Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага ў Курапатах Паўла Севярынца асудзілі на 15 сутак


Затрыманьне Паўла Севярынца ў Курапатах, 5 сакавіка
Затрыманьне Паўла Севярынца ў Курапатах, 5 сакавіка

У судзе Менскага раёну 8 красавіка адбыўся адміністратыўны працэс над абаронцам Курапатаў, сустаршынём Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам. Яго асудзілі на 15 сутак арышту з улікам адбытых да суду трох сутак.

Павал Севярынец у судзе
Павал Севярынец у судзе

Павал Севярынец знаходзіцца пад арыштам з 5 красавіка — яго затрымалі, калі ён спрабаваў весьці стрым з Курапатаў, дзе на месцы зьнесеных крыжоў пачалі ставіць плот.

На Паўла Севярынца склалі два пратаколы. Першы за тое, што нібыта 5 красавіка перашкаджаў будаўнікам у Курапатах, крычаў, хапаў іх за рукі, не рэагаваў на заўвагі. Другі пратакол — што не падпарадкаваўся патрабаваньням міліцыянта Ўдодава «прасьледаваць у службовы аўтамабіль».

Абодва пратаколы Севярынец не прызнаў і назваў хлусьнёй заявы «палкоўніка Ўдодава, які рвецца ў генэралы».

У пачатку працэсу ён сказаў, што не давярае суду і заявіў адвод судзьдзі. Той не выходзячы на перыпынак адхіліў хадайніцтва. Таксама судзьдзя адмовіў у хадайніцтве аб вядзеньні справы па-беларуску, спаслаўся на існаваньне дзьвюх дзяржаўных моваў.

Cупраць Севярынца сьведчылі два амапаўцы. Яны заявілі, што Севярынец перашкаджаў працы будаўнікоў і адмовіўся ісьці ў міліцэйскі аўтамабіль, калі яго затрымалі.

Папярэдні прысуд Севярынцу вынесьлі 1 сакавіка — за заклік да акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі на Кастрычніцкай плошчы 26 лютага яго пакаралі 7 суткамі арышту. Напярэдадні працэсу актывіст адбыў 3 дні ў ізялятары без суду, як і гэтым разам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG