Дывізійны генэрал Францыска Эстэбан Янсэнса Радрыгез, які займае пасаду дырэктара стратэгічнага плянаваньня ВПС Вэнэсуэлы, апублікаваў зварот да вайскоўцаў і народу Вэнэсуэлы. Ён абвясьціў, што прызнае Хуана Гуайдо часовым прэзыдэнтам краіны і заклікаў людзей выходзіць на вуліцы.
«Я прызнаю Хуана Гуайдо часовым прэзыдэнтам Баліварыянскай рэспублікі Вэнэсуэла. Дзевяноста адсоткаў узброеных сілаў не падтрымліваюць дыктатара і стаяць на баку народу», — сказаў генэрал.
Генэрал заклікаў іншых вайскоўцаў таксама далучацца да пратэстаў ці заставацца дома, але не падпарадкоўвацца загадам камандаваньня.
«[Зьвяртаючыся] да сваіх таварышаў па зброі, я заклікаю вас не адварочвацца ад народу Вэнэсуэлы. Спыніце прыгнятаць людзей! Калі вы баіцеся далучыцца да пратэстаў з прычыны незьлічоных пагрозаў, ахвярамі якіх сталі ўсё ў войску, лепш заставайцеся дома», — патлумачыў ён.
Праз некалькі гадзін пасьля публікацыі відэароліка ў інстаграме і твітэры ВПС Вэнэсуэлы зьявіліся публікацыі, у якіх генэрал абвешчаны здраднікам.
Заява генэрала была апублікаваная на фоне масавых пратэстаў у Вэнэсуэле. Як паведамляе газэта El Nacional, на цэнтральных вуліцах Каракаса праходзіць дэманстрацыя ў падтрымку Хуана Гуайдо, піша Настоящее время.