Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прадстаўнікі дзяржавы сказалі пра знос крыжоў у Курапатах. Адной карцінкай


4 сакавіка рабочыя на загад улады зьнесьлі ў Курапатах 70 крыжоў. Працы праводзіліся з удзелам будаўнічай тэхнікі і пад аховай міліцыі. Паралельна са зносам крыжоў мэмарыял агароджвалі плотам. У гэты дзень на тэрыторыі мэмарыялу затрымалі 15 чалавек. Прадстаўнікі розных канфэсій і грамадзтва рэзка асудзілі такія дзеяньні ўлады. Глядзім, што наконт гэтага сказалі афіцыйныя прадстаўнікі ўлады.

«Банальная палітычная правакацыя»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і кандыдат гістарычных навук Ігар Марзалюк пракамэнтаваў тэлеканалу RTVI знос крыжоў у Курапатах.

Сярод іншага, ён сказаў:

  • «З гэтага боку ніякіх пахаваньняў няма. Гэтыя крыжы не зьяўляюцца элемэнтамі традыцый і не стаялі тут дзесяцігодзьдзямі».
  • «У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі. Таму і плот, і добраўпарадкаваньне на гэтым месцы будзе».
  • «Мы бачым банальную палітычную правакацыю».

Кажучы пра правакацыю, Марзалюк меў на ўвазе малебны, якія прайшлі з нагоды зносу крыжоў у Курапатах і ў цэнтры Менску на плошчы Свабоды.

Знос крыжоў у Курапатах
Знос крыжоў у Курапатах

«Дзяржаўны памятны знак пастаўлены, яго дастаткова»

Пра сытуацыю вакол Курапатаў выказалася газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня».

Усталяваныя крыжы назвалі «самадзейнасьцю», а мэмарыялу хопіць проста «усталяванага дзяржавай памятнага знаку», каб «прыйсьці, памаліцца, памаўчаць».

Аўтар Андрэй Мукавозчык, які нярэдка піша правакацыйныя камэнтары да актуальных падзеяў, аказаўся ці не адзіным прадстаўніком дзяржаўных СМІ, які выказаўся пра знос крыжоў. На яго думку, пасьля зьяўленьня памятнага знаку «паўгнілыя драўляныя канструкцыі ў тым лесе цяпер відавочна лішнія».

«Праводзіцца выдаленьне асобных спаруд»

Мінлясгас, які займаўся выдаленьнем крыжоў і ўсталяваньнем агароджы, спрабаваў афіцыйна патлумачыць, што канкрэтна адбываецца ў Курапатах.

«У рамках навядзеньня парадку спэцыялістамі праводзіцца мантаж агароджаў, выдаленьне асобных спаруд. Гэтыя працы, у тым ліку, праводзяцца ў Курапатах, тэрыторыя якіх зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і землямі дзяржаўнага ляснога фонду. Зьвяртаем увагу грамадзян, што спэцыялістамі лясгаса ажыцьцяўляецца знос выключна тых аб’ектаў, якія былі ўсталяваныя безь якой-небудзь дазвольнай дакумэнтацыі, г.зн. якія зьяўляюцца незаконна ўсталяванымі», — сказалі ў ведамстве.

«Навошта там гэтыя белыя крыжы?!»

Тэма Курапатаў «усплывала» і на «Вялікай размове», якую Аляксандар Лукашэнка праводзіў яшчэ ў сакавіку. Сярод іншага, ён даручыў «навесьці там парадак».

«Прывядзём у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было. Навошта вы павыстаўлялі там белыя крыжы? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі», — сказаў Лукашэнка.

Гэтую заяву Лукашэнкі наўпрост зьвязваюць са зносам крыжоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG