Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прызнаў Гуайдо законным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы


Хуан Гуайдо, Каракас, 25 студзеня 2019

Эўрапейскі парлямэнт прызнаў лідэра вэнэсуэльскай апазыцыі Хуана Гуайдо «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» рэспублікі. Раней краіны ЭЗ заяўлялі, што пойдуць на такі крок, калі ў Вэнэсуэле ня абвесьцяць датэрміновыя выбары. Прэзыдэнт Нікалас Мадура адхіліў ультыматум.

Прызнаньне Гуайдо часовым кіраўніком дзяржавы — да моманту правядзеньня ў краіне «свабодных і празрыстых выбараў» — падтрымалі 439 членаў Эўрапарлямэнту, супраць выказаліся 104, яшчэ 88 — устрымаліся. Дэпутаты таксама асудзілі рэпрэсіі і гвалт падчас пратэстаў у Каракасе, запатрабавалі спыніць парушэньні правоў чалавека і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Гуайдо раней падтрымалі многія краіны Захаду і Лацінскай Амэрыкі. ЗША ўвялі санкцыі супраць дзяржаўнай нафтавай кампаніі Вэнэсуэлы, каб пазбавіць атачэньне Мадура крыніц фінансаваньня. Акрамя гэтага, Вашынгтон прадставіў Гуайдо доступ да вэнэсуэльскіх актываў у амэрыканскіх банках.

Пасьля гэтага Генпракуратура Вэнэсуэлы пачала расьсьледаваньне супраць лідэра апазыцыі. У ведамстве лічаць, што Гуайдо справакаваў масавыя беспарадкі, ахвярамі якіх сталі дзесяткі чалавек. У рамках расьсьледаваньня самаабвешчанаму прэзыдэнту замарозілі рахункі і забаранілі выезд за мяжу.

25 студзеня кіраўнік Беларусі патэлефанаваў Нікаласу Мадура і заявіў, што Беларусь «суперажывае чарговаму вітку напружанасьці, які падсілкоўваецца дэструктыўнымі сіламі як усярэдзіне, так і за межамі краіны».

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захоўваюць ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй».
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG