Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраны прэзыдэнт Літвы дапусьціў, што будзе размаўляць з Лукашэнкам


Гітанас Наўседа (Gitanas Nausėda)
Гітанас Наўседа (Gitanas Nausėda)

Гітанас Наўседа, абраны прэзыдэнтам Літвы, на прэс-канфэрэнцыі 4 чэрвеня расказаў, што зьбіраецца падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю дзеля захаваньня самастойнасьці суседняй краіны, піша Delfi.

Тое, як Наўседа кажа пра дыялёг зь Беларусьсю, адрозьніваецца ад тону цяперашняй прэзыдэнткі Далі Грыбаўскайце — яна не ўхваляла дыялёг зь Беларусьсю. Перашкодай было пытаньне будаўніцтва Беларускай АЭС (Літва лічыць станцыю небясьпечнай) і характар сувязяў беларускіх уладаў з Расеяй, адзначае літоўскае выданьне.

Наўседа, які стане прэзыдэнтам Літвы 12 ліпеня, пакуль «лічыць заўчасным» казаць, ці будзе дыялёг зь Беларусьсю на ўзроўні міністраў, ці між прэзыдэнтамі, але адзначае, што «розныя падыходы да некаторых пытаньняў» у Беларусі і Літве — гэта «не вялікая трагедыя, і мы можам гэта абмяркоўваць».

«Беларусь — вельмі важны наш сусед, вельмі важны партнэр, якому мы аддадзім вялікую ўвагу, — казаў Наўседа. — І ў нашых інтарэсах, перш за ўсё, каб на нашай усходняй мяжы быў незалежны, самастойны і эканамічна дзеяздольны партнэр, таму Літва будзе падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю».

Будучы прэзыдэнт Літвы на прэс-канфэрэнцыі таксама выказаў пажаданьне, каб ягоны апанэнт у першым туры, цяперашні прэм’ер-міністар Саўлюс Сквярняліс не пакідаў прэм’ерскага крэсла, калі будзе мець на тое жаданьне.

Сквярняліс спрачаўся з Грыбаўскайце наконт БелАЭС: ён хацеў прапанаваць беларускім уладам выкарыстаць інфраструктуру БелАЭС у Астраўцы, каб абсталяваць электрастанцыю на газе. Прэзыдэнтка абуралася, што «плян-хуліган» (як гэта назваў прэм’ер) быў агучаны да ўзгадненьня зь ёю.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG