Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сьцяг у Беларусі


Амэрыканскі сьцяг над Беларусьсю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:27 0:00

Калі амэрыканскі пасол вернецца ў Менск? Што могуць зрабіць ЗША для абароны незалежнасьці Беларусі? Ці адкрыла расейская прапаганда «беларускі фронт»? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, дырэктар рускай службы Свабоды Андрэй Шары і вядучая Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пацьвердзіў, што Беларусь вядзе перамовы з ЗША аб аднаўленьні ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці ў поўным аб’ёме. Юры, чаму гэтая прапанова прагучала менавіта цяпер? Наколькі гэта зьвязана з канфліктам Лукашэнкі з Расеяй, пра што ўжо пачалі казаць аналітыкі?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Юрый Дракахруст: Канечне, зьвязана. Але ў пэўным сэнсе гэта і выпадкова. Бакі пакрысе, паціху, асьцярожна збліжаліся даволі даўно. Фактычнае збліжэньне пачалося з 2014 году з вайны ва Ўкраіне. За гэты час у Вашынгтоне пабываў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка, у Менску пры канцы мінулага году быў памочнік Дзяржсакратара ЗША Ўэс Мітчэл. Ён сустракаўся з Лукашэнкам. Бакі да гэта ішлі, і гэта магло адбыцца ў любы момант.

Так, гэтая заява — гэта была і пэўная дэманстрацыя Маскве на яе інтэграцыйны наступ. І гэты наступ, як мы бачым, працягваецца. На гэтым тыдні выступіў намесьнік прэмʼер-міністра Расеі Антон Сілуанаў, Сяргей Лаўроў выступіў з тлумачэньнямі, што трэба нам усё ж абʼядноўвацца ў грашовай, падатковай і іншых сфэрах. Гэты ціск ідзе. А зь іншага боку Беларусь дэманструе, што ў прынцыпе Масква — не адзін сьвет у акенцы, ёсьць іншыя сілы. Акуратна, прыгожа, але ўсё ж дэманструе, што Беларусь у гэтым двубоі, у гэтай спрэчцы здавацца не зьбіраецца.

Ганна Соўсь: А якой рэакцыі Масквы можна чакаць на аднаўленьне ў поўным абʼёме дыпляматычных адносін паміж Менскам і Вашынгтонам, калі гэта адбудзецца? Расея пазалетась запатрабавала скарачэньня пэрсаналу амбасады ЗША ў Маскве, аднак там і дагэтуль працуюць сотні людзей. А Беларусь зьбіраецца вярнуць колькасьць дыпляматаў на ранейшы ўзровень: спачатку было 5, цяпер 7 чалавек, а да 2008 году было 35 чалавек. Ці можа прагучаць на расейскіх тэлеканалах «Амэрыка ў шмат разоў павялічвае штат сваёй амбасады ў Менску». Гэта ж амаль як танкі NATO пад Смаленскам. Дык што скажуць расейскія прапагандысты? І як адрэагуюць у Крамлі?

Андрэй Шары
Андрэй Шары

Андрэй Шары: Яна ўжо ёсьць, гэтая рэакцыя. І падаецца цяпер, што яна найперш тычыцца эканамічнай сфэры адносінаў паміж краінамі. Юра слушна зьвярнуў увагу на заяву Сяргея Лаўрова, які выказаў шкадаваньне і расчараваньне тым, што інтэграцыйныя мэханізмы разьвіваюцца дастаткова хутка, і няма магчымасьці зрабіць тое, што прадугледжваюць падпісаныя Менскам і Масквой дакумэнты. Калі я рыхтаваўся да дыскусіі, бачыў заяву расейскага амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча, які канкрэтна гаварыў пра тое, колькі Расея губляе праз тое, што Беларусь не выконвае свае абавязаньні і па падпісаным дакумэнтам, і, галоўнае, па барацьбе з кантрабандай і рээкспартам прадукцыі празь беларускую тэрыторыю. Зразумела, што гэта ўсім было вядома і да пэўнага час у на гэта закрывалі вочы.

Цяпер, падаецца, што асымэтрычная рэакцыя Крамля будзе як раз з эканамічнага пункту гледжаньня. Гэта значыць, што за палітычную свабоду думку і жаданьне разьвіваць адносіны з ЗША Лукашэнка можа расплачвацца грашыма. І зразумела, што гэтая пятля можа быць даволі адчувальная для менскага кіраўніцтва. І таму часткова з Юрам я бы не пагадзіўся ў тым, што ў Беларусі ёсьць вельмі моцныя карты ў гэтай гульні.

«Ціснуць нас і ціснуць...» Беларусы пра ЗША
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

Ганна Соўсь: Я бы дадала, што беларускі бок расплачваецца грашыма і да гэтых заяваў пра аднаўленьне дыпляматычных адносінаў у поўнай ступені. Дастаткова згадаць расейскі падатковы манэўр, які істотна адбываецца на беларускай эканоміцы.

Андрэй Шары: Гэта нам так здаецца, што падзеі разьвіваюцца менавіта ў такой пасьлядоўнасьці. Спачатку абвастрэньне адносінаў Расея-ЗША, потым шум, узьняты Крамлём з нагоды недастатковай ступені інтэграцыі дзьвюх суседніх краінаў, і потым рашэньне Менску аб аднаўленьні ці абнаўленьні статусу амбасады. Пасьлядоўнасьць магла бы быць зусім іншая.

Я не выключаю, што ў Крамлі маглі ведаць, што Дзярждэпартамэнт плянуе пашырыць сваю прысутнасьць у Менску і такім чынам, магчыма, гэтыя крокі былі прадпрынятыя Пуціным, Лаўровым і Мядзьведзевым ужо з разуменьнем, што ЗША будуць сваю прысутнасьць у Менску павялічваць.

Амбасада ЗША ў Менску
Амбасада ЗША ў Менску

Ганна Соўсь: У працяг нашай размовы згадаю адметны эпізод дыпляматычнай вайны, пра які калісьці распавяла колішняя Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс дырэктару беларускай Свабоды Аляксандру Лукашуку. Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ў 2008 годзе фактычна выслаў амбасадарку ЗША Карэн Стʼюарт, амэрыканскі часовы павераны ўжо ехаў у МЗС Беларусі, каб уручыць ноту аб закрыцьці амбасады і фактычным разрыве дыпляматычных адносінаў. Але Кандаліза Райс патэлефанавала паверанаму ў машыну і скасавала загад аб закрыцьці амбасады. Потым яна патлумачыла: «Я не хацела апусьціць амэрыканскі сьцяг у Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG