Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі нафтаправод пачалі чысьціць ад няякаснай расейскай нафты. У ім мільён тонаў такой нафты


Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру, архіўнае фота

У «Гомельттранснафце» распавялі, што будзе з няякаснай расейскай нафтай, якая трапіла ў трубаправоды Беларусі, Польшчы, Славакіі і Вугоршчыны.

50 тысяч тон забруджанай нафты з расейскага ўчастка ў рэзэрвуарны парк ва Ўнечу, пра гэта БелаПАН паведаміў галоўны інжынэр «Гомельтранснафта» Андрэй Верыга.

З беларускага ўчастка больш за 120 тысяч тон забруджанай нафты выцесняць у рэзэрвуарны парк у Мазыры. Усяго, паводле зьвестак украінскага апэратара «Укртранснафта», у рэзэрвуарныя паркі ў Беларусі, Украіне, Славакіі і Вугоршчыны зьліюць каля 400 тысяч тон некандыцыйнай нафты.

Гэтыя захады дазволяць ачысьціць толькі адну ветку нафтаправоду «Дружба». На ўсход (у Расею) і поўдзень (ва Ўкраіну) ідуць па дзьве ніткі, на Захад (у Польшчу) — тры ніткі.

Большая частка трубаправода на няпэўны час застанецца закрытай і стане свайго роду сховішчам для некандыцыйнай нафты. Паводле папярэдняй ацэнкі, у Расіі, Беларусі, Украіне і Польшчы знаходзіцца прыкладна 5 мільёнаў тон няякаснай нафты. На беларускую долю прыпадае больш за мільён тон.

Паводле інфармацыі беларускага апэратара «Дружбы», поўнае аднаўленьне нафтаправода запатрабуе некалькіх месяцаў напружанай працы. Да 10-11 траўня ён плянуе выйсьці на 40% праектнай магутнасьці сыстэмы. Чыстая нафта павінна падысьці да мяжы Беларусі ў канцы дня 2 траўня, а ў Мазыр яна павінна паступіць не раней 4 траўня.

Пра тое, што з сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе «Дружба» паступае няякасная нафту, канцэрн «Белнафтахім» паведаміў 19 красавіка. 22 красавіка стала вядома, што з-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяваньне.
У Расіі ўзбуджана крымінальная справа аб наўмысным забруджваньні нафты ў нафтаправодзе «Дружба».

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG