Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім»: няякасная расейская нафта нэгатыўна паўплывае на ўсю галіну нафтахіміі


Ілюстрацыйнае фота. Завод «Палімір», які належыць таварыству «Нафтан»

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў заявіў, што наступствы паступленьня няякаснай нафты нэгатыўна адаб’юцца на ўсёй галіне нафтахіміі.

3 траўня адбылося пасяджэньне рады канцэрна «Белнафтахім», на якім падведзены вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці за першы квартал 2019 года.

Сярод іншага была абмеркавана сытуацыя, зьвязаная з пастаўкамі бруднай расейскай нафты ў красавіку.

Андрэй Рыбакоў заявіў, што прынятыя мерапрыемствы па зьніжэньні затрат на вытворчасьць прадукцыі «неабходна лічыць мінімальным плянам па эканоміі рэсурсаў».

На пасяджэньні рады выступіў віцэ-рэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка.

Нацыянальны банк Беларусі не чакае істотнага ўплыву сытуацыі з пастаўкамі няякаснай нафты з Расеі на грашова-крэдытную палітыку ў Беларусі. Пра гэта паведаміў учора на брыфінгу старшыня праўленьня Нацбанка Павел Калаур, перадае БЕЛТА.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG