Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Бабічу эфэктыўна ўдаецца разбураць цесныя і сяброўскія адносіны двух братэрскіх народаў


Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Міністэрства замежных спраў Беларусі пракамэнтавала выказваньні пасла Расеі Міхаіла Бабіча, што «ўсё сказанае Аляксандрам Лукашэнкам наконт зьніжэньня кошту будаўніцтва АЭС «ня мае пад сабой ні найменшых падстаў».

У камэнтары парталу Tut.by начальнік управы інфармацыі і лічбавай дыпляматыі Анатоль Глаз заявіў:

«Магу толькі адаслаць да нашага папярэдняга камэнтара наконт ягоных эмацыйных заяў некаторы час таму ў сакавіку. Усё сказанае намі раней цалкам пацьвярджаецца. Спадар Пасол абсалютна ня бачыць ніякай розьніцы паміж расейскай фэдэральнай акругай, дзе, як нам расказвалі, ён любіў раздаваць павучаньні налева і направа, і незалежнай дзяржавай. Хаця ў Пасланьні Прэзыдэнт Беларусі абсалютна выразна і ясна выказаўся наконт незалежнасьці нашай дзяржавы і скептычнага, мякка кажучы, стаўленьня да нашай шматвяковай гісторыі з боку асобных іншаземных палітыкаў.

Ведаеце, што мае значэньне ў гэтай сытуацыі? На працягу доўгага часу шэраг зьнешніх сілаў беспасьпяхова спрабавалі разбурыць цесныя і сяброўскія адносіны двух братэрскіх народаў. Дык вось: тое, што не ўдалося гэтым зьнешнім сілам цягам некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў, пасьпяхова і эфэктыўна ўдаецца спадару Бабічу літаральна за некалькі месяцаў».

Гэты адказ міністэрства таксама зьмясьціла на сваім афіцыйным сайце.

Новае павучаньне Макею ад Бабіча

18 красавіка ў камэнтары пра атрыманыя Беларусьсю ад Расеі прапановы што да далейшай інтэграцыі міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў:

«Але Дзьмітрый Анатольевіч [Мядзьведзеў], магчыма, ня ў курсе, што мы ўжо даўно накіравалі нашыя прапановы ў адказ».

Міхаіл Бабіч адрэагаваў на словы Макея ў камэнтары РБК наступным чынам:

«Што да заявы спадара Макея, то ён, відаць, ня ў курсе, што Дзьмітрый Мядзьведзеў ёсьць ня толькі старшынём ураду Расеі, але і сябрам Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, старшынём савету міністраў Саюзнай дзяржавы. І ўсе рашэньні, якія прымаюцца ў Саюзнай дзяржаве, ім узгадняюцца, а большасьць зь іх рэалізуюцца пад ягоным непасрэдным кіраўніцтвам. Лепш бы спадару Макею гэта ў сваёй працы ўлічваць», — сказаў расейскі пасол.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG