Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Мадура назваў прычыну маштабнага адключэньня электрычнасьці ў Вэнэсуэле


«Блэкаўт» у Вэнэсуэле, 7 сакавіка 2019 году
«Блэкаўт» у Вэнэсуэле, 7 сакавіка 2019 году

Міністар інфармацыі Вэнэсуэлы Хорхе Радрыгес заявіў у эфіры мясцовага тэлебачаньня, што прычынай самога маштабнага ў гісторыі краіны адключэньня электраэнэргіі (так званага «блэкаўту») стала кібэратака.

Паводле Радрыгеса, да кібэратакі могуць быць датычныя ЗША. Міністар заявіў, што ў бліжэйшыя дні перадасьць у міжнародныя арганізацыі доказы кібэратакі ЗША.

«Атака была накіраваная на аўтаматычную сыстэму кантролю ГЭС «Гуры», — сказаў міністар.

Радрыгес патлумачыў, што сыстэма кантралюе працэс вытворчасьці электраэнэргіі. Калі стала зразумела, што адбываецца кібэратака, і сыстэму спрабуюць кантраляваць хакеры, ГЭС з меркаваньняў бясьпекі спыніла працу. ГЭС «Гуры» вырабляе 80% электраэнэргіі, што спажываецца ў Вэнэсуэле.

Маштабнае адключэньне электрычнасьці ў Вэнэсуэле працягваецца другія суткі. У сталіцы краіны Каракасе і прылеглых штатах у пятніцу, 8 сакавіка, электразабесьпячэньне атрымалася аднавіць толькі на кароткі час. Некалькі ліній мэтро абясточаныя, парушаная праца тэлефоннай сувязі і інтэрнэту, ёсьць збоі ў працы міжнароднага аэрапорта Майкетыі. Адключэньне электрычнасьці закранула 22 з 23 штатаў.

Крытычная сытуацыя ў клініках, якія не забясьпечаныя ўласнымі электрагенэратарамі. У той жа час Марыя Эрнандэс дэль Кастыла, дэпутатка Нацыянальнай асамблеі ад штату Манагас, паведаміла, што сама меней 15 дзяцей памерлі 8 сакавіка ў шпіталі ў горадзе Матурын, які застаўся без электрычнасьці.

«З морга ў Матурын пэрсанал паведаміў нам, што сёньня памерла 15 дзяцей», — напісала яна ў Twitter.

Як паведаміў дэпутат Нацыянальнай асамблеі Хасэ Мануэль Аліварэс, усяго з 10 лістапада 2018 па 16 лютага 2019 году ў вэнэсуэльскіх шпіталях празь перабоі з электрычнасьцю памерлі 79 чалавек.

Нікаляс Мадура ў сваім твітэры назваў тое, што адбываецца «электрычнай вайной» і абвінаваціў у гэтым «амэрыканскі імпэрыялізм».

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG