Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар лясной гаспадаркі адказаў на зварот пра знос крыжоў у Курапатах: «Зносілі толькі незаконныя»


На сайце Petitions.by апублікаваны адказ на зварот з патрабаваньнем «спыніць апаганьваньне народнага мэмарыялу Курапаты» і прад'явіць дакумэнты, якія давалі б падставу зносіць крыжы.

Супраць «крыжалому» ў Курапатах за два з паловай тыдні падпісаліся больш як 2400 карыстальнікаў.

У адказе, датаваным 19 красавіка, міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа называе знос крыжоў «дэмантажом асобных спаруд» і «дэмантажом незаконна пастаўленых аб’ектаў», а таксама «чарговым этапам добраўпарадкаваньня».

Дрожжа сьцьвярджае, што «спаруды» зносілі адпаведна праекту зоны аховы мэмарыялу і на падставе пастановы Савету Міністраў аб правілах добраўпарадкаваньня мэмарыялаў. Міністар таксама спасылаецца на ўзгадненьне Міністэрствам культуры работ па ўсталяваньні дзяржаўнага помніка ў мэмарыяле – нібыта дазвол распаўсюджваецца і на знос крыжоў.

«Трэба заўважыць, што спэцыялістамі ДСЛГУ „Бараўлянскі спэцлясгас“ быў зроблены дэмантаж выключна незаконна пастаўленых спарудаў (крыжоў), — піша Дрожжа. — Разам з тым усе спаруды, пастаўленыя з выкананьнем заканадаўства, захаваныя».

Якія крыжы законныя і ці засталіся яшчэ нязьнесеныя незаконныя, міністар не ўдакладніў.

20 красавіка Аляксандар Лукашэнка на «Лініі Сталіна» зрабіў шэраг выказваньняў пра Курапаты і знос крыжоў, у тым ліку заявіў, што «там яшчэ ня скончана». Таксама Лукашэнка заяўляў, што Сталін заслугоўвае адраджэньня ягонага імя.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG