Без электрычнасьці ў Вэнэсуэле пачалі гінуць хворыя ў шпіталях

Ноч у вэнэсуэльскім горадзе-мільёньніку Баркісімэта
Ноч у вэнэсуэльскім горадзе-мільёньніку Баркісімэта

Кааліцыя арганізацый за права на здароўе і жыцьцё Codevida health rights group паведаміла, што 15 вэнэсуэльцаў зь цяжкімі хваробамі нырак памерлі, бо без электрычнасьці ім не маглі зрабіць працэдуру гемадыялізу.

Пра гэта 9 сакавіка заявіў кіраўнік супольнасьці Францыска Валенсія. Паводле яго, цяпер гемадыяліз патрэбны больш як 10 тысячам пацыентаў.

«У Вэнэсуэле ёсьць 129 пунктаў для дыялізу, якія абслугоўваюць 10 200 чалавек, адсутнасьць паслугаў па водазабесьпячэньні, электраэнэргіі і лекаваньня асуджае іх на сьмерць», напісаў ён у твітэры.

7 сакавіка спынілася галоўная гідраэлектрастанцыя Вэнэсуэлы. Бальшыня краіны застаецца ў цемры.

Некалькі ліній мэтро абясточаныя, парушаная праца тэлефоннай сувязі і інтэрнэту, ёсьць збоі ў працы міжнароднага аэрапорта Майкетыі. Адключэньне электрычнасьці закранула 22 з 23 штатаў.

Крытычная сытуацыя ў клініках, якія не забясьпечаныя ўласнымі электрагенэратарамі. У той жа час Марыя Эрнандэс дэль Кастыла, дэпутатка Нацыянальнай асамблеі ад штату Манагас, паведаміла, што сама меней 15 дзяцей памерлі 8 сакавіка ў шпіталі ў горадзе Матурын, які застаўся без электрычнасьці.

«З морга ў Матурын пэрсанал паведаміў нам, што сёньня памерла 15 дзяцей», — напісала яна ў Twitter.

Як паведаміў дэпутат Нацыянальнай асамблеі Хасэ Мануэль Аліварэс, усяго з 10 лістапада 2018 па 16 лютага 2019 году ў вэнэсуэльскіх шпіталях празь перабоі з электрычнасьцю памерлі 79 чалавек.

Нікаляс Мадура ў сваім твітэры назваў тое, што адбываецца «электрычнай вайной» і абвінаваціў у гэтым «амэрыканскі імпэрыялізм».

​
XS
SM
MD
LG