Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі суд абавяжа, папросім прабачэньня», — намесьнік міністра пра затрыманьне за замах на скульптуру «царскага гарадавога»


Скульптура «царскага гарадавога» ў Менску, архіўнае фота

Беларускі партал Tut.by зьвярнуўся да намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Мельчанкі з просьбай пракамэнтаваць затрыманьне 18-гадовай дзяўчыны, якая ў выніку правяла два дні ў ізалятары за тое, што замахнулася нагой на скульптуру «царскага гарадавога» каля будынка МУС у Менску.

На згадку факту Мікалай Мельчанка адказаў, што «ўжо дадзеныя вычарпальныя адказы наконт паводзінаў вакол гарадавога: калі чалавек парушае элемэнтарныя нормы паводзінаў, натуральна, ён будзе адказваць адпаведна нашым законам».

Мікалай Мельчанка
Мікалай Мельчанка

Што менавіта парушыла дзяўчына, замахнуўшыся нагой на скульптуру і нават не дакрануўшыся да яе, намесьнік міністра не адказаў. Таксама ён адмовіўся расказаць, якія правілы паводзінаў вызначаныя побач з «гарадавым» (раней МУС сьцьвярджала, што датыкацца да скульптур можна, забароненыя толькі «сплянаваныя акцыі і флэшмобы, правакацыі»).

«Гэта не дзіця, гэта дарослы чалавек, калі ён пачынае міжвольныя рухі ў дачыненьні той жа скульптуры, а потым выкладвае гэта ў інтэрнэт і пачынаюцца пэўныя нездаровыя камэнтары…» — стаў разважаць Мельчанка.

Журналіст спытаў, ці будуць праваахоўнікі прасіць прабачэньня перад дзяўчынай, бо суд накіраваў пратакол на дапрацоўку, не пакараўшы яе. Намесьнік міністра адказаў:

«Ну і што? Вось калі суд прыме рашэньне, калі ён палічыць, што мы павінны папрасіць прабачэньня, мы папросім».

За «абразу гарадавога» ўжо пакаралі мінімум 8 чалавек

Гісторыя скульптуры гарадавога цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых).

Актывістаў, якія праводзілі пэрформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.

У мінулым лістападзе за поўху «гарадавому» быў затрыманы падлетак Арсеній. Міліцыя публікавала відэа з выбачэньнямі хлопца за ягоны ўчынак. Справу за «дробнае хуліганства» ўрэшце спынілі. Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч пазьней прызнаўся, што выбачэньні на відэа былі ягонай ідэяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG