Караліны, 1939
«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі). Ісідар Балоцін у ролі Марціна, 1939. «У пушчах Палесься» (Анатоль Багатыроў). Ларыса Аляксеева ў ролі Караліны, 1939

Пра шлях да ўнутранай свабоды

Нейкі час таму Сяргей Русецкі зьмяніў месца жыхарства — пераехаў зь Менску, дзе быў пасьпяховым і любімым студэнтамі пэдагогам, у Віцебск. Там разам з прадусарам, арганізатарам канцэртаў і культурніцкіх імпрэзаў Віталём Броўкам рэалізавалі амбітны праект арт-пабу «Торвальд». Быў загадчыкам, стаяў за барнай стойкай, рабіў шмат чорнай працы.

Пасьля ўсё ж вырашыў сканцэнтравацца на творчасьці, дзеля чаго паехаў у Польшчу, уладкаваўся афіцыянтам. Кажа, што зразумелы і гнуткі графік дае шмат свабоды, якой на радзіме ня меў. Плюс — можна цалкам нармальна існаваць у побытавым пляне. «Гэта ўсё мае творчыя рэзыдэнцыі», — жартуе Сяргей.

«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі). Віктар Мягарскі ў партыі Бабыля Мікіты. Ларыса Александроўская ў ролі Марысі, 1940
«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі). Віктар Мягарскі ў партыі Бабыля Мікіты. Ларыса Александроўская ў ролі Марысі, 1940

Пра галоўную кнігу жыцьця

У гэтых «рэзыдэнцыях» ён нарэшце скончыў шасьцігадовую працу над даведнікам «Опэрныя сьпевакі Беларусі». У грунтоўны збор увайшлі біяграфіі паўтысячы выканаўцаў, якія за апошнія 400 гадоў або працавалі на тутэйшай опэрнай сцэне, або нарадзіліся ў Беларусі.

«Праект мае дзьве часткі: уласна кніжная, а ў пэрспэктыве і электронны архіў, — тлумачыць аўтар. — Таксама ўвойдуць здымкі — партрэты артыстаў і сцэнічныя фота. Ня проста энцыкляпэдыя з сухімі фактамі, але і прыгожы мастацкі альбом, які прыемна пагартаць кожнаму. Пакуль выданьне плянуецца як двухтомнік. Разьлічана ў асноўным на дасьледчыкаў, тых, хто захапляецца опэрай, хто пра яе піша. Пасьля паўстане і агульнадаступны электронны аналяг, дзе поруч зь біяграмамі і фота будуць аўдыёзапісы».

«У пушчах Палесься» (Анатоль Багатыроў), Мікола Лазараў у ролі Матроса, 1939. «Кастусь Каліноўскі» (Дзьмітры Лукас). Мікалай Сярдобаў у ролі Кастуся Каліноўскага, 1947
«У пушчах Палесься» (Анатоль Багатыроў), Мікола Лазараў у ролі Матроса, 1939. «Кастусь Каліноўскі» (Дзьмітры Лукас). Мікалай Сярдобаў у ролі Кастуся Каліноўскага, 1947

Сяргей Русецкі ўжо спрабаваў сябе ў ролі зьбіральніка зьвестак пра беларускіх выканаўцаў опэрнай сцэны, але тады праца абмяжоўвалася прызнанымі аўтарытэтамі. Неўзабаве замахнуўся на большае — сабраць пад адной вокладкай усіх сьпевакоў, вядомых ад першай згадкі пра опэру ў Беларусі.

«Ідэя нарадзілася даўно, аднак сутнасна пачала выкрышталізоўвацца, калі да 80-гадовага юбілею тэатру опэры і балету я дапамагаў ствараць „Вялікую энцыкляпэдыю Вялікага тэатру Беларусі“, — кажа Сяргей. — У той працы я браў самы актыўны ўдзел, там шмат маіх тэкстаў, плюс займаўся рэдагаваньнем. І ўжо тады падумаў, што ў абмежаваны збор абсалютна незаслужана ня ўключаныя многія выбітныя постаці, якія ў розны час услаўлялі опэрнае мастацтва нашага краю».

«У пушчах Палесься» (Анатоль Багатыроў). Софʼя Друкер, Пётар Засецкі — Аўгіньня, Саўка, 1939. «Кветка шчасьця» (Аляксей Туранкоў«. Рыта Млодак, Міхаіл Дзянісаў — Надзейка, Андрэй, 1940
«У пушчах Палесься» (Анатоль Багатыроў). Софʼя Друкер, Пётар Засецкі — Аўгіньня, Саўка, 1939. «Кветка шчасьця» (Аляксей Туранкоў«. Рыта Млодак, Міхаіл Дзянісаў — Надзейка, Андрэй, 1940

Тагачасны падыход да справы, мяркуе знаўца опэры, аказаўся досыць фармальны — у «залаты фонд» уключалі толькі заслужаных і народных артыстаў. Зрэшты, іначай і быць не магло, трэба было б выдаваць пяцітомнік.

«І вось у гэты момант я задумаўся пра стварэньне вялікага агульнага даведніка, які распавёў бы пра ўсіх выканаўцаў за ўсю гісторыю опэры на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Нешта падобнае ў свой час зрабілі Іван Лысенка ва Ўкраіне і Аркадзь Пружанскі ў Расеі, хоць апошні захапіў толькі дарэвалюцыйны пэрыяд», — кажа Сяргей Русецкі.

«Кармэн» (Жорж Бізэ), Ларыса Александроўская ў ролі Кармэн, 1933. «Алеся» (Яўген Цікоцкі), Ларыса Александроўская ў ролі Алесі, 1944
«Кармэн» (Жорж Бізэ), Ларыса Александроўская ў ролі Кармэн, 1933. «Алеся» (Яўген Цікоцкі), Ларыса Александроўская ў ролі Алесі, 1944

Пра пачатак беларускай опэры

Аўтарамі першай нацыянальнай клясычнай беларускай опэры лічацца кампазытар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Гарадзкі тэатар, у якім у 1852 годзе была пастаўлена камічная опэра «Сялянка» («Ідылія»), над якой якраз працаваў творчы тандэм, месьціўся на Саборнай плошчы ў Менску (цяпер плошча Свабоды). Ня так даўно ў памяць пра тую падзею ім абодвум паставілі помнік перад Ратушай.

Насамрэч опэрнае мастацтва ў Беларусь прыйшло нашмат раней. Як вынікае з архіваў, яшчэ ў другой палове XVIII стагодзьдзя цешылі публіку тэатар і музычна-опэрная школа ва ўладаньнях Сапегаў у Ружанах. 60 артыстаў і танцораў фармавалі некалькі трупаў — опэрную, балетную, драматычную і капэлу. Спачатку запрашалі музыкаў з Італіі, Францыі, Чэхіі, Аўстрыі, Нямеччыны, але паступова іх замянілі мясцовыя сяляне, якія вучыліся ў тэатральнай школе.

«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі), Тамара Ніжнікава — Баба-лапатуха, 1957. «Страшны двор» (Станіслаў Манюшка). Софʼя Друкер у ролі Чэсьніковай, 1952
«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі), Тамара Ніжнікава — Баба-лапатуха, 1957. «Страшны двор» (Станіслаў Манюшка). Софʼя Друкер у ролі Чэсьніковай, 1952

Пры канцы XVIII стагодзьдзя ў Слоніме была заснавана тэатральная трупа вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. Адмыслова ўзьведзены Дом опэры меў сцэну, прыстасаваную для паказаў барочных спэктакляў, опэр і балетаў, для выхаду вялікай колькасьці сьпевакоў і статыстаў, нават баталій коньнікаў і водных фэерый.

17 верасьня 1784 году ў Нясьвіжы адбылася прэмʼера опэрнай пастаноўкі «Агатка, або прыезд пана» — адной зь першых прафэсійных опэр, створаных на беларускай зямлі. Музыку напісаў Ян Давід Голанд, капэльмайстар прыдворнай капэлы Радзівілаў, лібрэта — князь Мацей Радзівіл. Прэмʼеру прымеркавалі да візыту караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі). Тамара Шымко, Герман Дзьмітрыеў — Марыся, Міхась, 1957
«Міхась Падгорны» (Яўген Цікоцкі). Тамара Шымко, Герман Дзьмітрыеў — Марыся, Міхась, 1957
«Яснае сьвітаньне» (Аляксей Туранкоў). Лідзія Галушкіна, Барыс Нікольскі — Марына, Мікола, 1958
«Яснае сьвітаньне» (Аляксей Туранкоў). Лідзія Галушкіна, Барыс Нікольскі — Марына, Мікола, 1958

«У энцыкляпэдыі пададзеныя збольшага сухія факты, гэта не захапляльныя гісторыі пра опэрных прым і закулісьсе, — кажа Сяргей Русецкі. — Гэта даведнік, у які ўвайшлі зьвесткі пра ўсіх тых, каго я толькі мог выявіць за апошнія 400 гадоў. Натуральна, у асноўным інфармацыя па ХХ стагодзьдзі, у меншай ступені па ХІХ, і зусім адзінкавыя згадкі пра сьпевакоў, якія працавалі ў XVIII стагодзьдзі ў Нясьвіжы або ў XVII у капэле Вазаў».

«Калючая ружа» (Юры Семяняка). Тамара Шымко, Валеры Глушакоў — Сьвятлана, Андрэй, 1960
«Калючая ружа» (Юры Семяняка). Тамара Шымко, Валеры Глушакоў — Сьвятлана, Андрэй, 1960

Пра архіўныя таямніцы

Цікаўлюся ў суразмоўцы: зь якіх крыніцаў здабывалася інфармацыя? Якія архівы давялося «пералапачваць» найперш — беларускія ці замежныя? Нарэшце, ці выступалі «сьведкамі» колішнія артысты опэрнай сцэны?

Опэра «Джардана Бруна» (Сяргей Картэс). Уладзімер Іваноўскі — Джардана Бруна, 1977
Опэра «Джардана Бруна» (Сяргей Картэс). Уладзімер Іваноўскі — Джардана Бруна, 1977

«Практычна ўвесь матэрыял сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, у архіве нашага Вялікага тэатру опэры і балету, — кажа дыплямаваны гісторык. — Ну, і таксама асабістыя архівы. Вось гэта, бадай, самы вялікі і самы нялёгкі кавалак працы. Кантакты з нашчадкамі або яшчэ жывымі артыстамі значна больш складаныя, чым архіўны пошук. Польскія і літоўскія архівы ў свой час былі добра адпрацаваныя Вольгай Дадзіёмавай, аднак шмат даў і актуальны бібліятэчны пошук — сучасныя друкаваныя польскія выданьні».

Зь «белых плямаў», якія пакуль ня надта ўдалося запоўніць, — праца Менскага гарадзкога тэатру ў 1941–1944 гадах, калі горад быў пад нямецкай акупацыяй.

«Новая зямля» (Юры Семяняка). Натальля Кастэнка ў ролі Міхаліны, 1982
«Новая зямля» (Юры Семяняка). Натальля Кастэнка ў ролі Міхаліны, 1982

«Лёсы тагачасных тэатральных артыстаў мне вядомыя, а вось візуальнай інфармацыі няма, — прызнаецца дасьледчык. — Мяркую, недзе ў нямецкіх архівах захоўваюцца і фатаздымкі — не валодаю мовай, на жаль, каб там грунтоўна папрацаваць. Гэтаксама пакуль для мяне не даступны архіў кампазытара Мікалая Шчаглова, які захоўваецца ў Лёндане, а ён быў галоўнай фігурай у тым тэатры».

Выхад энцыкляпэдычнага двухтомніка аўтар зьвязвае перадусім з прыватнымі кнігавыдаўцамі — яны больш гнуткія ў працэсе, які папярэднічае друку.

«Альпійская балада» (Віталь Губарэнка). Уладзімер Экнадыёсаў і Натальля Руднева — Іван, Джулія, 1986
«Альпійская балада» (Віталь Губарэнка). Уладзімер Экнадыёсаў і Натальля Руднева — Іван, Джулія, 1986

Пра дзяржаву і прыватніка

А чаму не разглядаецца супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі? Цалкам лягічна, каб справу прафундавала тое ж Міністэрства культуры, пад куратарствам якога працуе Вялікі тэатар опэры і балету, ці ня так?

«Напэўна, магло б, але ёсьць досьвед, які паказвае: зь дзяржавай працэс супрацы больш складаны і доўгі, — кажа аўтар. — Гэта ж закон: усё самае вартае, што робіцца ў беларускай культуры, робіцца безь яе ўдзелу. Таму разьлічваю на мэцэнатаў і ў некаторай ступені на краўдфандынг. Нашчадкі артыстаў, як толькі пачулі пра ідэю, таксама пачалі ахвяраваць. І гэта прыемна. Хоць пакуль гэта адзінкавыя выпадкі, але на вокладку ўжо маем. Калі казаць пра кнігу, выдадзім у такой паліграфічнай якасьці, на якую назьбіраем. То бок — сродкамі тых, каму гэта сапраўды цікава і трэба».

«Візыт дамы» (Сяргей Картэс). Эдуард Пелагейчанка, Натальля Руднева — Альфрэд, Клара, 1995
«Візыт дамы» (Сяргей Картэс). Эдуард Пелагейчанка, Натальля Руднева — Альфрэд, Клара, 1995

Паводле Сяргея Русецкага, будзе ўжо добра, калі б раптам зьявіўся фундатар, здольны ўзяць на сябе асьветніцкую місію — прафінансаваць рассылку часткі накладу энцыкляпэдыі ў профільныя і бібліятэчныя ўстановы.

«Я падумаў, што было б здорава, каб кніга не прадавалася, а стала цалкам некамэрцыйным праектам, — выказвае ён пажаданьне. — Калі знойдзем фундатараў, дык разашлём яе ў бібліятэкі, у адпаведныя адукацыйныя ўстановы. Раздамо жывым яшчэ артыстам, адправім у суседнія краіны, зь якімі ў нас моцныя творчыя сувязі».

«Сівая легенда» (Дзьмітры Смольскі). Станіслаў Трыфанаў у ролі Кізгайлы, 2012
«Сівая легенда» (Дзьмітры Смольскі). Станіслаў Трыфанаў у ролі Кізгайлы, 2012

Ён нагадвае, што і некалі, і цяпер опэрнае мастацтва моцна інтэграванае паміж суседзямі. Як гонар беларускай сцэны адстойвалі артысты родам зь іншых краёў, так і беларусы прыносілі славу іншым тэатрам.

«Пэўная частка герояў кнігі — этнічныя ўкраінцы. Адпаведна, украінскія тэатры, буйныя бібліятэкі яе атрымаюць. Натуральна, будзе яна і ў Вільні, і ў Варшаве, і ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў Марыінскім тэатры цяпер кожны чацьвёрты саліст — беларус. Варта назваць некалькі імёнаў, і акажацца, што гэта асноўныя зоркі: Уладзіслаў Сулімскі, Кацярына Семянчук, Ірына Гардзей, Аляксей Танавіцкі, Кацярына Шымановіч. Таму адна з мэтаў — паказаць, што беларусы трывала стаяць на 400-гадовай гісторыі элітнага і разам з тым дэмакратычнага мастацтва», — падсумоўвае Сяргей Русецкі.

Дзікае паляваньне караля Стаха» (Уладзімер Солтан), Алена Бундзелева ў ролі Надзеі Яноўскай, 2010
Дзікае паляваньне караля Стаха» (Уладзімер Солтан), Алена Бундзелева ў ролі Надзеі Яноўскай, 2010

Энцыкляпэдыя багата ілюстраваная фатахронікай розных часоў. На просьбу Свабоды аўтар падзяліўся выявамі выбітных артыстаў, якія былі задзейнічаныя ў найбольш значных спэктаклях нацыянальнага рэпэртуару.

Менчукі на прэмʼеры опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» у Траецкім прадмесьці, 1989
Менчукі на прэмʼеры опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» у Траецкім прадмесьці, 1989

Фатаздымкі ў артыкуле — з архіву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету, Беларускага дзяржаўнага архіва-музэю літаратуры і мастацтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG