Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго і як пакаралі за пратэсты супраць крыжалому ў Курапатах


Затрыманьне Ніны Багінскай у Курапатах, 5 красавіка

Цягам двух дзён, 8 і 9 красавіка, праходзілі суды над актывістамі, якія пратэставалі супраць дзяржаўнага «ўпарадкаваньня» мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій Курапаты пад Менскам. Прынамсі трох чалавек пакаралі арыштам на 13–15 сутак, яшчэ дваіх — буйнымі штрафамі.​

Пакуль высьвятляецца, ці быў затрыманы актывіст Арцём Чарняк з Маладэчна. Паводле Яўгена Афнагеля, 7 красавіка Арцём накіраваўся ў Менск на малітву за Курапаты, але далейшы ягоны лёс невядомы.

Паўла Севярынца пакаралі на 15 сутак

У судзе Менскага раёну 8 красавіка адбыўся адміністратыўны працэс над сустаршынём Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам. Яго асудзілі на 15 сутак арышту з улікам адбытых да суду трох сутак. Затрымалі яго, калі ён спрабаваў весьці стрым з Курапатаў, дзе на месцы зьнесеных крыжоў пачалі ставіць плот.

Павал Севярынец у судзе
Павал Севярынец у судзе

Міколу Статкевічу далі 15 сутак

Суд Цэнтральнага раёну Менску за пяць хвілін пакараў палітыка Міколу Статкевіча 15 суткамі арышту нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ). Палітыка затрымалі 7 красавіка ля дома, калі ён зьбіраўся ісьці на малітву за Курапаты да Сьвята-Духавага сабора.

Мікола Статкевіч у судзе, 9 красавіка
Мікола Статкевіч у судзе, 9 красавіка

Максіма Вінярскага асудзілі на 13 сутак

Працэс над актывістам Максімам Вінярскім прайшоў у Маскоўскім судзе Менску. Вінярскага зьвінавацілі ў закліку прыйсьці на малітву за Курапаты да менскага Сьвята-Духавага сабора. Пасьля затрыманьня 6 красавіка актывіст 72 гадзіны прабыў пад вартай.

Максім Вінярскі
Максім Вінярскі

Ніну Багінскую пакаралі штрафам на 1275 рублёў

72-гадовую актывістку абвінавацілі ў тым, што яна перашкаджала будаўнічым працам у Курапатах, калі там зносілі крыжы і на іх месцы ставілі агароджу.

Ніну Багінскую затрымліваюць 5 красавіка
Ніну Багінскую затрымліваюць 5 красавіка

Вользе Мікалайчык — штраф у 35 базавых

Суд Першамайскага раёну аштрафаваў Вольгу Мікалайчык на 35 базавых велічыняў «за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках». Вольга настойвала, што гэта быў ня заклік на мерапрыемства, а інфармаваньне пра малебен за Курапаты.

Вольга Мікалайчык
Вольга Мікалайчык

Што адбылося ў Курапатах?

У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў і пачалі ўсталёўваць плот. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.​

Паралельна са зносам крыжоў у Курапатах затрымалі 15 чалавек. Увечары частку іх выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе раніцай зносілі крыжы. 7 красавіка некалькі соцень чалавек маліліся за Курапаты ў цэнтры Менску.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG