Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пракамэнтаваў сытуацыю з бруднай нафтай для Беларусі


Інцыдэнт з патрапленьнем няякаснай нафты ў трубаправод «Дружба» нанёс Расеі вельмі сур’ёзную эканамічную, іміджавую і матэрыяльную шкоду. Пра гэта ў аўторак, 30 красавіка, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўніком «Транснафты» Мікалаем Токаравым.

Кіраўнік «Транснафты» паведаміў, што прычынай забруджваньня сталі дзеяньні прыватнага прадпрыемства ў Самарскай вобласьці, якое ў парушэньне ўсіх тэхналягічных рэглямэнтаў наўмысна ажыцьцявіла зьліў нафты, якая не прайшла таварную падрыхтоўку. Паводле Токарава, «у дадзеным выпадку гэта проста чыстай вады махлярства ў парушэньне ўсіх інструкцыяў і нарматыўных патрабаваньняў».

«Паслухайце, яны змахлярылі, а шкода для нас і эканамічная, і матэрыяльная, ды і іміджавая вельмі сур’ёзная!» — заявіў Пуцін.

Раней у аўторак прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў дапусьціў пакараньне аж да крымінальнага для вінаватых у патрапленьні няякаснай нафты ў трубаправод «Дружба».

Мікалай Токараў заявіў, што матэрыялы накіраваныя ва ўпраўленьне ФСБ па Самарскай вобласьці.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG