Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч на волі: «Грэх апраўдвацца за заклік на малітву»


Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч на крыжовым шляху ў Курапатах, 4 красавіка

Падсаджвалі ў камэру псыхічна хворых: адзін спрабаваў нападаць, другі быў «вечна галодны».

Палітык Мікола Статкевіч удзень 22 красавіка выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту. Яго асудзілі за заклік маліцца за Курапаты 7 красавіка ў цэнтры Менску — затрымалі на выхадзе з дому, акцыя прайшла безь ягонага ўдзелу.

З прысудам не пагадзіўся

Сам Статкевіч ня згодны з тым, што арганізоўваў «несанкцыянаваную акцыю», ён кажа, што рэальна яго і не судзілі, а толькі «нейкая пэрсона пад нос мармытала».

У інтэрвію Свабодзе пасьля вызваленьня Мікола Статкевіч сказаў, што на судзе ён сам не спрабаваў апраўдвацца і адвакату забараніў, бо «грэх на Вялікдзень апраўдвацца за тое, што заклікаў на малітву ў абарону Хрыстовага крыжа». Ён толькі тлумачыў судзьдзі, што «ня лічыць гэта судом — гэта горш за цырк».

Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійную дзейнасьць, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іхных тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках. Тым ня менш малітву палічылі масавай акцыяй.

Падсаджвалі псыхічна хворага

У час зьняволеньня, сьцьвярджае Статкевіч, «як звычайна», былі спробы правакацыяў і супраць яго, і супраць жонкі, якая насіла яму перадачы. На жонку, кажа ён, «ледзь не нападалі», «выштурхоўвалі».

Да яго ў камэру, паводле Статкевіча, пасадзілі псыхічна хворага чалавека, які спрабаваў нападаць сярод ночы. Але аказалася, дастаткова на яго проста моцна крыкнуць.

Навінаў ня чуў, пра выбары будзе думаць

Статкевіч кажа, яшчэ не чытаў апошніх навінаў і ня ведае ў дэталях пра новыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра Курапаты. Цяпер ён толькі вярнуўся дамоў, хоча найперш памыцца і пагаварыць з блізкімі. Але ён адзначае, што «вайна супраць крыжоў» відавочная.

Статкевіч мяркуе, што ягоны арышт, як і арышт аднаго зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, мог быць зьвязаны з плянамі ўладаў абвясьціць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Але занадта нэгатыўная рэакцыя грамадзтва і замежных палітыкаў (у тым ліку польскіх) на крыжалом у Курапатах і зьмена ўлады ў Судане і ва Ўкраіне прывялі да таго, мяркуе Статкевіч, што датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў не абвясьцілі.

Ці браць удзел у парлямэнцкіх выбарах, якія Лукашэнка хоча правесьці 7 лістапада, Статкевіч рашэньня ня мае: гэта будуць вырашаць супольна ў межах «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» і партыі «Народная грамада», кажа ён.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG